Навіны

125 гадоў з дня нараджэння Юзюка Фарботкі

Беларускі паэт, літаратуразнавец, перакладчык, фатограф удзельнік грамадска-палітычнага руху Беларусі пачатку ХХ стагоддзя Юзюк Фарботка нарадзіўся 5 верасня 1893 года ў мястэчку Налібакі (сучасны Стаўпецкі раён). Паходзіў з сям’і Аўгустына і Ганны з Вярыгаў. Меў трох братоў: Антона, Яна, Пятра і пяць сясцёр: Мар’ю, Юзэфу, Ганну, Стэфанію і Зоф’ю. У 1914 годзе скончыў Мінскую класічную гімназію, да 1918 года вучыўся ў Кіеўскім універсітэце на фізіка-матэматычным факультэце. У гады першай сусветнай вайны на фронце загінуў яго родны брат.

У 1916 годзе ўдзельнічаў у працы клуба “Беларуская хатка”. У 1918-20 гадах – актыўны ўдзельнік беларускага палітычнага і культурніцкага руху ва Ўкраіне і ў Мінску. У гэты час удзельнічаў у дыпламатычнай місіі БНР, якая вяла перамовы з Украінскай Народнай Рэспублікай у Кіеве. Перапісваўся і сустракаўся з беларускімі дзеячамі – Ядвігіным Ш, Зоськай Верас, Алесем Бурбісам, Змітраком Бядулем, Альбертам Паўловічам. У 1919 годзе працаваў акторам у “Беларускім савецкім тэатры”. Супрацоўнік літаратурна-асветніцкага аддзела Наркампраса Літоўска-Беларускай ССР – у Мінску і Бабруйску. У 1920 годзе адміністратар Беларускага тэатра ў Мінску. У 1920-24 гадах вучыўся ў Віленскім універсітэце, пасля працаваў там выкладчыкам заалогіі.

Першыя вершы Фарботка надрукаваў у “Нашай Ніве” у 1912 годзе – “Зацьменне” і “Зруйнаваў”. Наступныя публікаваліся ў іншых беларускіх выданнях: “Лучынка”, “Беларусь”, “Вольная Беларусь”, “Сьветач”, “Беларускі Шлях”, “Белорусское Эхо”, “Школа і Культура Савецкай Беларусі”. У 1920 г. у Менску выйшла друкам яго кніга “Беларусь у песьнях”. Пераклаў урывак з “Пана Тадэвуша” Міцкевіча на беларускую мову. У 1922 пра Фарботку згадвае Яўхім Карскі ў трэцім томе “Беларусаў”. У сваёй творчасці Фарботка арыентаваўся на Максіма Багдановіча, з якім, па некаторых ускосных звестках, быў асабіста знаёмы. У 1918 годзе на смерць Багдановіча Фарботка адгукнуўся эмацыйным вершам-санетам “Памяці Максіма Багдановіча”. Выступаў у перыядычным друку з матэрыяламі пра ўнармаванне беларускага правапісу. У літаратурна-крытычным артыкуле “Згукі сусветнай вайны 1914-1918 гадоў у беларускай паэзіі” падкрэсліў антываенны характар многіх твораў айчыннага вершаскладання.

Фарботка займаўся мастацкай фатаграфіяй і дзеіў у вядомым “Віленскім фотаклубе” Яна Булгака. Быў жанаты на дачцэ Альберта Паўловіча – Уладзіславе. У 1932 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. Працаваў таксама ў Ваяводскай управе ў Вільні ў сельскагаспадарчым аддзяленні.

Пасля вайны арыштаваны і высланы ў Данбас. У канцы 1945 года пасяліўся ў Лодзі. Пра польскі перыяд жыцця Фарботкі доўгі час было вядома вельмі мала. Гэтыя прабелы біяграфіі адшукала гісторык Лена Глагоўская, якая знайшла нямала цікавых фактаў з пасляваеннага жыцця Фарботкі ў Польшчы. Ён быў апантаны аматар мастацкай фатаграфіі. Быў адным з заснавальнікаў згаданага вышэй Віленскага фотаклуба. У хроніцы фотаклуба запісаўся як яго скарбнік, удзельнік шматлікіх агульнапольскіх і міжнародных фатаграфічных выставак і конкурсаў. Скарбнікам быў праўдападобна да 1938 г., калі заступіў яго на гэтай пасадзе Вайцех Буйко. У 1938 г. у конкурсе “Прыгажосць Вільні і Віленшчыны” („Piękno Wilna i Wileńszczyzny”) атрымаў узнагароду.

Памёр Юзюк Фарботка 8 чэрвеня 1956 года ў Лодзі. У 1993 годзе ў родных Налібаках у яго гонар адчынены памятны камень з шыльдай.

04.09.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты