Навіны

Работнікі тэатраў хутка стануць жабракамі

Згодна інфармацыі Белстата ў ліпені сярэдні заробак у Беларусі склаў 973 рублі. Гэта трохмесяцавы заробак работнікаў нашых тэатраў: ад прыбіральшчыцы да майстра сцэны. Некалькі дзён беларускія СМІ пішуць, што з 1 верасня падвышэнне акладаў правізараў, фармацэўтаў, фізікаў, хімікаў, біёлагаў складзе ад 40% да 100%. Але за 25 апошніх гадоў я ніводнага разу не чуў і не чытаў, што з 1 верасня ці з 1 студзеня работнікам нашых дзяржаўных тэатраў заробак будзе павялічаны, напрыклад, на 10 ці 20 працэнтаў, на 50 ці 100 працэнтаў. Такі кашмар з павелічэннем заробку работнікам тэатраў нават у самым страшным ці ў самым каляровым і шчаслівым снах прысніцца не можа ніводнаму артысту ці загадчыку нейкага тэатральнага аддзела. А сённяшнім вялікім і маленькім дзяржаўным чыноўнікам работнікі мастацтва, наогул, ніколі не сняцца і сніцца магчыма не будуць. І, сапраўды, хто такія тэатралы? Гультаі, балбатуны, пляткары, махляры і г.д. Навошта ім заробак? Яны пражывуць за свае 120-250 даляраў, усё роўна нічога не робяць. Што гэта ў іх за праца: бегай па сцэне, скачы на сцэне, хіхікай, галёкай… І ўсё. Ці ж гэта праца?.. Навошта гэтым няшчасным дзяржаўным 28 тэатрам Беларусі даваць грошы і заробак. Хопіць ім і тое, што яны маюць…  

Самымі пакрыўджанымі на сённяшні дзень у Беларусі з’яўляюцца работнікі мастацтва. Некаторыя ўжо сталі жабракамі. І гэта даволі сур’ёзна. Іншыя, каб выжыць, працуюць на трох-пяці работах, і дамоў вяртаюцца штодня позна вечарам ледзьве прыцягваючы ногі, каб упасці на ложак, бо заўтра з раніцы зноў па раскладзе трэба бегчы на розныя працы. Паўстае пытанне: якое ад гэтых тэатралаў можна патрабаваць сцэнічнае майстэрства, калі тыя артысты, якія на сцэне, думаюць, як бы сёння не спазніцца і на іншы падзаробак?.. Бо таго, што яны зарабляюць у сваіх тэатрах, хапае толькі каб пражыць ці праіснаваць тыдзень, не болей. А да кожнага дзяржаўнага тэатра яшчэ даведзены фінансавыя планы, планы па гледачах, па гастролях і іншыя. А тэатр, як казаў некалі Аляксандр Герцэн, вышэйшая інстанцыя для вырашэння жыццёвых пытанняў. Але ўлада сёння не хоча, каб наш беларускі тэатр з’яўляўся вышэйшай інстанцыяй. І каб ён, па словах Кафкі, мог уздзейнічаць на жыццё. А каб тэатр мог уздзейнічаць на наша жыццё, ён павінен быць моцным, інтэнсіўным за наша паўсядзённае жыццё. Не, такім наш тэатр ніхто з вялікіх чыноўнікаў бачыць не жадае. І міністэрства культуры маўчыць пра заробак ужо шмат гадоў і нават не дыхае на гэты конт. Таму і тэатры нашы сёння таксама ледзьве дыхаюць, асабліва тыя, якія існуюць у іншых гарадах Беларусі. Скажыце, што, напрыклад, зменіцца, калі заўтра ў Бабруйску, Пінску, Мазыры, Слоніме, Маладэчне закрыюць тэатры? Ды нічога, нават і не заўважаць, што з мапы Беларусі зніклі гэтыя тэатры, а мясцовыя вертыкальшчыкі ўздыхнуць з палёгкай, што зэканомяць грошы.

Ад усяго гэтага сумна, сябры, вельмі сумна. Хоць беларуская зямля заўсёды была тэатральнай. І нават, калі нас тапталі чужынцы і мы былі беднымі, тэатр заўсёды жыў, а акцёры былі шчаслівымі. А сёння – інакш.

Сяргей Чыгрын    

02.09.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты