Навіны

165 гадоў з дня нараджэння Міхала Федароўскага

Міхал Федароўскі нарадзіўся ў Варшаве 1 верасня 1853 году. Ён быў якраз з тых асобаў, каго могуць шанаваць прадстаўнікі некалькіх народаў.

З малых гадоў Федароўскі выхоўваўся без бацькі, які як удзельнік паўстання 1863 году быў змушаны жыць у эміграцыі. Юнацкія гады Міхал правёў у Польшчы, дзе пачаў цікавіцца фальклорам і актыўна збіраць матэрыялы. Пад канец 1877 г. пераехаў у ваколіцы Пружанаў, у маёнтак Ліноўка Швыкоўскага, жонка якога была даўняй сяброўкай маці Федароўскага. У Беларусі ён пражыве ажно 27 гадоў.

У верасні-кастрычніку 1878 г. ён скончыў апісанне вясельнага абраду ў Ваўкавыскім павеце. Гэта цэлая манаграфія на 144 старонках рукапісу, якая паказала вяселле беларусаў ад пачатку да канца. Апісанне ілюструюць 208 песень. Федароўскі найперш вывучыў мову народа, даследаваў асаблівасці рэгіянальных гутарак, сам размаўляў па-беларуску і крытыкаваў сваіх калегаў Дзмітрыева і Шэйна за няўвагу да мовы беларусаў. Ён збіраў прадметы матэрыяльнай культуры (купляў у сялян па вёсках, на кірмашах, даставаў праз знаёмых) і рабіў запісы твораў культуры духоўнай.

У 1884-94 гг. Федароўскі арандаваў фальварак Косін у Ваўкавыскім павеце. Этнограф запісваў усё: паданні і казкі, вераванні і забабоны, жарты і показкі, прыказкі і загадкі… Галоўнай любоўю Федароўскага можна назваць песню. За першае дзесяцігоддзе працы на Беларусі ён запісаў некалькі тысяч тэкстаў народных песень. Увесь гэты час шукаў у памочнікі музыку, каб збіраць і мелодыі.

У 1891 г. рукапіс першага тому матэрыялаў быў гатовы. Аўтар назваў яго “Люд беларускі на Русі Літоўскай. Матэрыялы да славянскай этнаграфіі, сабраныя ў 1877-1891 гг. Міхалам Федароўскім. Т.I Вера, вераванні і забабоны люду ваколіц Ваўкавыска, Слоніма, Ліды і Саколкі”, выйшаў ён у 1897 г. Сюды ўвайшло 2835 запісаў пра вераванні беларусаў. Трапіў сюды таксама спіс 217 лекавых раслін з мясцовымі назвамі і назвамі на лаціне.

Другі том выйшаў у 1902 г. У ім надрукавана 410 казак, паданні пра мясцовасці. Трэці том выйшаў у 1903 г. У яго ўвайшлі гістарычныя і мясцовыя паданні, апавяданні з паўсядзённага жыцця і гумарыстычныя. Федароўскі дадаў сюды і матэрыялы з Слуцкага і Наваградскага паветаў. Чацвёрты том “Люду беларускага” выйшаў у 1935 г., ужо пасля смерці Федароўскага. Змешчаныя ў ім тосты і віншаванні, калямбуры і кленічы, загадкі і мянушкі, просьбы і жарцікі, прозвішчы і імёны сялян з розных паветаў. Потым было надрукавана яшчэ некалькі тамоў.

Асабістае жыццё Федароўскага склалася трагічна: неразуменне жонкі, збядненне, смерць ад хваробаў ажно траіх дзяцей. Калі ў 1904 годзе паводка заліла палі і сенажаці яго маёнтка Падоль, з-за стратаў этнограф пакінуў Беларусь, рэшту жыцця правёў у Варшаве. Пахаваны на Павонзкаўскіх могілках.

 

31.08.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты