Навіны

Год малой радзімы

Да заканчэння года малой радзімы засталіся тры месяцы. Увесь 2018 год быў годам малой радзімы. Да гэта малой радзімы ў Беларусі былі праведзены тысячы розных мерапрыемстваў – і добрых, і цікавых, і карысных, і кволых. Але ніхто ніколі не сказаў, што малой радзімы не бывае. Так нехта зверху з вертыкальшчыкаў прапанаваў і пайшло-паехала: 2018 год аб’яўлены годам малой радзімы. Але чаму малой радзімы? Маецца на ўвазе той радзімы, дзе нарадзіўся, хрысціўся, хадзіў у садок і ў школу… Так?.. Так!.. І прымаўкі беларускія на гэты конт ёсць добрыя: дарагая тая хатка, дзе радзіла цябе матка;  кожнаму свой куток мілы; мілы той куток, дзе рэзан пупок; у сваім краі, як у раі; ідзі ў родны край, там – і пад елкаю рай… Гэта ўсё малая радзіма… Але, паверце мне: малой радзімы не бывае, бо яна самая ВЯЛІКАЯ, самая дарагая, мілая, родная. Не можа быць малой радзімы, куды заўсёды хочацца прыехаць, пабыць, сустрэцца з сябрамі, настаўнікамі, суседзямі, схадзіць на магілы родных і блізкіх сяброў, успомніць і прайсціся тымі сцежкамі і вуліцамі, якія табе знаёмыя да драбніц з маленькіх гадоў. 

Не можа быць малой радзімы, якая магнітам цягне ўсё жыццё да сябе, дзе б ты не жыў. Толькі Вялікая радзіма можа прыцягваць цябе, толькі самая Найвялікшая радзіма суцешыць цябе сябрамі маленства, сваякамі, знаёмымі людзьмі. Можа ў каго і ёсць малая радзіма, а ў нас, беларусаў, такой радзімы няма і ніколі не бывае: у нас у кожнага свая Вялікая радзіма!

Іншая справа, што сёння наша вялікая радзіма вельмі змянілася. Амаль кожнаму з нас вялікая радзіма становіцца сапраўды малой радзімай. Знікаюць і знішчаюцца вёскі, бяднеюць райцэнтры. Бачыў некалькі разоў, як у вёсках бульдозерам засыпаюць пустыя хаты. Непрыемнае відовішча, нібы засыпаюць жывога чалавека. Нядаўна стаяў і назіраў чарговы такі малюнак, а падышла вясковая бабулька і кажа: “Глядзіце, каб праз пэўны час вы гэтыя хаты назад не адкопвалі б”.

У маленькіх і вялікіх вёсках закрываюцца лазні, школы, бібліятэкі, крамы. Клубы даўно закрыліся, ніхто сёння не ходзіць у клубы, ды і няма каму ў сельскай мясцовасці хадзіць туды. А пра кіно, якое з райцэнтраў прывозілі ў вёскі, мала хто памятае. Цяпер – Інтэрнэт. Якое можа быць кіно!?. Кіно кіном, але ж лазні ў вёсках павінны быць, бо дзе людзям памыцца, хоць раз у тыдзень?.. Таму нашы Вялікія радзімы становяцца малымі. Таму і жывем мы сёння ў год малой радзімы. Сумна ад усяго гэтага, але ж год малой радзімы – гэта факт. Нашы Вялікія радзімы перамагае малая радзіма, перамагае ўсім чым можа, але звыкнуцца з гэтым нам цяжка. Хоць памятаем і ведаем, што на сваім сметніку і певень – гаспадар.

Сяргей Чыгрын 

27.09.2018

праваабарончыя сайты