Навіны

Пераможцам конкурсу “За адданасць прафесіі” стаў журналіст Дзяніс Івашын

Журналіст атрымаў дыплом за расследаванне пра будаўніцтва рэстарацыі “Поедем Поедим” на месцы сталінскіх рэпрэсіяў. Пераможца выбіраўся журы паводле двух крытэраў: грамадскі рэзананс ад матэрыялу і адстойванне прынцыпаў свабоды слова, нягледзячы на перашкоды. 

Журналіст Андрэй Толчын патлумачыў, чаму падтрымаў кандыдатуру Дзяніса Івашына:

— Дзяніс Івашын справядліва атрымаў першае месца, бо тое, што ён зрабіў, выканана прафесійна і моцна. А па-другое, ён рызыкаваў нават жыццём, наважыўшыся напісаць гэты артыкул.

Конкурс “За адданасць прафесіі” імя Уладзіміра Вербавікова запачаткавала Гомельская філія БАЖ. 10 гадоў таму назад не стала гомельскага журналіста і выдаўца Уладзіміра Вербавікова. У 1986 годзе ён адным з першых беларускіх журналістаў распавёў на агульнасаюзным узроўні пра сапраўдны маштаб тэхнагеннай катастрофы на ЧАЭС. Пазней, дзякуючы ягоным намаганням, у Гомелі выходзілі дзве незалежныя газеты. Калі яму забаранялі іх друкаваць у Беларусі, ён вазіў наклады выданняў са Смаленску. Пасля смерці Уладзіміра Вербавікова так і не знайшлося чалавека з імпэтам і арганізацыйным талентам, які б змог дабіцца выхаду друкаванага незалежнага выдання ў другім па велічыні горадзе Беларусі. Марыя Шыманоўская ўзгадвае, як запачаткавалі конкурс:

— Калі Уладзімір Аляксандравіч памёр, то вельмі хутка ідэя аб захаванні ягонай памяці залунала ў суполцы. Таму што мы адчулі ягоную адсутнасць. Ён быў чалавекам вельмі актыўным.

Удава Уладзіміра Вербавікова Ніна Вербавікова адзначае, што заўжды падтрымлівае сябраў Беларускай асацыяцыі журналістаў.

— Уладзімір вельмі шмат распавядаў пра сябраў БАЖ. Думаю, ён быў бы задаволены. Ён быў вельмі шчыры чалавек.

У конкурсе ўдзельнічалі заяўкі ад журналістаў з парталу naviny.by, “Белсату”, “Радыё Рацыя”, газеты «Вольны горад», сайта “Медиа-полесье”, сайта “Сильные новости”, праваабарончага парталу “Вясна”, слуцкага выдання kurjer.info. 

 

 

Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/peramozhtsam-konkursu-za-addanasts-pr/

28.09.2018
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

праваабарончыя сайты