Навіны

Падарожныя восеньскія замалёўкі

У Менск з Гародні мы выехалі рана. І хоць трыста кіламетраў для еўрапейскай машыны не адлегласць, лепш усё ж стартануць раней, бо па самым Менску можна страціць больш часу, чым дабіраючыся да яго. Бо там марафон нейкі, спартовыя спаборніцтвы, увесь горад перакрыты і міліцыі шмат. І аўтазакі ўжо не хаваюцца па завуголлях, а стаяць там, дзе ім у нас і належыць стаяць, прама на вуліцах, і вельмі гарманічна ўпісваюцца ў агульны фон у краіне.

Таму да канкрэтнага адрасу хутчэй даедзеш на метро, чым на ўласным транспарце. Можна і пешшу канешне. Ці на роліках. Ці разам з спартоўцамі прабегчыся, чаго ніхто не забараняе, Іх, як кажуць, бегла больш трыццаці тысяч. Спартовая ў нас сталіца.

Нічога не зробіш, у сталіцы 8-га і 9-га верасня свята гораду. 951 год з моманту заснавання. Гэта не жарты. Таму ўсе радасна бегаюць. І не толькі бегаюць. Народ святкуе хто як хоча. Наладжана больш за сто святочных мерапрыемстваў у розных кутках гораду. Сам начальнік краіны прыехаў паспрачацца хто лепшы ў эстафетнай гонцы на лыжаролерах у спаборніцтвах каманд сілавікоў. Каманда кіраўніка Беларусі перамагла. А сам кіраўнік завяршаў эстафету і фінішаваў першым. Ну хто бы сумняваўся.

Свята гораду па выпадковым супадзенні ці па волі якойсьці магутнай сілы супала з Днём беларускай вайсковай славы, які вельмі шануе апазіцыя. Гэта калі пад Воршай нашы разбілі войскі расейскага цара у 1514-м годзе. Таму жадаючыя маглі цешыцца і гэтай перамогай разам з астатнімі, што святкавалі год заснавання Менску. Але не асабліва афішуючы. Бо як мінімум аднаго марафонца затрымалі сілавікі толькі за тое, што ён бег з бел-чырвона-белым сцягам. Пакуль што Дзень горада Менску і Дзень беларускай вайсковай славы супадаюць толькі па датах календара. І хіба што на думку арганізатараў свята, гэта яшчэ не стала прычынай іх зводзіць і па іншых параметрах.

А па дарозе да Менску ўжо можна было назіраць, як жыхары краіны пачалі капаць бульбу. Мяшкі роўненька як салдацікі выстраіліся на палях. Людзі кучкамі пакрысе прасоўваліся наперад па полі. Звыклая восеньская карціна для Беларусі. Сярод удзельнікаў той эстафеты дух пяршынства не назіраўся. І ўрачыстасці на тварах таксама было крыху менш, чым у сталічных удзельнікаў. Але здаецца ніхто не адлыньваў ад працы і не зыходзіў з гэтай палявой дыстанцыі. Хіба што ў гэтай бульбяной эстафеце непарушна дзейнічае алімпійскі прынцып – галоўнае не перамога, а ўдзел.

Беларусы, кажуць, больш за ўсіх з’ядаюць той бульбы на душу насельніцтва. Можа хто думае, што яны яе любяць больш чым іншыя прадукты, але я штосьці сумняваюся. Бо нядаўна быў у гасцях, то бачыў што нашы людзі і ад мяса нос не адварочваюць, і ад рыбы. Думаю і кальмары ўплятуць за мілую душу, і крэветкі, і амары, і экзатычныя стравы з акулы і кракадзіла. Але больш за ўсіх на душу насельніцтва ўсё ж з’ядаюць бульбы. Вось такія мы загадкавыя. Ну але гэта лёгкае адхіленне ад апісання восеньскага пейзажу.

Дарога з Гародні да Менску пакрысе набывае еўрапейскі выгляд. Чаго добрага і з нямецкімі аўтабанамі хутка зможа паспаборнічаць. Прынамсі адзін дарожны рабочы мне так і заявіў, што калі ў дарогу ўкласці еўрапейскія грошы, то яна ад еўрапейскіх нічым адрознівацца не павінна. Праўда іншыя яго калегі зарагаталі, і заявілі, што для гэтага трэба каб і дарожныя рабочыя зараблялі еўрапейскія заробкі. Вось можа тады і паспаборнічала б. Ох гэтыя спаборніцтвы! І тут спаборніцтвы. Ну але хутка самі пабачым хто быў праў. З еўрапейскімі заробкамі, ці з беларускімі, а дарогу плануюць адчыніць згодна з графікам. От тады і паглядзім, ці варта на рабочых выкідваць такія шалёныя грошы як у Нямеччыне, ці можна дасягнуць таго ж выніку меншымі стратамі.

А ля ўжо даўно збудаванай менскай кальцавой дарогі сабраліся кала 80 чалавек, каб не дапусціць забаўляльны бізнес на месцы расстрэлу людзей у Курапатах. Акцыю плануецца працягваць да “Дзядоў”. Гэта таксама ўжо стала звыклай восеньскай карцінай гэтага году.

У гэтым годзе восень надзвычай цёплая. І лета было такое. Клімат кажуць мяняецца. Усё мяняецца. Закон жыцця. Можа ўсё зменіцца хутчэй чым думаем. Нішто ж не вечна.

Віктар Сазонаў


10.09.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты