Навіны

Тэктанічны зрух

Падзея, якая адбылася на мінулым тыдні, па сваёй значнасці для праваслаўя, а можа і ўсяго хрысціянства, магчыма увойдзе ў гісторыю рэлігіі як падзея стагоддзя. Усяленскі патрыярхат у Канстанцінопалі на Свяцейшым сінодзе скасаваў рашэнне сваіх папярэднікаў ажно з 1686 года. 11 кастрычніка пастанова больш чым трохсотгадовай даўніны была адменена. Паводле новага рашэння перадача Кіеўскай мітраполіі ў кіраванне маскоўскай царквы прызнаная незаконнай. Рашэнне гэтае прынятае ў рэчышчы прадстаўлення Украіне тамоса – права на аўтакефалію праваслаўнай царкве.

Акрамя гэтага прадстаяцеля Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхата Філарэта і прадстаяцеля Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Макарыя Сінод Усяленскага патрыярхату аднавіў у кананічным сане. Прыгадаем, што Руская праваслаўная царква ў 1997 годзе абвесціла анафему патрыярху УПЦ КП Філарэту (Дзенісенку). У 1992 годзе Маскоўская патрыярхія пазбавіла яго сана мітрапаліта, звінаваціўшы ў раскольніцтве. Таксама РПЦ не прызнала УАПЦ, якую з 2015 года ўзначальвае мітрапаліт Макарый (Малеціч). Пасля гэтага і высілкі праваслаўных іерархаў Украіны і дыпламатычныя захады кіраўніцтва краіны былі скіраваныя на атрыманне аўтакефаліі. Яшчэ пару гадоў таму прадстаўнікі РПЦ публічна смяяліся з спробаў украінцаў дамагчыся юрыдычнай незалежнасці ад маскоўскага патрыярхату. І вось яна новая рэальнасць! У ёй, між іншым, украінцам засталася фармальная, хоць і не зусім простая рэч – правядзенне аб’яднаўчага сабору дзвюх рэальных украінскіх праваслаўных цэркваў. Няма сумневу, што да яго далучыцца і частка, хоць і меншая, іерархаў і святароў, якія дагэтуль заставаліся ў падпарадкаванні РПЦ.

   Сама галоўнае для беларусаў у гэтай сітуацыі тое, што зараз дэ-юрэ і Беларуская праваслаўная царква не абавязана кананічна падпарадкоўвацца Маскоўскаму патрыярхату. І хоць да рэальнай аўтакефаліі беларусам яшчэ далёка, але, вобразна кажучы, адбыўся тэктанічны зрух, які ўжо ў блізкай гістарычнай перспектыве мае незваротны характар. Не абавязаны падпарадкоўвацца Маскве зараз і праваслаўныя Літвы, а таксама некалькіх рэгіёнаў, якія ўваходзяць цяпер у склад самой РСФСР (!) – гэта землі былой Рэчы Паспалітай 17-га стагоддзя.

Масква за гэты перыяд “халодна й вайны” “з усімі і за ўсё” атрымала ад Усяленскага патрыярхату зараз паразу большую, чым ад усіх палітычных аб’яднанняў і дзяржаў Захаду і Усходу, з якімі яна канфліктуе, разам. Нездарма ўзнікла сапраўдная паніка і Пуцін нават тэрмінова склікаў паседжанне Савету бяспекі, на якім прысутнічалі ўсе галоўныя сілавікі дзяржавы. І гэта пры тым, што заканадаўча царква ў Расеі аддзелена ад дзяржавы! Але гэта толькі заканадаўча. Насамрэч жа яна даўно прыватызавана гэтай дзяржавай і пастаўленая ёй на службу. Служыць гэтай дзяржаве верай і няпраўдай.

Рашэнне Усяленскага патрыярхату па сваім змесце апынулася куды цяжэйшым за проста прадстаўленне Украіне аўтакефаліі. Яно канчаткова разбурае ідэю так званага “русского мира”. Невыпадкова пастанова Канстанцінопальскага сінода выклікала сапраўдную паніку ў расейскіх дзяржаўных колах. Зараз Маскоўскі патрыярхат апынецца ў ізаляцыі. Магчыма яму ўдасца перацягнуць на свой бок адну-дзве з іншых чатырнаццаці Памесных цэркваў, але і гэта пад вялікім сумневам. Так што менавіта РПЦ зараз будзе выглядаць як галоўны раскольнік сучаснага сусветнага праваслаўя. Так, як яно ўласна і ёсць.

Таму можна зразумець тую ліхаманкавасць, з якой маскоўскі патрыярх Кірыл яшчэ па гарачых слядах Пуціна паляцеў у сталіцу Беларусі. Невыпадкова тут пройдзе сінод РПЦ, на якім будуць і анафемы і розныя палітычныя заявы. Ужо першы дзень знаходжання Кірыла ў Мінску адзначыўся скандалам – за крытыку маскоўскага іерарха ад вядзення службы адхілены адзін з аўтарытэтных беларускіх святароў. Масква і тут гатовая задушыць у сваіх “братэрскіх абдымках” усіх нязгодных з яе палітыкай. Беларусь – гэта яе апошняя падпарадкаваная мітраполія, апошняя надзея.

Але “тэктанічны зрух” ужо адбыўся.  

Уладзімір Хільмановіч

 



17.10.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты