Навіны

У Кітаі адкрылі бюст Якубу Коласу — першы беларускі помнік у краіне

Амбасадар Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды апублікаваў у Twitter відэа адкрыцця помніка беларускаму пісьменніку Якубу Коласу ў Цяньдзіньскім універсітэце замежных моваў – паведамляе Радыё Свабода.

Гэта першы помнік беларусу ў Кітаі — Якуб Колас быў адным з першых беларускіх пісьменнікаў, чые творы пераклалі на кітайскую. У 1950 годзе, яшчэ пры жыцці Коласа, на кітайскую пераклалі верш «Абаронцам роднай зямлі» (таксама апублікаваныя па-кітайску ягоныя апавяданні «Васіль Чурыла» і «Макарка Навак», аповесьць «Дрыгва» і верш «Вецер»)

. Бюст стварыў скульптар Сяргей Гумілеўскі — ягоны варыянт у траўні выбралі з васьмі праектаў. Гумілеўскі вядомы як уласнымі працамі (напрыклад, «Галубка» ў менскім Батанічным садзе), так і супольнымі з бацькам Львом Гумілеўскім (помнік Кірылу Тураўскаму ў Гомлі, Янку Купалу ў Маскве, Станіславу Манюшку і Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу ў Менску).

У жніўні Якубу Коласу паставілі бюст у Ташкенце — сталіцы Узбекістана. Таксама імя Коласа атрымала прылеглая вуліца. У канцы мінулага года ў цэнтры Вільні павесілі мемарыяльную дошку Якубу Коласу на будынку, дзе месцілася рэдакцыя газеты «Наша Ніва».

budzma.by

Чытай больш на: https://www.racyja.com/kultura/u-kitai-adkryli-byust-yakubu-kolasu-pe/

18.09.2018
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

праваабарончыя сайты