Навіны

Бяляцкі: Мэта МЗС — «прыпудрываць» жахлівы твар беларускага аўтарытарызму

Алесь Бяляцкі  ў Беларускім доме ў Варшаве. Фота: radyjo.net/Беларуская служба Польскага радыё/Эдуард Жолуд

Алесь Бяляцкі ў Беларускім доме ў Варшаве. Фота: radyjo.net/Беларуская служба Польскага радыё/Эдуард Жолуд

 

Гэтымі днямі ў Беларусі праводзіцца тыдзень барацьбы са сьмяротным пакараньнем. Таксама на гэтым тыдні была заслухана справаздача Беларусі ў Камітэце па правах чалавека ААН у Жэнэве. Чаму беларуская дзяржава працягвае караць сьмерцю сваіх грамадзянаў? Якія вынікі «беларускіх дзён» у Камітэце па правах чалавека ААН?

З такімі пытаньнямі "Радыё Свабода" зьвярнулася да кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алеся Бяляцкага. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.

— Чаму ў Беларусі не скасоўваецца сьмяротнае пакараньне і нават ня ўводзіцца мараторый на яго выкананьне? Беларускія ўлады спасылаюцца на тое, што ў краіне быў рэфэрэндум, таму, маўляў, гэта зрабіць немагчыма. Зь іншага боку, эўрапейскія інстытуцыі заклікаюць увесьці хаця б мараторый на выкананьне сьмяротных прысудаў. Праваслаўная царква ў Беларусі таксама выказваецца за мараторый. Не выконваюцца сьмяротныя прысуды ня толькі ў краінах Эўразьвязу, але і ў постсавецкіх краінах, у Расеі, у Казахстане. А чаму ў Беларусі ня ўводзіцца такі мараторый?

— На гэтую загадку ніхто ня можа даць дакладнага адказу. Мы можам толькі здагадвацца, вылучаць вэрсіі. Магчыма, тут няма адной прычыны. Сапраўды, вельмі важным быў рэфэрэндум 1996 году для пашырэньня ўлады і стварэньня неабмежаванай аўтакратыі. Фактычна Лукашэнка тады парушыў Канстытуцыю.

Для яго пытаньне пра сьмяротнае пакараньне мае сымбалічнае значэньне. Мяняць нешта пасьля таго рэфэрэндуму, рабіць хаця б крок назад — гэта дэвальваваць вынікі таго рэфэрэндуму.

Тут пытаньне структуры аўтакратыі, у якой мусяць быць абавязковыя элемэнты — палітвязьні, сьмяротнае пакараньне, кантроль спэцслужбаў за грамадзянскай супольнасьцю.

Гэта ёсьць практычна ва ўсіх постсавецкіх краінах, дзе існуюць аўтакратычныя рэжымы.

— Палітвязьні — так, ёсьць ва ўсіх аўтакратычных краінах. Але не сьмяротнае пакараньне.

— Сапраўды, некалькі гадоў таму яго скасавалі нават Туркмэністан і Ўзбэкістан. Тая ж Расея рабіла гэта на ўздыме дэмакратычных пераўтварэньняў яшчэ ў 90-х. Так, у нас гэта больш сымбалічнае пытаньне, гэта дэманстрацыя магчымасьці дзяржавы караць і мілаваць.

Гэта было і ў СССР. Шмат такіх сымбалічных формаў з СССР перайшло і ў сучасную беларускую рэчаіснасьць. І сьмяротнае пакараньне існуе разам з сотнямі помнікаў Леніну, з сотнямі вуліц Першамайскіх, Савецкіх, Кастрычніцкіх, Камуністычных і г. д. І гэта стварае атмасфэру постсавецкай Беларусі. І сьмяротнае пакараньне — сакральны, а не практычны інструмэнт.

Бо колькасьць прысудаў не параўнаць, у канцы 90-х у нас штогод расстрэльвалі па 30–40 чалавек, і мы ня ведалі іх імёнаў. Зараз мы наладзілі дастаткова добры маніторынг. Хоць ён няпросты, улады хаваюць інфармацыю пра асуджаных і расстраляных. Здабываць яе даводзіцца самымі рознымі шляхамі.

