Навіны

Няма таго…

Кожны з нас з гадамі абавязкова хоча некуды вярнуцца. Нехта ў сваю маладосць, нехта нават у дзяцінства, калі больш рэалістычна – у родныя мясціны, у тыя гарады, вёскі ці мястэчкі, дзе душу павінны сагрэць цёплыя і сентыментальныя ўспаміны пры былыя вандроўкі, прыгоды, каханне, сяброў маленства.

Але, як сказаў класік, няма таго, што раньш было. Нікому яшчэ не ўдавалася “скінуць” з свайго веку хоць бы пару гадоў, не тое што дзесяцігоддзе ці два. Жыццё не стаіць на месцы, навукова-тэхнічны прагрэс сямімільнымі крокамі апярэджвае тых, хто ўжо не можа ніяк паспець за новымі тэхналогіямі і “наваротамі”, як кажа моладзь. Тое, што яшчэ ўчора здавалася нам нейкай фантастыкай і неверагоднасцю, сёння ўжо безнадзейна састарэла, а бальшыня той тэхнікі ўжо пайшла на металалом і ў сметніцу. Сённяшнім дзецям, прыкладам, ужо цяжка растлумачыць, што такое кампутарная дыскета ці пэйджар. Адышлі ў нябыт бабінныя, касетныя і відэамагнітафоны, грувасткія калонкі для ўзмацнення гуку і агромністыя цяжэнныя “тоўстыя” тэлевізары. Адыходзіць і спыняецца вытворчасць кнопкавых тэлефонаў, якія застаюцца яшчэ толькі ў людзей пенсійнага і сталага веку. З усяго старога вяртаецца толькі пэўная папулярнасць вінілавых пласцінак – але гэта хутчэй як рэтра – для эстэтаў і калекцыянераў. Ну хоць нешта з старых калекцый можна пакінуць.

Імкліва мяняецца, мадэрнізуецца і аблічча нашага сумежжа – пачынаючы ад граніц, якія ніяк не спрашчаюцца, а хутчэй ускладняюцца, заканчваючы вуліцамі гарадоў. Узяць хоць бы ранейшую Юравецкую вуліцу ў Беластоку і яе, яшчэ зусім нядаўна знакаміты аднайменны рынак. Юравецкі рынак меў не толькі свой непаўторны гандлёвы каларыт і эстэтыку зносін пакупнікоў з прадаўцамі, гэта яшчэ быў сапраўдны транзітны мост паміж Беластокам і Гроднам. Можна прыгадаць як адсюль у горад над Нёманам можна было ад’ехаць у кожны час дня і ночы. Называлася гэта “ехаць на падсадку”. Але ўжо і следу няма ад таго Юравецкага рынку, а яго месца займаюць сучасныя агромністыя гмахі. Многа чаго памянялася і ў Гродне за гэты час – у горадзе шмат што перабудавалася, упарадкавалася, нешта пахарашэла, але нешта незваротна і знікла. Асабліва паменела разгалінаваных дрэваў – у некаторых месцах іх павыціналі зусім, а ў іншых замянялі на новыя, нейкія чужародныя куртатыя прысады. Беласток ці Брэст у гэтым сэнсе куды больш зялёныя. Яшчэ адно адрозненне Беластоку – у ім куды больш дробнага гандлю – на вуліцах гораду можна купіць смачныя хлеб з дробных пякарняў, разнастайныя шынкі, каўбасы і іншыя мясныя прысмакі з прыватнай сельскай гаспадаркі. У горадзе над Нёманам такога няма, увесь гандаль тут канцэнтруецца ў дзяржаўных крамах і гандлёвых сеткавых монстрах-супермаркетах.

Найбольш кансерватыўнай на нашай транспамежнай прасторы застаецца, хіба, Вільня. Там на старых вуліцах і крывых завулках час нібыта застыў. І ідзеш па якой-небудзь Завальнай, як сто і больш гадоў таму хадзілі Іван Луцкевіч, Максім Багдановіч, Якуб Колас ды іншыя знакамітыя беларусы. Толькі што назвы вуліц іншыя, на чужой мове, многія змененыя да непазнавальнасці. Але ў пэўным сэнсе Вільня і здзіўляе, маю на ўвазе неразвітасць прывакзальнага сэрвісу ў розных сферах. Нібыта такая свабода для малога прыватнага бізнесу, а асаблівай прадпрымальнасці не заўважаецца. Ад гарадоў на тэрыторыі Польшчы і нават Беларусі сённяшняя сталіца Літвы адрозніваецца ў гэтым сэнсе ў горшы бок. Затое захоўвае гістарычны дух даўніны, так мілы настальгічнаму сэрцу.

Няма ранейшага і ў мясцінах нашага дзяцінства-юнацтва. Нішто не стаіць на месцы – няма найперш многіх людзей, якіх вы ведалі, з многімі шмат размаўлялі, некаторых любілі. Няма таго аблічча нашых вёсак і мястэчак, няма многіх дамоў, старых паркаў і садоў, нават некаторых вуліц. Такая няўмольная логіка жыцця – усё цячэ, усё мяняецца…

Уладзімір Хільмановіч 

06.09.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты