Навіны

З Вольгі Чайчыц і Андрэя Козела знятыя абмежаванні на выезд з Беларусі

З журналісткі Вольгі Чайчыц і аператара Андрэя Козела, якія супрацоўнічаюць з польскім тэлеканалам „Белсат”, знялі абмежаванне на выезд з Беларусі. Пра гэта 12 верасня ім паведаміла судовы выканаўца Яна Васюк.

Аб абмежаванні на выезд з краіны Чайчыц і Козел даведаліся 11 верасня. Афіцыйнай прычынай забароны сталі штрафы, накладзеныя на іх за супрацоўніцтва з замежным тэлеканалам без акрэдытацыі. Журналісты паказалі судоваму выканаўцу квітанцыі аб выплаце ўсіх штрафаў, але ў адказ ім заявілі, што немагчыма праверыць, ці ўся сума выплачаная, паколькі „не працуе база”.

Абмежаванне на выезд Чайчыц успрыняла як спробу ўладаў не дапусціць яе ўдзелу ў сустрэчах з прадстаўнікамі шэрагу еўрапейскіх структур. У прыватнасці, на наступным тыдні яна павінна сустрэцца з прадстаўнікамі арганізацыі „Рэпарцёры без межаў” і парламентарыямі ў Парыжы, а затым на сустрэчах у Еўрапарламенце і Еўракамісіі ў Бруселі расказаць пра сітуацыю са СМІ ў Беларусі.

Як расказала Чайчыц БелаПАН, 12 верасня судовы выканаўца паведаміла аб адклiканнi прадстаўлення, якое абмяжоўвае яе права і права Козела на выезд за межы краіны.

„Толькі ўчора ўвечары мы забралі з пошты прадстаўленне суда аб абмежаванні права на выезд, дзе быў указаны штраф, квітанцыю аб аплаце якога я двойчы прад’яўляла судоваму выканаўцу. Копію квітанцыі мы таксама сёння прадставілі суддзі. Акрамя таго, мы сёння размаўлялі з судовым выканаўцам, яна сказала, што адклікала прадстаўленне аб абмежаванні на выезд. Мы паехалі ў суд правяраць, ці сапраўды гэта так, і суддзя пацвердзіла, што я цяпер магу свабодна перамяшчацца”, — сказала яна.

„Выезд з краіны нам з Андрэем абмяжоўвалі розныя суддзі. Мы ўдакладнялі сітуацыю толькі наконт мяне, але паколькі судовы выканаўца сказала, што адклікала абмежаванне, у тым ліку ў дачыненні да Андрэя, думаю, ён таксама вызвалены ад гэтага абмежавання”, — дадала журналістка.

Нагадаем, 10 верасня Вольга Чайчыц была аштрафаваная ў чарговы раз — суд Дзяржынскага раёна (Мінская вобласць) пастанавіў спагнаць з яе 980 рублёў за фотарэпартаж з пікета абаронцаў Курапатаў каля рэстарана „Паедзем паядзім”. Гэта ўжо дзясяты з пачатку 2018 года штраф для Чайчыц. Агульная сума штрафаў, накладзеных на журналістку, дасягнула 8 тысяч 330 рублёў.

belapan.by

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/z-volgi-chajchyts-i-andreya-kozela-znyatyya/

12.09.2018
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Відэа

праваабарончыя сайты