Навіны

Кожны мае права: Вяршэнства права

Кожны мае права: Вяршэнства права

“Важна, каб нашы прадстаўнікі судовых і праваахоўных органаў, адвакатуры разумелі сутнасць правоў чалавека”

Барыс Звозскаў, беларускі праваабаронца, першы прэзідэнт Беларускага дома правоў чалавека ў Вільні

Існуе некалькі важных канцэпцый, якія не звязаныя з правамі чалавека непасрэдна, але з’яўляюцца своеасаблівым “пажыўным асяроддзем”, наяўнасць якога дазваляе найбольш поўна рэалізаваць правы і свабоды на практыцы. Сярод такіх канцэпцый найважнейшымі з’яўляюцца дэмакратыяправавая дзяржава і вяршэнства права.

Пра гэтыя паняцці і сувязь іх з правамі чалавека распавядаем ў чарговым прававым лікбезе ад “Вясны”, па слядах дапаможніка і перасоўнай экспазіцыі “Кожны мае права ведаць свае правы”.

Што можа стрымліваць самавольства дзяржаўнай улады ў дачыненні да чалавека?

Відавочна, што мы не зможам рэалізаваць свае правы і свабоды ў грамадстве, дзе прадстаўнікам улады дазволена рабіць усё, што ім захочацца. Прававая дзяржава і вяршэнства права і з’яўляюцца тымі прынцыпамі, якія закліканыя мінімізаваць самавольства дзяржаўнай улады.

Што ж такое прававая дзяржава?

Вельмі простае і дакладнае вызначэнне прававой дзяржавы даў польскі праваабаронца Марэк Навіцкі:

Прававая дзяржава – гэта дзяржава, дзе існуюць выразныя, зразумелыя для ўсіх правілы гульні, якія выконваюцца ўсімі; дзе кожны і кожная могуць з вялікай доляй верагоднасці прадбачыць наступствы сваіх учынкаў. Гэтакімі ж прадказальнымі ў прававой дзяржаве павінны быць і дзеянні ўсіх суб’ектаў уладных паўнамоцтваў.

Якім чынам “дасягаецца” прававая дзяржава?

Дзеля дасягнення гэтых мэтаў улада ў прававой дзяржаве падзеленая на заканадаўчуювыканаўчую і судовую – гэта робіцца дзеля недапушчэння ўзурпацыі ўлады адной асобай, органам або сацыяльнай групай.

Яшчэ адной важнай прыкметай прававой дзяржавы з’яўляецца наяўнасць грамадскай дамовы – канстытуцыі, а таксама ўпаўнаважанага і незалежнага органа, які назірае за выкананнем палажэнняў канстытуцыі ўсімі галінамі ўлады і за адпаведнасцю  дзеючых законаў канстытуцыйным нормам. Такім органам у большасці дэмакратычных краін з’яўляецца Канстытуцыйны Суд.

Як вырашаюцца спрэчкі ў прававой дзяржаве?

Прававая дзяржава прадугледжвае ўзаемную адказнасць чалавека і ўлады. Чалавек бярэ на сябе абавязацельствы выконваць законы, але і дзяржава абавязваецца якасна прадастаўляць кожнаму з нас усе неабходныя “кіраўніцкія паслугі” і ствараць умовы для рэалізацыі гарантаваных кожнаму чалавеку правоў і свабодаў. А ўсе спрэчкі паміж людзьмі, а таксама паміж чалавекам і дзяржаўнай уладай у прававой дзяржаве вырашае незалежны арбітр – суд.

Прававая дзяржава азначае, што ўсе мы гуляем паводле правілаў, і гуляем сумленна. Калі хто-небудзь з гульцоў пастаянна парушае правілы і не хоча прызнаваць сваіх парушэнняў, гульня губляе сэнс. А гэта значыць, што для захавання гульні патрэбны ўзаемны кантроль – дзяржава павінна сачыць за тым, каб людзі не парушылі вызначаных правіл, але яшчэ важней, каб грамадства пільна сачыла за дзеяннямі ўлады і рэагавала ў кожным выпадку, калі прадстаўнікі ўлады парушаюць закон і перавышаюць прадастаўленныя ім паўнамоцтвы. Для ажыццяўлення гэтага кантролю ў прававой дзяржаве ствараюцца адпаведныя інстытуты і працэдуры.

Што такое прынцып вяршэнства права?

