Навіны

Маці асуджанага да растрэлу: "Кожны раз баімся правяраць паштовую скрыню"

Праваабаронца Андрэй Палуда і маці асуджанага да смяротнага пакарання Ігара Гершанкова

Праваабаронца Андрэй Палуда і маці асуджанага да смяротнага пакарання Ігара Гершанкова

Спецыяльна для Сусветнай кааліцыі супраць смяротнага пакарання да 16-га Міжнароднага дня супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца 10 кастрычніка, “Вясна” у межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” падрыхтавала адмысловы відэаролік.

У ім маці асуджанага да растрэлу ў ліпені 2017 года Ігара Гершанкова расказвае пра ўсе тыя пакуты, праз якія яна праходзіць разам са сваім сынам. А таксама – пра ўмовы ўтрымання, катаванні і абмежаванні яе сына ў СІЗА №1 у Мінску.

 

У гэтым годзе тэма 16-га Міжнароднага дня – умовы ўтрымання зняволеных у камерах смяротнікаў.

“Вельмі часта асуджаныя да смерці пераходзяць у разрад істот, на якіх грамадства перастае марнаваць грошы. І выходзіць, што нават да выканання пакарання гэтыя людзі датэрмінова пазбаўляюцца права на жыццё, быццам іх не лічаць за людзей.

І, нарэшце, зняволеныя ў камерах смяротнікаў практычна пазбаўленыя кантакту з роднымі і адвакатамі, паколькі доступ у камеры смяротнікаў абмежаваны. Такім чынам, умовы ўтрымання асуджаных да смяротнага пакарання ўплываюць не толькі на іх саміх, а таксама на іх родных і блізкіх”, - адзначаецца на сайце Сусветнай кааліцыі.

Сусветная кааліцыя супраць смяротнага пакарання аб'ядноўвае больш за 150 грамадскіх арганізацый, асацыяцый адвакатаў, мясцовых органаў улады і прафсаюзаў, і дзейнічае дзеля ўмацавання міжнароднага аспекту барацьбы супраць смяротнага пакарання, прыкладаючы намаганні для падтрымання тэндэнцыі да яго адмены па ўсім свеце.

На сённяшні дзень дзве траціны ўсіх краінаў свету (141) з'яўляюцца краінамі-абаліцыяністамі як у законе, так і на практыцы. Кааліцыя заклікае да канчатковага спынення смяротных прысудаў і пакаранняў смерцю ў тых краінах, дзе яны па-ранейшаму прымяняюцца. Да дасягнення сваёй мэты Кааліцыя імкнецца праз аказанне падтрымкі арганізацыям-сябрам, мясцовым, нацыянальным і рэгіянальным абаліцыянісцкім сілам, а таксама шляхам каардынацыі міжнароднай адвакацыі ў напрамку глабальнай адмены смяротнага пакарання.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” стаў сябрам кааліцыі напрыканцы 2017 года.

 

https://dp.spring96.org/be/news/90997

праваабарончыя сайты