Навіны

На нарадзе АБСЕ абмяркуюць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі

У межах Нарады АБСЕ па выкананні абавязальніцтваў у галіне чалавечага вымярэння ў Варшаве 12 верасня беларускія няўрадавыя арганізацыі правядуць паралельнае мерапрыемства, прысвечанае агляду становішча з правамі чалавека ў Беларусі.

Арганізатарамі дыскусіі “Бягучая сітуацыя з грамадзянскімі і палітычнымі правамі ў Беларусі: інфармацыя з першых рук” з’яўляецца Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі ў супрацы з Праваабарончым цэнтрам “Вясна”, Міжнароднай федэрацыяй за правы чалавека (FIDH), Цэнтрам прававой трансфармацыі Lawtrend ды Беларускай асацыяцыяй журналістаў.

Мерапрыемства адбудзецца 12 верасня з 13:15 да 14:45 у гатэлі “Sofitel-Victoria” (Królewska St. 11), Meeting Room 2.

Нагодай для дыскусіі сталася прадстаўленне беларускім урадам Перыядычнага дакладу аб выкананні Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэты даклад будзе разглядацца ў пачатку кастрычніка на 124 сесіі Камітэта ААН па правах чалавека. Такім чынам урад Беларусі ўпершыню за 20 гадоў выканаў свой абавязак па Міжнародным пакце, і прадставіў нацыянальную справаздачу, ліквідаваўшы тым самым шматгадовую запазычанасць па прадастаўленні справаздачы (апошні раз такі дакумент беларускі ўрад падаваў ААН у 1997 годзе).

Напярэдадні гэтай падзеі беларускія праваабарончыя НДА падрыхтавалі сваю альтэрнатыўную справаздачу, якая будзе прадстаўлена грамадскасці падчас мерапрыемства 12 верасня ў Варшаве.

У ходзе прэзентацыі прадстаўнікі НДА ацэняць апошнія заканадаўчыя змены, якія тычацца свабоды СМІ, свабоды сходаў, бягучай сітуацыі з выкананнем смяротных прысудаў у Беларусі, а таксама змякчэння адказнасці за дзейнасць незарэгістраваных арганізацыяў. Яны таксама выкладуць меркаванне грамадзянскай супольнасці пра тое, як на правы чалавека ўплывае “Міжведамасны план рэалізацыі рэкамендацый, адрасаваных Рэспубліцы Беларусь у рамках механізмаў ААН”, які ажыццяўляецца ўрадам Беларусі з лістапада 2016.

Прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў раскажуць пра жнівеньскія атакі на незалежныя СМІ ў Беларусі.

Міжнародная федэрацыя правоў чалавека (FIDH) асветліць сітуацыю з адвакатамі ў Беларусі. У чэрвені 2018 году Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (партнэрства FIDH-OMCT) у супрацоўніцтве з Парыжскай калегіяй адвакатаў і Праваабарончым цэнтрам “Вясна”, прадставіла справаздачу, у якой зафіксаваныя абмежаванні на незалежнасць адвакатаў у Беларусі. Грунтуючыся на даследаванні, праведзеным у студзені 2018 году, у дакладзе крытыкуецца беларускае заканадаўства, якое дазваляе выканаўчай уладзе кантраляваць прафесію адвакатаў.

На наступны дзень, 13 верасня, дыскусія пра Беларусь у межах канферэнцыі АБСЕ будзе працягнутая на круглым стале «Правы чалавека ў кантэксце глабальных працэсаў у рэгіёне», які ладзіць Беларускі Дом у Варшаве.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ukrinform.ua

Чытай больш на: https://www.racyja.com/palityka/na-naradze-abse-abmyarkuyuts-situatsyyu-z/

11.09.2018
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Відэа

праваабарончыя сайты