Навіны

Жэнева: афіцыйная дэлегацыя Беларусі кінула выклік КПЧ ААН (анлайн-трансляцыя)

Справаздача афіцыйнай дэлегацыі Беларусі ў Жэневе 8 кастрычніка 2018 года.

Афіцыйная дэлегацыя Беларусі 9 кастрычніка працягвае адказваць на пытанні, якія паставіў перад урадам краіны Камітэт па правах чалавека ААН.

У першы дзень працы 124-й сесіі Камітэта ААН па правах чалавека, якая праходзіць у Жэневе, афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі ўхіляліся ад многіх пытанняў Камітэта па сутнасці, давалі павярхоўныя адказы, замоўчвалі існуючыя праблемы, выказваючы тым самым грэблівае стаўленне і пагарду як да Камітэта па правах чалавека, так і да сваіх міжнародных абавязальніцтваў. 

Пытанні, якія прагучалі ў першы дзень паседжання закраналі тэмы прымусовай працы, гвалтоўнага знікнення людзей, адсутнасці ў Крымінальным кодэксе асобнага артыкула за прымяненне катаванняў і жорсткага абыходжання, выканання рашэнняў КПЧ, прыцягненне жанчын да кіравання дзяржавай, хатняга гвалту ды іншыя.

Праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч, які бярэ ўдзел у працы чарговай сесіі Камітэта ААН, зазначае, што прадстаўнікі Беларусі ўхіляліся ад адказу на многі пытанні, зададзеныя Камітэтам, заяўляючы  пры гэтым, што нацыянальнае права прэвуалюе над міжнародным  правам.

 “Было бачна, - паведаміў праваабаронца, - што дзяржава наўпрост не збіраецца выконваць многія істотныя рэкамендацыі і рашэнні КПЧ, лічыць іх неабавязковымі для выканання, і надае ім  факультатыўны характар. Гэта ж тычыцца і спецыяльных працэдур Камітэта, і многіх палажэнняў Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаваным дзяржавай і факультатыўнага пратакола да яго”.

Дырэктар Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Вольга Смалянкавыказалася ў фэйсбуку  яшчэ больш лаканічна:  

“Ого! Беларуская дэлегацыя кінула выклік КПЧ. Коратка: наша нацыянальнае права мець свой погляд на тое, як прымяняць працэдуры ў рамках Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах”.

Яна таксама паведаміла, што закон аб хатнім гвалце ўлады пракаментавалі так, быццам нічога не адбылося. коратка:

"Старшыня сходу сказаў, што ў сапраўдны момант у адпаведнасці з Нацыянальным планам падрыхтавана і ўнесена канцэпцыя закона аб хатнім гвалце. Прадстаўнік Генпракуратуры распавёў, у тым ліку аб крызісных пакоях, і аб узаемадзеянні з ГА "Радзіслава".

Пры гэтым у адказе сціпла замаўчалі аб выказванні прэзідэнта Лукашэнкі, які зусім нядаўна раскрытыкаваў цалкам канцэпцыю закона аб хатнім гвалце.

Праваабаронца Леанід Судаленка робіць аналагічную ацэнку афіцыйнаму дакладу на сайце “Гомельскай Вясны”:

"Афіцыйны даклад майго ўрада перад Камітэтам ААН не вытрымлівае ніякай крытыкі".

Далей праваабаронца больш падрабязна спыняецца на аргументах афіцыйнай дэлегацыі,  датычных кампетэнцыі Камітэта ААН па правах чалавека і ў дачыненні да аргументаў аб вычарпанні ўсіх унутраных сродкаў прававой абароны.

Трансляцыю паседжання 8 кастрычніка можна паглядзець па спасылцы.

Нагадаем, што ў першай палове дня 8 кастрычніка прадстаўнікі кааліцыі праваабарончых арганізацый прадставілі свае тэзісы для сябраў Камітэта па правах чалавека ААН. 

 

 

 

 

 
http://spring96.org/be/news/91030

праваабарончыя сайты