Навіны

БХД пачала збор подпісаў у падтрымку законапраекта аб ахове БЧБ сцяга

Аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” 19 верасня пачынае збор подпісаў у падтрымку прыняцця законапраекта аб ахове і выкарыстанні бел-чырвона-белага сцяга, паведаміла прэс-служба БХД. 

19 верасня 1991 года бел-чырвона-белы сцяг і герб „Пагоня” набылі статус дзяржаўных сімвалаў Беларусі. „Гэта неад’емная частка нашай гісторыі, гэта нацыянальныя сімвалы, якія ўвайшлі ў гісторыю беларускай нацыі як першы беларускі сцяг і герб, зацверджаныя ў пачатку і канцы 20-га стагоддзя, — цытуе прэс-служба БХД сустаршыню арганізацыі Віталя Рымашэўскага. — Мы заклікаем усіх грамадзян Беларусі падтрымаць законапраект. Гэта ганьба, калі за бел-чырвона-белы сцяг міліцыя працягвае затрымліваць людзей”.

БХД, адзначыў палітык, выступае за тое, каб бел-чырвона-белы сцяг мог свабодна выкарыстоўвацца, як і дзяржаўны сцяг, любым грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. „Пара спыніць нікому не патрэбнае супрацьстаянне з нагоды нацыянальнай сімволікі. Сёння яно выгаднае толькі знешнім ворагам нашай краіны. Заклікаю беларускія ўлады падтрымаць і прыняць праект закона, а ўсіх неабыякавых грамадзян краіны — паставіць свой подпіс у падтрымку законапраекта”, — заявіў ён.

У рамках падрыхтоўкі да ўнясення ў Палату прадстаўнікоў распрацаванага дэпутатам, актывісткай Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганнай Канапацкай законапраекта „Аб выкарыстанні і ахове першага дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь” 18 верасня яго тэкст і абгрунтаванне да дакумента былі накіраваны для заўваг ў Міністэрства юстыцыі і Міністэрства ўнутраных спраў.

У Мінкультуры праект быў накіраваны загадзя, 12 верасня, у сувязі з тым, што законапраект прапаноўвае ўнесці бел-чырвона-белы сцяг у спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Міністэрства культуры павінна даць свой адказ да 1 кастрычніка, астатнія два міністэрствы — да 3 кастрычніка.

Праект дакумента Канапацкая прадставіла ў траўні. Прапаноўваецца ўрэгуляваць прававыя асновы выкарыстання, папулярызацыі і аховы першага дзяржаўнага сцяга краіны, „які мае асаблівае гістарычнае і духоўна-маральнае значэнне для Рэспублікі Беларусь”. Дэпутат таксама прапаноўвае заканадаўча замацаваць магчымасць свабоднага выкарыстання бел-чырвона-белага сцяга, у тым ліку падчас дзяржаўных святаў і святочных дзён, а таксама на ўрачыстых мерапрыемствах. Акрамя таго, у законапраекце ёсць норма, згодна з якой стварэнне перашкод правамернаму выкарыстанню бел-чырвона-белага сцяга і здзек з яго цягне адміністрацыйную адказнасць.

belapan.by

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/bkhd-pachala-zbor-podpisau-u-padtrymku-z/

19.09.2018
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Кастрычнік 2018
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031

Відэа

праваабарончыя сайты