Калі кажуць пра прынцып вяршэнства права, маюць на ўвазе тое, што адносіны паміж людзьмі і адносіны паміж чалавекам і дзяржавай рэгламентуюцца выключна сістэмай права – канстытуцыяй і законамі. І ніводзін чыноўнік, ніводзін дзяржаўны орган, акрамя вышэйшага заканадаўчага (у нашай краіне такую функцыю выконвае Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь), не можа адмяняць або адвольна ўносіць змены ў гэтыя афіцыйна вызначаныя правілы.

Прынцып вяршэнства закона ўстанаўлівае іерархію норм права і кажа пра тое, што ніводзін падзаконны акт (загад, распараджэнне, інструкцыя і да т.п.) не можа супярэчыць прававым актам больш высокага парадку – канстытуцыі і законам, прынятых парламентам.

Што ж такое дэмакратыя?

Варта сказаць яшчэ некалькі словаў пра дэмакратыю – канцэпцыю, якая таксама апасродкавана, але даволі шчыльна звязаная з канцэпцыяй правоў чалавека. Гаворачы пра дэмакратыю, мы маем на ўвазе грамадства, дзе ўладу ў інтарэсах народа ажыццяўляюць яго прадстаўнікі, абраныя паводле вызначаных працэдураў. Лічыцца, што такі дзяржаўны лад дае кожнаму і з нас больш магчымасцяў браць удзел у кіраванні агульнымі рэсурсамі, уплываць на прыняцце рашэнняў, ад якіх залежаць нашыя сучаснасць і будучыня.

Гісторыя паказвае нам, што ўлада большасці таксама можа быць бесчалавечна жорсткай. Рашэннем большасці быў адпраўлены на смерць грэцкі філоваф Сакрат, менавіта большасць прывяла да ўлады ў Германіі Адольфа Гітлера. Такім чынам, дэмакратыя сама па сабе таксама яшчэ не з’яўляецца гарантыяй захавання правоў чалавека. Але, з іншага боку, цяжка прывесці прыклады аўтарытарных, таталітарных ці тэакратычных дзяржаваў, дзе б узровень выканання правоў чалавека быў бы вышэйшы за дэмакратычныя краіны. З існуючых сёння формаў праўлення менавіта дэмакратыя дае нам найбольш магчымасцяў для рэалізацыі і аброны сваіх правоў і свабодаў.

Сучаснае ўяўленне пра дэмакратыю таксама зведала істотныя змены. Сёння, кажучы пра дэмакратыю, мы ўжо не гаворым толькі аб прыняцці рашэнняў большасцю галасоў. Мы разумеем, што, гэтак жа, як і любая іншая ўлада, улада большасці павінна быць абмежаваная. 

Ці гарантуе ўсё гэта выкананне правоў чалавека?

Увасабленне гэтых канцэпцый само па сабе яшчэ не з’яўляецца гарантыяй выконвання правоў чалавека. Бо гітлераўскую Германію з пэўным абагульненнем можна назваць прававой дзяржавай, дзе дзейнічалі выразныя прававыя нормы і самавольства чыноўнікаў было зведзенае да мінімуму. Але на падставе прынятых у гэтай краіне законаў было закатавана і забіта некалькі мільёнаў чалавек. Таму пасля Другой сусветнай вайны канцэпцыя прававой дзяржавы была дапоўненая яшчэ адным важным складнікам – неабходнасцю выканання правоў чалавека з боку дзяржаўнай улады. Убачыўшы зверствы нацыстаў, чалавецтва прыйшло да высноваў, што недастаткова проста наяўнасці законаў, якія рэгулююць узаемаадносіны людзей і ўлады. Гэтыя законы павінны яшчэ і быць гуманнымі ды абараняць той мінімальны пералік агульнапрызнаных каштоўнасцяў і патрэбаў людзей, якія мы цяпер называем правамі чалавека.

Чытайце таксама пра Паходжанне правоў чалавека, Чалавечую годнасцьПрынцыпы правоў чалавекаСалідарнасцьНедыскрымінацыю, Абмежаванні, Свабоду ад катаванняў, Права на жыццё і Смяротнае пакаранне ў Беларусі.


Беларускі варыянт выставы “Кожны мае права ведаць свае правы” быў адаптаваны Праваабарончым цэнтрам “Вяснам” у межах сумеснай дзейнасці Міжнароднай сеткі Дамоў правоў чалавека праграмы “Дом Дому”.

У распрацоўнцы стэндаў выкарыстаны фотаздымкі і ілюстрацыі з конкурсаў, якія праводзіліся Усеўкраінскай асветнай праграмай “Разумеем правы чалавека”, Украінскім Хельсінкскім саюзам правоў чалавека, грамадскай арганізацыі “М’АРТ”.

http://spring96.org/be/news/91095

Архіў

Сьнежань 2018
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Відэа

праваабарончыя сайты