На пачатку гэтага году мы абсалютна выпадкова даведаліся ад чалавека, які сядзеў у камэры сьмяротнікаў, пра расстрэл яшчэ аднаго асуджанага, пра якога ніхто нічога ня ведаў. У яго не было сваякоў, суд прайшоў ціха. І толькі выпадкова мы даведаліся пра яго прысуд і расстрэл.

Сёлета былі выкананыя два сьмяротныя прысуды, і яшчэ 4 чалавекі чакаюць выкананьня прысудаў. Калі яны адбудуцца — сёлета ці ў наступным годзе — цяжка сказаць. Але звычайна ўлады доўга ня цягнуць. Пасьля вынясеньня прысуду да выкананьня праходзіць максымум год.

— А ці вызначаецца гэты тэрмін заканадаўча? Ці зьвязана гэта з працэсам касацыі прысуду?

— Праходзяцца ўсе касацыйныя інстанцыі. Кожную расстрэльную справу разглядае прэзыдэнт, ён павінен сказаць апошняе слова. За 24 гады кіраваньня ён дакладна памілаваў аднаго чалавека; імаверна, быў і яшчэ адзін. З больш як 400 расстраляных за гэтыя гады.

Але сама працэдура выконваецца. Чакаюць выніку разгляду касацыі ў Вярхоўным судзе, калі справу разглядаў абласны суд. А пасьля гэтага людзі ўжо сядзяць і чакаюць. Гэта цяжкі час для асуджаных. Любы шоргат у калідоры для іх — страх, што, магчыма, павядуць на расстрэл. І нават выхад на прагулку для іх — гэта трагедыя. Ніхто ня ведае, ці павядуць чалавека на прагулку, ці ў расстрэльную камэру. Адбываецца псыхалягічнае катаваньне.

Мы былі на абскарджваньні аднаго сьмяротнага прысуду. Па гэтай справе да расстрэлу былі асуджаныя два чалавекі. Адзін з асуджаных распавёў, што чалавек, зь якім ён сядзеў, быў расстраляны. У яго гэта выклікала псыхалягічны шок. Ён адмовіўся ўдзельнічаць у касацыйным працэсе на знак пратэсту супраць таго, што чалавек, зь якім ён сядзеў у камэры, быў раптоўна выцягнуты і расстраляны.

— Алесь, цяпер — да іншых сюжэтаў. У прыватнасьці, да сюжэту гэтага тыдня — да пасяджэньня Камітэту па правах чалавека ААН. Як бы вы ацанілі вынікі гэтай сэсіі КПЧ ААН, на якой афіцыйны Менск упершыню за 21 год прадставіў справаздачу і дзе была прэзэнтаваная і альтэрнатыўная справаздача, падрыхтаваная праваабарончай супольнасьцю?

— Сапраўды, зьява неардынарная. Я памятаю абмеркаваньне папярэдняга дакладу, якое сапраўды было больш за 20 гадоў таму. Тады «Вясна» толькі ўтварылася, мы толькі пачыналі працаваць. Ёсьць здымкі, як мы сядзім падчас абмеркаваньня ў Менску з прадстаўнікамі міністэрстваў. Тады мы яшчэ мелі афіцыйную рэгістрацыю.

Прававы нігілізм, пагарда да міжнародных пагадненьняў існавалі ўсе гэтыя 20 гадоў. Беларускія ўлады падкрэсьлена ігнаравалі тыя міжнародныя пагадненьні, якія тычыліся грамадзянскіх і палітычных правоў.

Падрыхтоўка такога дакладу — шараговая падзея ў практыцы пераважнай большасьці краінаў. Такія даклады рыхтуюцца раз на 5 гадоў, яны рыхтуюцца і па іншых камітэтах ААН — у камітэце супраць катаваньняў, у камітэце па гендэрнай роўнасьці. Нядаўна мы рыхтавалі даклад аб праблеме катаваньняў, і мы, праваабаронцы, выступалі як альтэрнатыва афіцыйнаму дакладу.

