Навіны

90 гадоў з дня нараджэння Расціслава Лапіцкага

У гісторыі ёсць асобы, якія павінны шанавацца ўсёй нацыяй, аднак здараецца, што яна мала каму вядомыя. Так зараз у Беларусі з імем Расціслава Лапіцкага, якога можна назваць Каліноўскім 20 стагоддзя.

Расціслаў Лапіцкі нарадзіўся 1 верасня 1928 года ў вёсцы Касута на Віленшчыне ў сям'і праваслаўнага святара. У час другой сусветнай вайны Лапіцкія апынуліся ў Кабыльніку на Мядзельшчыне. Тут у 1944 годзе хлопец і ўлучыўся ў патрыятычны рух, запачаткаваны ў гэтым рэгіёне навучэнцамі Віленскай беларускай гімназіі і духоўнай семінарыі. Пры арыштах іншадумцаў таксама быў зняволены – за перадрук і распаўсюд улётак. Як малалетак, ён атрымаў тры гады турмы, а старэйшы брат Алег – дзесяць.

Вярнуўшыся праз год па амністыі дахаты, юнак спачатку вучыўся ў Кабыльніку, а затым у Мядзельскай дзесяцігодцы. У Мядзелі Расціслаў Лапіцкі і разгарнуў працу па стварэнні новай нелегальнай арганізацыі. Актыўнымі яго памочнікамі сталі Факунда Несцяровіч з Юшкавічаў і Язэп Качарга з Качарог. Лапіцкі быў досыць радыкальны ў сваіх пазіцыях.   Увосень 1949 года аўдавелая маці перабралася з сынам да сваякоў у Смаргонь. На новым месцы Расціслаў зноў пачаў шукаць тых, каму неабыякавы лёс Бацькаўшчыны. Назбіралася паўтара дзесятка аднадумцаў. Лапіцкі – рослы, прыгожы, шчодра адораны здольнасцямі, з вострым розумам і палкім характарам – быў сапраўдным іх лідарам. Пачалі з улётак. У вёсачцы над Вяллёй уладкавалі невялікую друкарню і неўзабаве ў горадзе, нават на будынках райкама і міліцыі, забялелі расклееныя пракламацыі, і кожная скончвалася заклікам: “Смерць Сталіну!”.

Высачыць патрыётаў, не абазнаных у канспірацыі, было няцяжка. Дый сам Расціслаў не хаваў сваіх перакананняў, асабліва на школьных уроках. Пад канец года яго арыштавалі. Тыднёвы допыт не вырваў прызнання, і юнак часова быў выпушчаны з вязніцы. Паводле пастановы арганізацыі ён пакінуў Смаргонь і таемна вярнуўся на Мядзельшчыну. Але і там цяжка было знайсці надзейны прытулак. Мядзельскіх падпольшчыкаў ужо выдаў здраднік, і чуткі пра арышты шырока разышліся па раёне. У Кабыльніку знясілены і хворы Расціслаў зноў быў схоплены эмгэбістамі. Гэтым жа часам ужо ішлі масавыя арышты і ў Смаргоні.

На допытах юнакоў і дзяўчат катавалі бязлітасна, пра гэта пакінулі сведчанні тыя, хто вярнуўся жывым з канцлагераў. 15 чэрвеня 1950 года ў Маладэчне адбыўся суд над патрыётамі - пераважна вучнямі 7-10 класаў Смаргонскай і Мядзельскай школ, некаторымі навучэнцамі з Менску. Іх звінавацілі не толькі ў “вражеской пропаганде”, але і ў здзяйсненні тэрарыстычных актаў. Сведчанні Расціслава Лапіцкага на судзе былі прамовамі-абвінавачаннямі рэжыму. Ён гаварыў, як бальшавікі выгналі яго сям’ю зімою з хаты, як яны зневажаюць за веру ў Бога, закрываюць цэрквы і касцёлы, як прыніжаюць беларускую мову, як душаць людзей вялізнымі падаткамі, даводзячы да самагубства.

Бальшыня моладзі была засуджаная да 25 гадоў лагеру. Лапіцкага ж і Несцяровіча як кіраўнікоў арганізацыі прысудзілі да расстрэлу. Расціслаў адмовіўся прасіць памілавання…

Не так даўно пра Лапіцкага выйшла кніжачка і зняты дакументальны фільм. Прыйдзе час і агульнанацыянальнага ўшанавання.

31.08.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты