Навіны

125 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Ляўданскага

Беларускі навуковец, археолаг Аляксандр Ляўданскі нарадзіўся 10 верасня 1893 года ў вёсцы Юр’ева Барысаўскага павета (цяпер Смалявіцкі раён Мінскай вобласці). Скончыў у 1922 годзе Смаленскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытуту. У 1922-1925 гадах Ляўданскі вучыўся ў Смаленскім універсітэце, з 1925 года стаў яго выкладчыкам. Паралельна быў супрацоўнікам Смаленскага музея.

З 1927 года Аляксандр Ляўданскі працаваў у Мінску, быў сябрам гісторыка-археалагічнай камісіі Інстытуту беларускай культуры. Загадваў секцыяй археалогіі  Інстытута гісторыі Беларускай Акадэміі Навук. Адначасна працаваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце на пасадзе дацэнта. У 1934 годзе атрымаў ступень кандыдата навук.

Аляксандр Ляўданскі – арганізатар першых навукова-археалагічных экспедыцый у БССР. Яго лічаць адным з “бацькоў беларускай археалогіі”. Разам з Аляксандрам Каваленем і Сяргеем Дубінскім ён ёсць адным з аўтараў трохтомнага выдання “Працаў” – навуковага зборніка Інбелкульта па археалогіі. Падрыхтаваны гэтымі навукоўцамі чацвёрты том “Працаў” не пабачыў свет, ён быў знішчаны органамі НКВД яшчэ ў наборы.

Ляўданскі як навуковец-археолаг зрабіў класіфікацыю гарадзішчаў жалезнага веку, вызначыў іх культурна-археалагічную прыналежнасць і арэалы, акрэсліў асноўныя рысы матэрыяльнай культуры, гаспадаркі і патрыярхальна-родавага ладу плямён, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў жалезным веку. Помнікі эпохі жалеза ў Беларусі разглядаў як стадыяльнае развіццё насельніцтва, якое пакінула гарадзішчы. Першы выказаў думку, што гарадзішчы культуры штрыхаванай керамікі ў Цэнтральнай Беларусі належалі балцкім плямёнам. Даў першую і найбольш поўную гістарычную тапаграфію старажытнага Полацку, вывучаў яго помнікі – Полацкі Сафійскі сабор, Бельчыцкі Барыса-Глебскі манастыр (гэты помнік архітэктуры ў старажытным Полацку пацярпеў у першую сусветную вайну і канчаткова быў зруйнаваны бальшавікамі). Разам з калегам Васілём Тарасенкам даследаваў у 1928-30 гадах Пелагееўскае гарадзішча ў Магілёве. Вывучаў таксама іншыя гарады Беларусі – Віцебск, Заслаўе, Воршу, Барысаў. Даследаваў курганы ў Мінскім, Полацкім і Аршанскім рэгіёнах.

Як і пераважная бальшыня тагачасных беларускіх навукоўцаў Аляксандр Ляўданскі трапіў пад сталінскія рэпрэсіі. Усё пачыналася з даносаў зайздроснікаў, якія выступілі супраць “балцкай тэорыі”, якую навуковец тарнаваў да штрыхаванай керамікі. Ляўданскага арыштавалі 19 траўня 1937 года, паводле пастановы НКВД ад 25 жніўня прыгаварылі да расстрэлу. 28 жніўня 1937 года Ляўданскага расстралялі ў Мінску. Месца яго пахавання невядомае, “чырвоныя каты” доўга хавалі і месцы масавых расстрэлаў і тыя ўчасткі, дзе закопвалі ахвяраў бязлітаснай і крывавай савецкай сістэмы. Забойствы энкавэдэшнікамі Ляўданскага, Кавалені, Дубінскага, сыход у нябыт іншых даследчыкаў азначалі амаль поўнае вынішчэнне беларускай археалагічнай навукі. Страты павялічыліся вайной.

Рэабілітаваны Ляўданскі быў толькі 7 траўня 1958 года. У Курапатах пад Менскам зараз стаіць вялікі дубовы крыж – знак памяці сучаснага пакалення археолагаў пра нявінна забітых калег, якія закладалі падмурак акадэмічнай археалогіі.

10.09.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты