Навіны

“З маіх слоў запісана правільна. Мной прачытана”

   “Каля сямі гадзін мы падышлі да чырвонага касцёлу, дзе ўбачылі журналістаў, людзей з партрэтамі палітвязняў і знічкамі. За ўсім гэтым сачылі супрацоўнікі спецыяльных службаў. Нас было трое. Усе непаўнагадовыя. Мне і яшчэ аднаму хлопцу па 15 год і нашаму сябру 16. Калі мы падышлі да людзей, што стаялі ля касцёлу і запалілі знічы, нас адразу пачалі фатаграфаваць. Праз 20 хвілін падышлі супрацоўнікі ў цывільным, схапілі пад рукі мяне і хлопцаў, і без прад’яўлення пасведчання павалаклі ў мікрааўтобус без дзяржаўных нумароў.

   Там нас чакалі міліцыянт у форме і некалькі чалавек у цывільным. Адзін з іх спытаў: “Ну што, хлопцы, вы матам лаяліся, петарды ўзрывалі ці курылі ў грамадскім месцы?”. Было ўжо тады зразумела, што вінаваціць нас будуць па “традыцыйных” артыкулах. Мы былі першымі затрыманымі. Мы адразу папярэдзілі, што з’яўляемся непаўнагадовымі і маем права патэлефанаваць бацькам, на што пачулі: “Заткніцеся і сядзіце ціха, каб не было горш”. Першае, што яны зрабілі, гэта забралі ў нас тэлефоны і выключылі іх. На пытанне куды нас павязуць, быў адказ: -“Убачыш”.

   Рассадзілі нас па розных кутах, каб не перамаўляліся. Я спрабаваў адчыніць завеску на акне, але ж быў спынены “цывільным”, які ўскочыў і крыкам забараніў мне гэта рабіць. Але ў вакно было бачна як “невядомыя” збіваюць і распіхваюць па мікрааўтобусах людзей. Праз некалькі хвілін наш мікрааўтобус быў поўны “злоснымі парушальнікамі грамадскага парадку”. Такімі, як і мы. Нас павезлі ў Маскоўскі РАУС. Мы патрапілі туды ў 19:40. Такім чынам, пасля затрымання прайшло ўжо сорак хвілін без званка бацькам. Трапілі мы ў залю, дзе было ўжо ўсё падрыхтавана для нашага “прыёму”: сядзелі міліцыянты з лістамі, на якіх было напісана: “Список задержанных 19 декабря 2011”, куды нас адразу і ўпісалі. Запісвалі ініцыялы, дату і месца нараджэння, месца жыхарства і вучобы. Размаўлялі мы з імі па-беларуску, але запісвалі яны ўсе па-расейску. Нашы неаднаразовыя сцверджанні пра тое, што мы непаўнагадовыя міліцыянтаў не хвалявалі. Пасля перапісу затрыманых, нас сфатаграфавалі і ўзялі адбіткі пальцаў. Сфатаграфаваўшы з усіх ракурсаў, яны таксама прымусілі мяне адзець каптур, зрабілі фота ў ім. Адбіткі даваць мы адмаўляліся і казалі, што яны не маюць права гэтага рабіць без прысутнасці бацькоў. На гэта яны адказалі, што калі адбіткі мы не здамо, нас бацькам не вернуць і пакінуць на 15 сутак.

   У час фатаграфавання і зняцця адбіткаў мы жартавалі і такім чынам падтрымлівалі адзін аднаго. Міліцыянты злаваліся, бо бачылі наш настрой і тое, што мы іх не баімся. Пагражалі пакінуць на “суткі”.

   Толькі пасля правядзення ўсіх гэтых працэдур, міліцыянты патэлефанавалі бацькам. Прыйшлі матулі двух хлопцаў, мае бацькі знаходзіліся за мяжой. Нас павялі на складанне пратаколу і допыт, вярнулі рэчы. У нас пыталі: “Што рабілі ля касцёлу?”. Мы  адказалі, што мы вернікі і прыйшлі памаліцца, хто нас затрымаў і чаму, не ведаем. Але ж у пратаколе яны ўсё роўна напісалі сваё: “Выкрыквалі лозунгі “Жыве Беларусь!” і “Свабоду палітвязням!”, актыўна ўдзельнічалі ў масавым мерапрыемстве, лаяліся матам, парушалі грамадскі парадак. Бацькі хлопцаў пад пратаколам напісалі “з пратаколам азнаёмлены, але з яго зместам не згодныя”.

   Увесь гэты час вырашаўся мой лёс. Паколькі маіх бацькоў не было, міліцыянтамі было вырашана адправіць мяне у СІЗА на Акрэсціна. Хлопцаў з бацькамі адпусцілі а 10-ай вечара. Я застаўся ў РАУСе ў пакоі з васьмю міліцыянтамі. Мне не дазвалялі тэлефанаваць бацькам. Працягвалі дапытваць без іх прысутнасці. У мяне зноў забралі тэлефон, але я паспеў яго выключыць. Міліцыянт патрабаваў пін-код, але я яму адмовіў. Ён пачаў мяне абражаць, пагражаць і лаяцца матам, казаў: “Дай пин-код, б..дь, а то пожалеешь. Раньше вёл себя нормально, а теперь ведёшь себя как баран, б..дь”. Падышоў да мяне блізка і спытаў яшчэ раз. Ды сказаў, што заблакуе мне тэлефон. Я зноў адмовіў яму. Але за мяне заступіўся другі міліцыянт і спытаў у таго, навошта яму гэта трэба. Той адказаў, што быццам бы я адпраўляў смс на “палітычныя сайты”. Што такое ўвогуле “палітычныя сайты” і якія смс туды можна адсылаць я не зразумеў канешне. Пасля гэтага, ўсім аддзелам яны палезлі ў інтэрнэт на сайты “Хартыі” і “Свабоды”, дзе знайшлі наша з хлопцамі фота перад чырвоным касцёлам з лампадкамі. Кіраўнік аддзелу пачаў лаяцца матам на мяне: “Да вы вообще ох…ли, вы что о себе думаете, чего вы добиваетесь? Пускай ты, б..дь, еще раз мне попадёшься …” – з чаго было ясна, што калі я яшчэ раз яму траплюся, то ён мяне адправіць у калонію і зробіць усе, каб маіх бацькоў пазбавілі бацькоўскіх правоў. Пасыпаліся абразы ў мой бок і пытанні кшталту “Клькі вам за гэта БНФ заплаціў”. Калі я ўказаў на тое, што ў пратаколе запісаны памылковы час затрымання 19:30, а затрымалі нас прыкладна ў 19:00, то да мяне адразу падышлі і сказалі “Закрой свое еб...о!”. Папярэдзілі, што да бацькоў я магу вярнуцца ў зусім іншым стане. Адзін з іх казаў, што АМАПаўцы, якія пісалі рапарт пра маё затрыманне, пацвердзяць, што затрымалі мяне ў 19:30, а не ў 19:00. Як і тое, што я лаяўся матам і выкрыкваў лозунгі. І нікога не хвалюе, што гэта няпраўда.

   Тады я спытаў: “Каго вы абараняеце і каму служыце, ці не павінна міліцыя абараняць закон і служыць народу?”. На што ён адказаў: “Я абараняю закон, а ты – парушальнік закону”. Я спрабаваў даказаць, што закон у нашай краіне пішацца адным чалавекам і што  міліцыя павінна быць з народам. А міліцыянт прывёў прыклад: “Калі Лукашэнка выдасць закон, што нельга хадзіць па горадзе ў белых шапках, то я буду вымушаны гэты закон абараняць і караць тых, хто ходзіць у белых шапках, бо гэта мая праца. І я лічу гэта правільным. Не можа будаўнік класці цэглу па-свойму, ён робіць гэта так, як яму кажуць”.

   Было ўжо 23:30. Хацелася спаць. Мяне працягвалі дапытваць. У нейкі час, адказваючы на пытанне, я замарудзіў, бо не ведаў, што адказаць. Ды і цяжка ўжо было. Адразу ж я адчуў гвалт міліцыянта, які мяне дапытваў: “Чего мычишь б..дь?!”. Усе іх пытанні, дзеянні і маўленне суправаджаліся матамі.

   Яшчэ ў РАУСе мяне прымусілі зняць шнуркі з красоўкаў, каптур, рэмень, нацельны крыж. Пакінуць крыжык мне яны неаднаразова адмаўлялі. Прымусілі падпісаць пратакол, нягледзячы на тое, што бацькоў яшчэ не было. Пасля двух гадзін здзекаў і допыту, у 12 гадзін ночы мяне адвезлі на Акрэсціна ў суправаджэнні трох міліцыянтаў, дзе дапытвалі яшчэ да двух ночы. Абшукалі паўторна і зноў забралі рэчы. У мяне спрабавалі даведацца навошта мне было патрэбна ісці на гэту акцыю. Выпытвалі мае палітычныя погляды і тое, што мне не падабаецца ў сучаснай Беларусі. Склалі яшчэ адзін пратакол. І пасля адвялі ў камеру.

   Прачнуўся я ад песні “Give me Freedom”, што было вельмі сімвалічна. Раніцай мяне зноў сфатаграфавалі і знялі адбіткі, патлумачылі тым, што на Акрэсціна свая база дадзеных і яна не агульная з МУСаўскай, таму ім патрэбны мае “пальчыкі”. У 11 гадзін прыехалі бацькі і падпісалі пратаколы. З зместам яны згодныя не былі. Бацькам распавялі, хто тэлефанаваў мне дадому напярэдадні акцыі і папярэджваў не ісці на яе – супрацоўнікі спецслужбаў. Мяне і хлопцаў чакае суд і камісія па справах непаўнагадовых. Бацьку звольнілі з працы…”.

 

На гэты раз запісана ўсё правільна. Бо пратакол складалі не супрацоўнікі сілавых ведамстваў. А проста, з словаў унука, запісаў яго дзед Лявон Карповіч

31.12.2011

праваабарончыя сайты