Навіны

Алесь Бяляцкі нагадаў аб праблеме смяротнага пакарання на «Форуме-2000» ў Празе

Старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі і першы намеснік міністра замежных спраў Чэхіі Томаш Петршычка.

Старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі і першы намеснік міністра замежных спраў Чэхіі Томаш Петршычка.

Старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі прымае ўдзел у працы міжнароднай канферэнцыі «Форум-2000», якая ў 21 раз праходзіць у Празе.

На штогадовае мерапрыемства, заснаванае прэзідэнтам Вацлавам Гавэлам, з'язджаюцца грамадскія дзеячы, інтэлектуалы і палітыкі з усяго свету для абмеркавання пытанняў, звязаных з дэмакратыяй і правамі чалавека.

У гэтым годзе тэмай «Форуму» сталі пытанні неабходнасці тэрміновага абнаўлення дэмакратыі (Democracy: In need of a critical update?) - грамадскія і эканамічныя выклікі, рост папулізму і нацыяналізму, міграцыя, нацыянальная самасвядомасць, глабалізацыя, няроўнасць даходаў і інш.

У межах «Форуму-2000” 8 кастрычніка адбылася сустрэча беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага з першым намеснікам міністра замежных спраў Чэхіі Томашам Петршычкам. Пад час гутаркі, акрамя размовы аб стане з правамі чалавека, уздымалася таксама тэма існавання смяротнага пакарання ў Беларусі.

Сёлета запрашэнне на «Форум-2000», які праходзіць з 7 па 9 кастрычніка, прынялі першая арабская жанчына-лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, еменская праваабаронца Тавакуль Карман. Сярод іншых удзельнікаў - заснавальнік арганізацыі «Урачы без межаў» Бернар Кушнер, старшыня чэшскай партыі «піратаў» Іван Барташ, тэолаг і святар Томаш Галік.

«Форум-2000» быў заснаваны ў 1997 г. прэзідэнтам Вацлавам Гавэлам пры падтрымцы пісьменніка Элі Візеля і японскага філантропа Ёхэя Сасакавы.

 

http://spring96.org/be/news/91027

 

праваабарончыя сайты