Навіны

“Расстраляны”, але жывы. 105 гадоў з дня нараджэння Рыгора Зыбайлы

Рыгор Зыбайла нарадзіўся 15 верасня 1913 года ў вёсцы Яглевічы (тагачасны Слонімскі павет, цяперашні Івацэвіцкі раён). Вядома, што Зыбайла вывучыўся на ляснога інжынера. Ён служыў у войску польскім і ў час вайны 1939-га году трапіў у нямецкі палон. Пасля вызвалення працаваў у Белай-Падляшскай. А ўжо ўвосень 1941-га перабраўся ў родныя мясціны і стаў кіраўніком Слонімскага акруговага камітэту БНС. Быў сябрам падпольнай Беларускай Незалежніцкай Партыі. За пратэсты супраць нямецкіх рэпрэсій у дачыненні мірнага насельніцтва быў зняты з пасады і адпраўлены на працы ў Дзярэчын. Улетку 1943-га пераехаў у Менск, дзе стаў намеснікам БНС. У 1944-45 – афіцэр Беларускай Краёвай Абароны і дэсантнага батальёна “Дальвіц”. Урэшце перайшоў да французскіх партызанаў.

Паводле адной з версій пасля 1945-га схоплены НКВД і на шматгадовы тэрмін зняволены ў савецкія канцлагеры. Паводле іншай версіі Рыгор Зыбайла загінуў у 1945-ым у Францыі. Яго біяграфію даследаваў слонімскі гісторык Сяргей Ёрш.  Беларускія эміграцыйныя выданні падаюць, што Зыбайла быў расстраляны контрразведкаю польскай арміі Андэрса ў Марсэлі ў 1945-м годзе. Нібыта, пасля таго, як у яго знайшлі фотакартку, дзе ён быў у форме афіцэра БКА. Аднак насамрэч гэта была толькі легенда. Гісторыя з “расстрэлам” дазваляла яму знікнуць – савецкія агенты палявалі на такіх. А Рыгор Зыбайла, праўдападобна, атрымаў прапанову працаваць у нейкай сакрэтнай установе на Захадзе.

Вязень ГУЛАГу Віктар Сікора ўспамінаў, што пасля вайны Зыбайла выкладаў у сакрэтнай школе, дзе рыхтаваліся людзі для антыбальшавіцкага супраціву. Зыбайла, нібыта, быў выкрадзены савецкімі агентамі і вывезены ў СССР. Ёрш піша, што іншы беларускі патрыёт Пётра Пархута расказваў і адрозную версію ягонага лёсу. Паводле яе Зыбайла сам вярнуўся з Чэхаславаччыны ў родную вёску Яглевічы ў 1950-ых, дзе далей працаваў будаўніком. На карысць гэтай версіі той факт, што пахаваны Рыгор Зыбайла менавіта ў Яглевічах непадалёк Івацэвічаў. Ён дажыў да перабудовы і памёр 15 лістапада 1987-га года. На надмагільным помніку надпіс па-беларуску. Сын беларускага патрыёта на кантакт з гісторыкамі катэгарычна не ішоў. Кажуць, што яму было ня проста жыць з-за мінулага бацькі. Вядома і кур’ёзная гісторыя, калі аднойчы ў івацэвіцкай раённай газеце быў змешчаны здымак групы будаўнікоў, а сярод іх і Зыбайла. На могілках побач з Зыбайлам пахаваная і яго жонка Еўдакія Казлова, якая памерла на чатыры гады раней мужа. Нібыта каханне ў іх было яшчэ з юнацтва. Па некаторых звестках у вайну яна працавала ў Слоніме настаўніцай і была савецкай разведчыцай, крыху пазней ўладкавалася на працу ў БЦР да Радаслава Астроўскага і перадавала саветам розныя інфармацыі. Казлова і Зыбайла ажаніліся пасля ягонага вяртання з савецкіх канцлагераў. Колькі ён там быў у зняволенні і з якога часу – невядома. Такія вось перапляценні лёсу.

Дакладна можна сцвярджаць тое, што Рыгор Зыбайла – адна з самых легендарных і загадкавых асобаў беларускага вызвольнага руху.

Падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч

 

15.09.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты