Навіны

Абласны суд не задаволіў скаргу Мікалая Саляніка

9 кастрычніка Гарадзенскі абласны суд прадказальна не задаволіў касацыйную скаргу грамадска-палітычнага актывіста Мікалая Саляніка.

Падтрымаць яго ў суд прыйшлі праваабаронцы і іншыя грамадскія актывісты.

Напомнім, што Мікалай Салянік падаў касацыйную скаргу на пастанову суддзі Алены Пятровай, якая аштрафавала яго на 5 базавых велічынь, што складае 122 рублі 50 капеек. 4 верасня бягучага году паводле артыкулу 17.1 КаАП у судзе Ленінскага раёна Алена Пятрова прызнала Саляніка вінаватым. Пастановай было вызначана, што Мікалай Салянік нібыта 5 ліпеня 2018 года нецэнзурна лаяўся, крычаў і імкнуўся да бойкі з медыцынскім персаналам.

Мікалай Салянік у скарзе даводзіў, што пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне, якое ён нібыта здзейсніў, сфальшаваны супрацоўнікамі міліцыі. Насамрэч у той час, калі ён ляжаў у шпіталі, супрацоўнікі міліцыі фактычна скралі яго рэчы - паласатую робу, у якой ён імкнуўся правесці флэш-моб. Салянік таксама сцвярджае, што ў гэтай робе была буйная сума грошай.

Разглядаў касацыйную скаргу суддзя Аляксандар Козел. Салянік заявіў яму адвод, які быў адхілены.

Мікалай Салянік папрасіў далучыць да матэрыялаў яго адміністрацыйнай справы яшчэ дзве медыцынскія даведкі, што і было зроблена. На паседжанне абласнога суда Салянік апрануўся ў турэмную робу, у якой ён здзяйсняў перфоманс.

Пасля 10-хвіліннага перапынку суддзя не задаволіў касацыйную скаргу.

 

09.10.2018

праваабарончыя сайты