Навіны
Экспедыцыя па Нёмане да 100-годдзя БНР
Грамадскія актывісты з Лідчыны зладзілі экспедыцыю на плытах па Нёмане і прымеркавалі яе да 100-годдзя Беларускай Народный Рэспублікі, якое адзначаецца сёлета.
Цягам васьмі дзён два плыты пад назваю “25 сакавіка” і “27 ліпеня” прайшлі Нёманам па тэрыторыі Лідскага, Наваградскага, Дзятлаўскага і Шчучынскага раёнаў Гарадзенскай вобласці. Цягам маршруту да экспедыцыі далучаліся актывісты з Бярозаўкі, Беліцы, Ліды, Гародні і Менску. Мэтаю яе правядзення было чарговы раз нагадаць жыхарам прылеглых да Нёмана населенных пунктаў аб важнай у гісторыі Беларусі даце – 100-годдзі БНР, зазначыў каардынатар абласной грамадскай ініцыятывы “Спадчына” Сяргей Трафімчык.
– Выбралі такі фармат – прайсціся па Нёмане з нашымі нацыянальнымі сцягамі, на бартах плытоў у нас былі банэры “100 гадоў БНР”. Частка людзей, якія нас бачылі з берагоў, напрыклад, рыбакі, віталі, гукалі “Жыве Беларусь!”, падтрымлівалі, можна сказаць, вельмі цудоўна. Таксама ёсць людзі, якія не ведаюць і ніколі не чулі, што такое БНР. І для кагосці гэта будзе нагода пацікавіцца.
Па словах удзельнікаў, такія інфармацыйныя эскпедыцыі на плытах па беларускіх рэках стануць рэгулярнымі. Да ўдзелу ў іх плануецца ў будучым запрашаць сябраў розных арганізацый з усёй Беларусі.
Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара
Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/ekspedytsyya-pa-nyomane-da-100-goddzya-bnr/