У апошнія некалькі гадоў беларускія ўлады прыбралі сваю пагарду да міжнароднай грамадзкай думкі. Найперш тут праяўляе актыўнасьць МЗС. Важна тое, што ў дэлегацыі на апошняй сэсіі Камітэту ААН па правах чалавека прысутнічалі прадстаўнікі і іншых міністэрстваў, ня толькі ад МЗС.

Кантакты з МУС, зь Міністэрствам юстыцыі паказваюць, што яны вельмі мала кантактаў маюць зь міжнароднымі структурамі. Яны проста не арыентуюцца, што гэта такое. На сёлетнім пасяджэньні КПЧ прадстаўніца Сьледчага камітэту вельмі красамоўна пракамэнтавала «справу БелТА», сказаўшы, што гэта «банальнае хакерства». Вось такая пагарда з боку звычайных чыноўнікаў.

— А людзі з МЗС больш вытанчаныя?

— Так, яны ў гэтых пытаньнях як рыба ў вадзе, яны вельмі падрыхтаваныя. Там пастаўленая задача зьмікшаваць, «прыпудрыць» жахлівы твар беларускага аўтарытарызму. Чым яны актыўна і займаюцца. Афіцыйны даклад аб правах чалавека ў Беларусі такім «макіяжам» і быў.

Праваабарончыя арганізацыі прадставілі свой альтэрнатыўны даклад, дэлегацыі іншых дзяржаваў яго ўважліва вывучылі. І тэмы, якія мы ўзьнімалі, фігуравалі ў пытаньнях, якія задаваліся беларускай дэлегацыі. І на дзясяткі пытаньняў адказу не было, беларускія чыноўнікі ўхіляліся ад адказаў ці давалі адказы вельмі агульныя.

Я мяркую, што выкананьне працэдуры ўсё ж хоць крыху дысцыплінуе ўлады. І тое, што пачаўся працэс фармальнай справаздачнасьці па такіх балючых пытаньнях, як правы чалавека, — гэта нармальна і станоўча. Не наўпроставы, але ўскосны ўплыў гэтыя працэдуры, абмеркаваньне, падрыхтоўка гэтых дакладаў будуць мець.

— Падчас абмеркаваньня гэтых двух альтэрнатыўных дакладаў ці быў нейкі дыялёг, вочны ці завочны, паміж іх аўтарамі?

— Вельмі ўскосны быў дыялёг. МЗС праводзіла кансультацыі, але вельмі фармальныя, калі рыхтавала свой даклад. Яны проста запрасілі некаторых прадстаўнікоў зарэгістраваных праваабарончых арганізацыяў. Тыя выказвалі пэўныя тэзы, якія знайшлі адлюстраваньне ў афіцыйным дакладзе. Ну, а альтэрнатыўны даклад, падрыхтаваны праваабарончымі арганізацыямі, быў дасланы ў міністэрствы яшчэ некалькі месяцаў таму, яшчэ ўвесну.

У МЗС быў час падумаць, як сфармуляваць адказы на магчымыя пытаньні. Там ролі падзеленыя. Калі роля МЗС — «прыпудрываць носік» беларускаму рэжыму, то такія ведамствы, як МУС, пракуратура, Мін'юст, суды — яны маюць зусім іншую задачу: абмяжоўваць грамадзкую актыўнасьць, караць за яе. Гэта тое, чым займаюцца гэтыя ведамствы ў рэпрэсіўных дзяржавах. І тут ёсьць пэўная разьдзёртасьць сытуацыі. МЗС спрабуе паказаць, што Беларусь прынамсі выконвае міжнародныя абавязаньні, і выпраўляць фундамэнтальныя рэчы, а названыя ведамствы маюць прасьцейшыя задачы — трымаць усё пад кантролем, каб не было ніякай небясьпекі для існай улады.

https://dp.spring96.org/be/news/91069

Архіў

Сьнежань 2018
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Відэа

праваабарончыя сайты