Навіны

"Справа прафсаюза": прызначана дата разгляду апеляцыі

 

Праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што разгляд апеляцыйных скаргаў лідараў незалежнага прафсаюза Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка Мінскі гарадскі суд прызначыў на 9 лістапада. 

Яны абскарджваюць прысуд ад 24 жніўня 2018 г., якім іх прызналі вінаватымі па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры). Суд Савецкага раёна асудзіў кіраўнікоў прафсаюза РЭП на 4 гады абмежавання волі без накіравання ў установы адкрытага тыпу з забаронай займаць кіруючыя пасады тэрмінам на 5 год. У скарзе лідары прафсаюза просяць спыніць гэтую крымінальную справу.

Такога ж меркавання прытрымліваецца і праваабарончая супольнасць Беларусі, якая заклікае ўладу перагледзець прысуд і спыніць крымінальны пераслед Фядыніча і Комліка.

З заявамі аб неабходнасці адмены абвінаваўчага прысуда Фядынічу і Комліку выступаюць і міжнародныя арганізацыі. Так, Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў лічыць, што дадзеныя дзеянні ўладаў парушаюць міжнародныя абавязацельствы Беларусі ў галіне правоў чалавека і сваю ўласную Канстытуцыю, і таму абвінаваўчы прысуд павінен быць адменены ў выніку апеляцыі.

На думку міжнароднай праваабарончай арганізацыі Front Line Defenders пераслед прафсаюзных лідараў звязаны выключна з іх мірнай і законнай працай ў галіне абароны правоў чалавека. Таму ўлады Беларусі павінны неадкладна адмяніць прысуды супраць кіраўнікоў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка і цалкам аднавіць іх свабоду.

З патрабаваннем адмяніць пакаранне лідарам незалежнага прафсаюзу РЭП звярнуліся да прэзідэнта Беларусі Глабальны саюз IndustriALL і Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў(МКП).

 

http://spring96.org/be/news/90994

праваабарончыя сайты