Навіны

Замкі ля замкаў

З Менску мы выехалі пад абед. За вакном аўтамабіля цудоўная беларуская восень з суквеццем пяшчотных колераў і велічнай задумлівасцю даляглядаў. Нават на дарогу Менск-Гародня глядзець не хочацца, хоць і будуюць яе бойка, і як кажуць людзі, якія ўсё ведаюць, на замежныя грошы.

А глядзець хочацца па баках, дзе рознакаляровасць фарбаў зачароўвае і запрашае да ўспамінаў юнацтва. А пахі… Выкапанай бульбай пахне нават у салоне аўтамабіля. Ды што там салон. Нават у цэнтры Менску пахне. Бульбай, яблыкамі, апаўшым лісцем… А неба… Якая цудоўная восень на Беларусі!

– Я то лепш лета люблю, – кажа мой прыяцель. – А восень дык не асабліва. Як па мне, то хай бы лепш дзве вясны было, чым адна восень.

Вельмі часта прыходзіцца чуць такое меркаванне пра восень ад прадстаўнікоў майго пакалення. Доўга думаў над гэтым. Чаму многія так пра маю самую любімую пару году кажуць? Сам адказу не знайшоў. Адзін псіхолаг дапамог. Кажа, гэта псіхалагічная траўма дзяцінства. І звязаная яна напрамую з тым часам, калі не толькі ў хаце трэба было бульбу капаць, але і ў савецкай школе добрую палову восені дзяцей ганялі ў калгас на палявыя работы. Калгасаў нарабілі, а добрых калгаснікаў нарабіць аказалася куды цяжэй. Вось школьнікі і дапаўнялі восеньскі палявы пейзаж.

А восені ў часы нашага дзяцінства акурат на капанне бульбы былі даволі дажджлівымі. І не вельмі прыемна было капацца ў балоце, хварэць, ды і проста з неакрэпшым дзіцячым пазваночнікам цягаць кашы з бульбай на калгасныя машыны. Вось адтуль, як сказаў псіхолаг, у многіх на ўсё жыццё ўспрыманне восені папсавалася. Забралі ў вялікай колькасці людзей бальшавікі любоў да гэтае пары году.

Я то часта філоніў, уцякаў у лес, і напэўна таму любоў да восені захаваў на ўсё жыццё. А вось тыя, каму больш залежала на адзнаках, маглі і паплаціцца любоўю да беларускай залаталіснай прыгажуні.

– А вось замкі я люблю ў кожную пару году, – кажа сябра і прапаноўвае павярнуць машыну ў Крэва. – Там пачалі ўжо рэстаўрацыю, добра было б паглядзець, ды фотак нарабіць, – тлумачыць.

І праўда, Крэўскі замак аточаны тэхнікай, плотам, па сярэдзіне стаіць кран і некаторыя вынікі яго працы ўжо заўважныя. Настрой падняўся і якая розніца, за еўрапейскія гэта грошы, ці за свае, галоўнае што гістарычная спадчына ратуецца.

І нават прыбіральня стаіць, і на самым відным месцы. Усе ўмовы, як бы мовіць. Ды вось схадзіць у яе па натуральнай патрэбе аніяк не ўяўляецца мажлівым. На прыбіральні вісіць новенькі і даволі важкі замок.

Я праз смех успамінаю стары анекдот, як мужык пабудаваў новую прыбіральню а дзверы рабіць не стаў. І вось сусед пачынае пытаць яго:

– Мікола, а чаму ты ў прыбіральні дзверы не робіш?

– А што там красці? – Адказвае той.

Ну а ў гэтай прыбіральні відаць ёсць што красці, раз яе зачынілі на замок. Ці можа ён толькі для рабочых, і яны не хочуць пускаць туды іншых сабе падобных з адпаведнымі праблемамі? Ну то куды ісці тым іншым? Турыстам, напрыклад, якія цэлым аўтобусам прыедуць паглядзець знакаміты Крэўскі замак. Няўжо рабочым будзе больш прыемна, калі яны сходзяць на працоўны аб’ект, дзе тыя рабочыя працуюць?

Пасля Крэва паехалі ў Гальшаны. Душа цешыцца як бачыш адноўленую вежу. Стаіць белая, прыгожая як лялечка. З самага дзяцінства марыў убачыць яе такой. І вось мара збылася. І сябру майму спадабалася.

– І чаго некаторыя выступаюць, што тут нешта ўсё не так, – абураецца ён. – Вось ёсць жа людзі, якім ніколі не дагодзіш! Няўжо было лепш, як усё тут сыпалася і знікала. А так адбудуюць, і пасля падтрымліваць у належным стане будуць.

Ды і я асаблівых хібаў сваім недасведчаным у рэстаўрацыі вокам не убачыў. Толькі вось замок на прыбіральні не заўважыць было немажліва. Вялікі такі, прыгожы. Эх гэтыя замкі! Як іх у нас любяць. Раней у вёсках замкоў нават у хатах не вешалі. А вось зараз вісяць. Ды дзе?! Сорамна сказаць нават.

Вось едзем у Гародню і пра замкі размаўляем. Наўрад ці тыя замкі могуць учыніць каму псіхалагічную траўму як капанне бульбы да восені. Але сам бачыў, як адзін турыст сваё малое дзіця цягаў па калючых кустах, шукаючы ля замка месца, дзе няма замка. Прыемнага мала. 

Віктар Сазонаў


15.10.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты