Навіны

Абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу Мікалая Саляніка (фота)

Гарадзенскі абласны суд прадказальна не задаволіў касацыйную скаргу грамадска-палітычнага актывіста Мікалая Саляніка.

Старшыня абласной гарадзенскай арганізацыі АГП аспрэчваў рашэнне суду Кастрычніцкага раёну ад 17 жніўня. Тады суддзя Таццяна Гергель аштрафавала Саляніка агулам на 25 базавых велічынь.

Нагадаем, Мікалая Саляніка разам з іншым актывістам АГП Аляксандрам Лаўрэнцьевым 3 ліпеня бягучага году гвалтоўна і брутальна затрымалі людзі ў цывільным каля дома, дзе жыве Лаўрэнцьеў. Актывісты хацелі ў паласатых турэмных робах зладзіць флэш-моб і паказаць як парушаюцца грамадзянскія канстытуцыйныя правы ў Беларусі.

Мікалая Саляніка прызналі вінаватым у тым, што ён арганізаваў пікет у інтэрнеце і аказваў міліцыі непадпарадкаванне пры затрыманні ажно ў двух месцах гораду. Суддзя Кастрычніцкага суда Гародні Таццяна  Гергель не стала разглядаць некаторыя відэаматэрыялы затрымання Мікалая Саляніка невядомымі людзьмі ў цывільным. Гэтыя відэаматэрыялы хацелі прадставіць суду журналісты і сведкі таго інцыдэнта для ўстанаўлення ісціны. Але яны так і не былі разгледжаныя судом. Відэаматэрыялы ж міліцыі некуды "загадкава" тады прапалі.

13 верасня суддзя абласнога суду Уладзімір Янкоўскі не ўзяў пад увагу юрыдычныя довады Саляніка, выкладзеныя ў скарзе, і па звыклай завядзёнцы пакінуў рашэнне Кастрычніцкага суду без зменаў. Мікалай Салянік на знак пратэсту супраць неаб'ектыўнага разгляду скаргі пакінуў залю суда яшчэ да абвяшчэння рашэння.

 

 

17.09.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты