Навіны

130 гадоў з дня нараджэння Язэпа Драздовіча

У гады савецкай улады творчая спадчына Драздовіча ігнаравалася ўладамі, бо не стасоўвалася з камуністычнымі ўяўленьнямі пра мастацтва. Імя мастака зноў атрымала шырокую вядомасьць дзякуючы пісьменьніку Арсеню Лісу, які ў 1984-ым выдаў кнігу “Вечны вандроўнік”.

Язэп Драздовіч нарадзіўся 13 кастрычніка 1888 году ў засьценку Пунькі Дзісенскага павету Віленскай губерні ў сям’і збяднелага шляхціца-арандатара. Рана страціў бацьку, вучобу пачаў у Дзісенскай гімназіі, а ў 1906 годзе пераехаў у Вільню, дзе паступіў у мастацкую школу жывапісца Івана Трутнева. Цягам чатырох гадоў Язэп засвойваў азы мастацтва і праходзіў курс акадэмічнага малявання. З-за нястачы падпрацоўваў у мастацкіх майстэрнях. Творчае станаўленне Драздовіча адбывалася пад вялікім уплывам набіраўшага хаду беларускага нацыянальнага адраджэння.

У 1910 годзе Язэп Драздовіч быў прызваны ў расейскае войска, скончыў курсы фэльчараў. Сусветную вайну сустрэў у арміі, там захварэў тыфус і на два месяцы трапіў ў шпіталь. Пасля адпачынку з надведваннем радзімы вярнуўся ў войска. Толькі ў 1917-ым мабілізаваўся. З аптымізмам вітаў Першы Ўсебеларускі кангрэс. На сваёй малой радзіме мастак стварыў народную бібліятэку, аматарскі тэатр. У 1919-ым пераехаў у Менск, працаваў ілюстратарам, арганізаваў культурна-асветнае таварыства «Заранка».

У 1921 годзе пасля падзелу айчыны Драздовіч вярнуўся на родную Дзісеншчыну. Там, нягледзячы на перашкоды польскіх уладаў, разгарнуў асветніцкую дзейнасць. Таксама шмат ездзіў у экспедыцыі, вёў раскопкі, збіраў фальклёр. У выніку вандровак, якія ахапілі амаль усю Заходнюю Беларусь, з’явіліся ёмістыя альбомы графікі, якія сталі непаўторнай з’явай у беларускім мастацтве. У другой палове 1920-ых Драздовіч выкладаў маляванне ў Глыбоцкай школе, Наваградскай і Радашкавіцкай беларускіх гімназіях, супрацаваў з Акадэміяй навук у Мінску.

У пачатку 1930-ых гадоў Драздовіч нейкі час працаваў на Беласточчыне па запросінах ТБШ: афармляў спектаклі на сцэне таварыства, удзельнічаў ў працы кааператыўнага выдавецтва «Сяўба». Адметнай рысай Язэпа Драздовіча было ягонае апантанае захапленне космасам. У 1933 годзе Драздовіч вяртаецца на Дзісеншчыну. Там мастак стварыў вялікую колькасьць графічных і жывапісных твораў, заснаваў культурны асяродак у Летніках і Германавічах. Штогод улетку мастак выпраўляўся ў вандроўкі па краі. Пасля 1939-га Драздовіч вучыўся на настаўніцкіх курсах і працаваў настаўнікам у Глыбокім і Лужках.

Пасля вайны з-за праблем са здароўем Язэп Драздовіч працаваў мала. Асноўнай крыніцай заробку былі маляваныя дываны для сялянаў. Драздовіч – аўтар шматлікіх жывапісных і графічных працаў на гістарычныя тэмы.

Памёр Драздовіч у 1954 годзе ў мястэчку Падсьвільле, пахаваны на могілках паміж в. Ліпляны і Малыя Давыдкі (Глыбоцкі р-н). На магіле пастаўленая стэла з барэльефам. У Менску ў Траецкім прадмесці ёсць помнік мастаку. У яго гонар названыя вуліцы ў Менску, Воршы, Маладэчне, Наваградку, Глыбокім, Шаркоўшчыне, Радашкавічах.

У Германавічах існуе грамадскі Культурна-асьветніцкі цэнтр.

13.10.2018

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты