Навіны

ПАРЕ заклікае не запускаць Астравецкую АЭС

Парламенцкая Асамблея Савета Еўропы заклікала нацыянальны ядзерны рэгулятар Беларусі — дэпартамент па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд) — не выдаваць ліцэнзію на эксплуатацыю Беларускай АЭС да паляпшэння сістэм бяспекі станцыі. Пра гэта сярод іншага гаворыцца ў рэзалюцыі аб ядзернай бяспецы ў Еўропе, прынятай на 34-й сесіі ПАСЕ ў Страсбургу.

У дакуменце, апублікаваным на сайце ПАСЕ, гаворыцца, што асамблея настойліва заклікае дзяржавы, якія будуюць АЭС, забяспечыць павышэнне патрабаванняў бяспекі да сваіх станцый, „у поўнай меры прыняўшы да ўвагі асаблівасці праекта, прынцыпы працы, рэгулюючыя меры, а таксама знешнія механізмы абароны і планы па забеспячэнні гатоўнасці да надзвычайных сітуацый”.

Згадваючы будаўніцтва Беларускай АЭС, чальцы ПАСЕ спаслаліся на рэзалюцыю 2172 ад 2017 года, у якой выказваецца шкадаванне ў сувязі з адсутнасцю павагі ў Беларусі да міжнародных стандартаў ядзернай бяспекі і сур’ёзнымі інцыдэнтамі, якія адбыліся на будпляцоўцы станцыі.

Асамблея заклікала Дзяржатамнагляд не выдаваць ліцэнзію на эксплуатацыю БелАЭС да выканання шэрагу ўмоваў, у прыватнасці, да таго часу, пакуль у поўнай меры не будуць рэалізаваныя рэкамендацыі экспертаў Еўрапейскай групы па бяспецы ядзерных рэактараў; не будзе забяспечаная сейсмічная ўстойлівасць сістэм бяспекі і басейна адпрацаванага паліва АЭС; не будзе ўзмоцненая абарона рэактараў ад падзення цяжкіх самалётаў.

Чальцы ПАСЕ таксама лічаць, што да выдачы ліцэнзіі БелАЭС павінны быць палепшаныя механізмы абвесткі прылеглых раёнаў і краін аб інцыдэнтах. З суседнімі дзяржавамі, у прыватнасці Літвой, павінна быць заключанае пагадненне аб дзеяннях у выпадку надзвычайных здарэнняў.

Акрамя таго, абавязковай умовай для дазволу працы станцыі павінна стаць поўнафарматная місія МАГАТЭ па ацэнцы пляцоўкі і дызайну АЭС з улікам знешніх уздзеянняў (SEED-місія), а таксама поўнае завяршэнне ацэнкі Астравецкай пляцоўкі на адпаведнасць міжнародным патрабаванням.

БелаПАН

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/pare-zaklikae-ne-zapuskats-astravetsk/

12.10.2018
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

праваабарончыя сайты