Навіны
Дзікі ў Беластоку
Удалым аказаўся ў нас верасень у гэтым годзе. Надвор’е летняе, але не спякотнае. Для ўборкі бульбы, гародніны і садавіны лепшага і не прыдумаеш. Пладатворная зямля багата ўзнагародзіла рупліўцаў сваім ураджаем. Асабліва ў садах яблыні гнуцца і ломяцца пад цяжарам пышнакаляровых і сакавітых кругласцей. На агародах усе тыквенныя растуць як шалёныя да імпазантных памераў. Сярод іх розных колераў, кшталтаў, смакаў у бласлаўлёным задавальненні выстаўляюць сябе да сонечных промняў самі каралевы дыні. Вяртаюцца ізноў яны да ласкі чалавечых смакаў. Раней доўгімі гадамі былі толькі кормам для кароў і свіней. Адчувальная цеплыня дазволіла многім аматарам дачнай гадоўлі вырасціць спелыя па велічыні і смаку абрыкосы і персікі. Пад маім блокам гэтую смакавітую садавіну з беластоцкіх агародчыкаў прадавалі дзелавітыя ўласніцы дачных участкаў. Ну і жоўтыя памідоры адной з бабулек прыводзілі мае смакавыя рэцэптары ў такі стан задавальнення, што інакш чымсьці кайфам гэтых пачуццяў не назавеш.
Аднак ад свайго беластоцкага дзядзькі пачуў я гісторыю, якая паказвае, што прырода ўвесь час знаходзіцца ў зменлівым вандраванні. Менавіта тут, у Беластоку, у цэнтры горада ягоную дачу і пасаджаную там бульбу вельмі ўпадабалі сабе дзікі, якія для многіх беластачан сталі непажаданымі гасцямі. І не было выхаду, трэбы было ісці на начную варту і пільнаваць сваю агародніну перад канчатковым знішчэннем. Калі пазваніў я бацьку і запытаўся як там у нас з дзікамі, то ў адказ пачуў, што іх амаль усіх тут перабілі. Не відаць і не чуваць, каб нейкі дзік уварваўся ў вясковыя агароды, каб хтосьці пра гэта распавядаў. Відаць, і самі дзікі сваім пушчанскім інстынктам адчулі, што ў лясных і лугавых прасторах іх могуць чакаць толькі канцы. Таму ў адпаведнасці з усялякай логікай сённяшняй партызаншчыны дзеля выжывання і самазахавання дзічынага гатунку трэба пераносіцца ў горад. Вось як спрацоўвае інстынкт. Мой знаёмы раварыст, якому знаёмая кожная беластоцкая сцяжынка, абсалютна пераканаўча сцвярджае, што так парытага дзікамі Беластока як зараз ніколі не бачыў. Затое мой бацька падсмейваецца са свайго брата, гаворачы яму: «Бачыш, уцякаў з вёскі, каб між іншым не хадзіць і не пільнаваць пушчанскіх палёў ад лясной звярыны. А тут на старыя гады маеш тое, чаго я ў абязлюджанай вёсцы даўно не сустракаю». Многім неспадзявана жыццё зводзіць і такія сямейныя гісторыі. Але, відаць, надаелі гэтыя начныя варты майму дзядзьку, бо па тэлефоне паўтарае, што на восень засее толькі траву і хай дзікі рыюць у каго іншага. Пэўна наступнай вясной усё вернецца ў сваю каляіну, але пакуль ваяўнічасць і злосць на дзікоў у яго не мінае.
Затое на родных загонах сланечнікі павырасталі высокімі пад два метры і не пустымі. Тут жа і зараз з’явіліся мітуслівыя вераб’і, каб заваліцца ў свае зерневыя смакоцці. Так яны задаволены, што шчабечуць і чырыкаюць безупынна. У вясковай пранізлівай цішыні сваім прылётам гудзяць так, быццам над дахамі праляцела некалькі вайсковых верталётаў абцяжараных тэхнікай і жаўнерамі. Так, як над Белавежскай пушчай пачаліся нейкія засакрэчаныя вайсковыя манеўры, дзе ізноў безупынна практыкуюць лабавое сутыкненне Усходу і Захаду. Адна з народных прымавак кажа, каб не выклікаць ваўка з лесу. А то не дай Божа, каб за чарговым разам не было падобнага ў рэальнасці. Тэорыя збывальнасці выкліканых падзей лепш каб не спрацавала.
На момант здаецца мне, што жывому чалавечаму і жывотнаму гарманічнаму сужыццю не відаць канца. Перад намі аднак дажджлівая восень, зіма і касуха, што крочыць услед за чалавечымі галовамі і душамі. Ад напісанага лёсу не ўцячэш, але прынамсі пачынаеш разумець, што трэба ўмець любавацца тым, што абдоранае прыгажосцю і дабром. Радавацца і начам зорным, цёплым і шпацырным. Ідэальны час, каб без той усёй канікулярнай мітусні ўвабраць у сябе водар восеньскіх пахаў і вобразаў. Час роздумаў і асэнсаванняў, час заглянуць у сябе праз недасяжнасць нябесных прастораў.
Яўген ВАПА