Навіны

115 гадоў з дня нараджэння Лявона Рыдлеўскага

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч Лявон Рыдлеўскі нарадзіўся 14 кастрычніка 1903 года ў мястэчку Ульянавічы тагачаснай Магілёўскай губерні (цяпер Сенненскі раён Віцебскай вобласці).

Відавочна, што на фармаванне светагляду юнака паўплывалі бурлівыя падзеі пачатку дваццатага стагоддзя і абвешчанне Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1917-1920 гадах Рыдлеўскі навучаўся ў Слуцкай беларускай гімназіі, быў сябрам ведамага культурна-асветніцкага гуртка “Папараць-кветка”. Быў адным з сама маладых удзельнікаў (яму было толькі 17 гадоў) антыбальшавіцкага Слуцкага паўстання 1920 года і антысавецкага партызанскага руху на Палессі да 1921 года.

Пазней, у 1923 годзе Рыдлеўскі скончыў Віленскую беларускую гімназію, а ў 1929 годзе – Вышэйшы політэхнічны інстытут у Падэбрадах (Чэхаславаччына). У час навучання ў Чэхаславаччыне быў сябрам Аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый замежжа і Заходняй Беларусі. У 1929 разам з Міколам Абрамчыкам, сваім добрым сябрам і аднагодкам, пазнейшым старшынём Рады БНР, выехаў у Францыю. У яе сталіцы Парыжы быў ініцыятарам стварэння і адным з кіраўнікоў “Хаўруса беларускай працоўнай эміграцыі ў Францыі” у 1930-31 гадах. На пачатку Другой сусветнай вайны дамогся дазволу ваяваць беларусам у складзе французскага замежнага легіёну. Ён быў толькі адным з каля сарака жаўнераў, якія засталіся пасля сутыкнення з Вермахтам, але правёў усю Другую сусветную вайну ў партызанцы. У час акупацыі Францыі ўдзельнічаў у французскім Супраціве. Пасля вайны ён быў адным з тых, хто спрычыніўся да ўратавання каля двухсот беларусаў з Даніі ад выдачы сталінскаму ўраду.

У 1945-1947 гадах Лявон Рыдлеўскі выдаваў газету “Беларускія навіны”. Усяго ў Парыжы выйшла 8 нумароў гэтай газеты. У 1947 годзе Рыдлеўскі абраны сакратаром Прэзідыуму, пазней – віцэ-прэзідэнтам Рады БНР. У лістападзе 1948 года на Першым сусветным з’ездзе беларускай эміграцыі выбраны старшынём “Сусьветнага аб’яднаньня беларускай эміграцыі”. Жыў у Вялікабрытаніі. Падтрымліваў цесныя сувязі з Беларускім домам ордэна марыянаў, іншымі беларускімі рэлігійнымі арганізацыямі.

Івонка Сурвілла, старшыня Рады БНР так успамінае пра яго: “Я памятаю Лявона Рыдлеўскага з Парыжу. Калі мы туды прыехалі, мне было толькі 12 гадоў. Ён нас спаткаў. Ён тады намі апекаваўся. Ён фактычна быў апекуном усіх новапрыежджых беларусаў у Парыжы. Усім памагаў. Жыў вельмі цяжка, але быў сапраўды адданы свайму народу”. 

Лявон Рыдлеўскі памёр 24 кастрычніка 1953 года, быў пахаваны на могілках Гемпстэд у Лондане. 11 снежня 1955 года на ягонай магіле быў усталяваны помнік, які пазней знік. Аднак у Скарынаўскай бібліятэцы захаваліся здымкі помніка. Пытанне аднаўлення мемарыялу было ўзнятае Згуртаваннем беларусаў у Вялікай Брытаніі, якое выдаткавала неабходныя сродкі. Наталля Гардзіенка, гісторык з Менску, і сябры суполкі Беларуская Нацыянальная Памяць расшукалі арыгінальнае месца пахавання Рыдлеўскага. Пасля доўгай перапіскі Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі з мясцовымі уладамі атрымалі дазвол аднавіць помнік на цяпер ужо закрытых могілках. 27 лістапада 2010 года помнік Лявону Рыдлеўскаму быў адноўлены. На яго адкрыцці малебен правёў айцец Сяргей Стасевіч.

14.10.2018

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты