Навіны

Саляніка яшчэ раз аштрафавалі

Суды над Мікалаем Салянікам не канчаюцца. Гэтым разам ужо Ленінскі раённы суд Гародні (суддзя Пятрова Алена Аляксандраўна) разгледзеў справу аб адміністратыўным правапарушэнні, прадугледжаную арт. 17.1. КоАП Рэспублікі Беларусь у дачыненні да кіраўніка Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Мікалая Саляніка. Мікалай Салянік так патлумачыў сітуацыю:

– Як мяне затрымалі за спробу правесці флэшмоб у паласатай робе, мне стала кепска, і паколькі я інвалід другой групы, сардэчнік, мяне даставілі ў шпіталь. А там у мяне скралі маю паласатую робу, падрыхтаваную да флэшмоба. Я абурыўся і патрабаваў яе вярнуць, і казаў што там у мяне вялікая сума грошаў. Я ўпэўнены, што вопратку забрала міліцыя. Нібыта міліцыя па факту крадзяжу нават адчыніла справу. Але чамусьці ў Ленінскім раённым судзе сталі судзіць мяне за тое, што я як патрабаваў вярнуць мне мае рэчы нібыта мацюкаўся. Але я ўвогуле не мацюкаюся і тады не сказаў аніводнага нецэнзурнага слова. Тым не менш мяне аштрафавалі на 122,5 рублей. Гэта не проста ганебна, гэта ўжо гаворыць пра непрыстойнасць усёй сістэмы.

Нагадаем, што Мікалай Салянік ужо асуджаны за той выпадак, і яго абвінавацілі ў непадпарадкаванні міліцыі і правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемстве ў інтэрнеце. Тады Суддзя Кастрычніцкага суда Гародні Гергель Таццяна Уладзіміраўна не стала разглядаць фота і фідэаматэрыялы затрымання Мікалая Саляніка невядомымі людзьмі ў цывільным. Гэтыя фота і відэаматэрыялы хацелі прадставіць суду журналісты і сведкі таго інцыдэнта для ўстанаўлення ісціны. Але яны так і не былі разгледжаныя судом. Відэаматэрыялы ж міліцыі некуды прапалі. Не захаваліся да суда.
Суд у сваім рашэнні кіраваўся сведчаннямі міліцыянтаў. Сведкі з боку абвінавачваемага расказвалі зусім іншую гісторыю затрымання, чым міліцыянты. Аднак іх сведчанні, якія яны хацелі падмацаваць фота і відэаматэрыялямі, не аказалі ўплыву на судовае рашэнне.
Мікалая Саляніка, кіраўніка Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП прызналі вінаватым у тым, што ён арганізаваў пікет у інтэрнеце і аказваў міліцыі непадпарадкаванне пры затрыманні ажно ў двух месцах гораду. У выніку яго аштрафавалі на 25 базавых велічынь.

Грамадска-палітычныя актывісты ў знак пратэсту супраць такога вядзення суда, які быў над Мікалаем Салянікам, выйшлі з залі.

Мікалая Саляніка разам з іншым актывістам АГП Аляксандрам Лаўрэнцьевым 3 ліпеня бягучага году гвалтоўна і брутальна затрымалі людзі ў цывільным каля дома, дзе жыве Лаўрэнцьеў. Актывісты хацелі ў паласатых турэмных робах зладзіць флэш-моб і паказаць як парушаюцца грамадзянскія канстытуцыйныя правы ў Беларусі. 
Мікалай Салянік мае інваліднасць другой групы, у яго хворае сэрца. Неўзабаве пасля гвалтоўнага затрымання ён быў дастаўлены ў шпіталь. Праз дзень актывіст дакументальна зафіксаваў збіццё супрацоўнікамі сілавых структур. Пасля гэтага разгляд адміністрацыйнай справы быў адкладзены.

Тое рашэнне суда Мікалай салянкі ужо абскардзіў у Гарадзенскім абласным судзе. Разгляд справы адбудзецца 13-га верасня.

Гэтае рашэнне таксама будзе абскарджанае.

06.09.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты