Навіны

130 гадоў з дня нараджэння Лукаша Дзекуць-Малея

Беларускі грамадскі і рэлігійны дзеяч Лукаш Дзекуць-Малей нарадзіўся 1 кастрычніка 1888 года ў вёсцы Вялікія Шастакі (Дзятлаўскі раён). Паходзіў з сям’і настаўніка, маці – Марыя з Тарасевічаў, бацька Мікалай. У чатыры гады асірацеў. Да 16 гадоў выхоўваўся ў сям’і педагогаў Фунтаў. Скончыў слонімскую сярэднюю вучэльню, настаўніцкую семінарыю. Працаваў настаўнікам, пазней інспектарам народнай адукацыі. Служыў у расійскім войску ў Беластоку, дзе пазнаёміўся з вернікамі евангельска-баптысцкага веравызнання, стаў наведваць іх малітоўныя зборы. У ноч з 31 снежня 1911 на 1 студзеня 1912 года ў Беластоку на рацэ Супрасль ад прасвітара Рамана Хамяка прыняў водны хрост паводле баптысцкага абраду.

У 1912 годзе пачаў прапаведаваць, за што быў арыштаваны ў мястэчку Лыскава (Пружанскі раён) і прывезены ў турму ў Брэст. У 1913 годзе стаў студэнтам першых біблейскіх курсаў евангельскіх хрысціянаў у Пецярбургу. У 1915 годзе пачаў вучыцца ў духоўнай семінарыі. Пазней заняўся душпастырскай працай у Гродне. У канцы 1918 года прызначаны літоўскім урадам камісарам акругі Крынкі-Луна. Удзельнік Гродзенскага беларускага сялянскага з’езду 15-16 снежня 1918 году, на якім быў абраны ў Гродзенскую павятовую раду і аргкамітэт па скліканні Краёвага беларускага з’езду. Быў сябрам Камітэту нацыянальнага адраджэння Беларусі, клубу “Беларуская хатка”. Двойчы арыштоўваўся. Адзін з ініцыятараў стварэння Грамады беларускай моладзі ў траўні 1919 года. Скарбнік арганізацыі і актор яе драматычнай секцыі. З ліпеня 1919 г. –  старшыня Гродзенскай цэнтральнай беларускай настаўніцкай рады, з чэрвеня 1920 г. – Гродзенскай беларускай школьнай рады. Кіраўнік беларускага дзіцячага прытулку. Скончыў беларускія настаўніцкія курсы ў Вільні.

У сярэдзіне лістапада 1919 г. адаслаў у Вільню пратэст ад імя гродзенскіх беларускіх арганізацый супраць літоўскіх замахаў на Гродзеншчыну. Тады ж Антон Луцкевіч перадаў пры сустрэчы Пілсудскаму сабраныя Дзекуць-Малеем матэрыялы пра перашкоды з боку польскіх уладаў для беларускіх школак на Гродзеншчыне. Атрымаў ад Луцкевіча для беларускіх арганізацый 25 тысяч марак. Неўзабаве арыштаваны ўладамі Польшчы трэці раз.

На пачатку 1920 года – сябра Гродзенскага БНК. Быў кіраўніком пададдзелу ясляў і прытулкаў. Узначальваў гарадзенскіх баптыстаў і выпускаў баптысцкі друкаваны орган на беларускай мове. Летам 1921 г. арыштаваны і вывезены ў Беластоцкую турму. З 1921 г. – сябра Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны.

З канца 1921 года жыў у Брэсце, куды быў высланы польскімі ўладамі. Пачаў прапаведаваць у акрузе і стварыў суполку евангельскіх хрысьціян-баптыстаў. Супрацаваў з Грэгарам – кіраўніком баптысцкай місіі ў Лодзі. Хрысціў дзеяча “Зялёнага дубу” Уладзіміра Ксяневіча-“Грача”. Пераклаў 17 рэлігійных брашур на беларускую мову, разам з А. Луцкевічам выдаў у 1931 г. “Новы Запавет” і “Псальмы”. У 1927 г. адкрыў малітоўны дом, пры якім арганізаваў кравецкія і пчалярскія курсы.

19 чэрвеня 1941 г. арыштаваны ў Брэсце НКВД, прыгавораны да расстрэлу. Вызвалены з прыходам нямецкіх войскаў. У вайну – прасвітар беларускіх баптыстаў. У 1942 г. у Менску выдаў хрысьціянскі спеўнік на беларускай мове. У 1943 г. за дапамогу яўрэям высланы нямецкімі ўладамі ў лагер працы ў Ліпяны каля Шчэціну. У 1944-45 гадах жыў у Нямеччыне, потым у Польшчы. Быў баптысцкім прапаведнікам і прасвітарам у Гданьску. Памёр 20 студзеня 1955 года.

01.10.2018

праваабарончыя сайты