Навіны

Аўгустоўскі канал атрымаў уласны сайт

У інтэрнэце пачаў працу партал, прысвечаны ўнікальнаму гідратэхнічнаму збудаванню – Аўгустоўскаму каналу, паведаміў начальнік упраўлення спорту і турызму Гарадзенскага аблвыканкама Алег Андрэйчык.

„Інтэрнэт-рэсурс прысвечаны турыстычным магчымасцям Аўгустоўскага канала і Гарадзенскага рэгіёну. Тут сабрана вялікая колькасць інфармацыі для арганізацыі тураў, адпачынку, падарожжаў на любы густ. Тут прадстаўлены цэлы пералік гістарычных аб’ектаў, музеяў, турыстычных маршрутаў, аб’ектаў грамадскага харчавання, крам Гародні і Гарадзенскага раёна. У рэжыме анлайн на сайце можна даведацца месцазнаходжанне і вывучыць кароткае апісанне гарадскіх гасцініц і аграсядзібаў, размешчаных у ваколіцах Аўгустоўскага канала. Таксама сайт прадаставіць інфармацыю аб магчымасцях бязвізавага наведвання рэгіёну, – адзначыў Алег Андрэйчык. – Пакуль партал даступны толькі на рускай мове, аднак неўзабаве выйдуць версіі на англійскай і іншых мовах. Адрас новага сайта – augustow.canal-tourism.com„.

Гэта першы спецыялізаваны партал, прысвечаны цалкам каналу і яго наваколлю. Створаны ён дзякуючы рэалізацыі сумеснага праекта кіравання спорту і турызму Гарадзенскага аблвыканкама і Еўрапейскага саюза.

Папулярнасць Аўгустоўскага канала ў турыстаў расце. У сезон 2018 года тут пабывала каля 102 тыс. гасцей як з розных рэгіёнаў Беларусі, так і з-за мяжы. 

„Мы бачым сур’ёзную дынаміку. Напрыклад, у леташнім сезоне канал прыняў каля 85 тыс. турыстаў. Пра тое, што Аўгустоўскі канал цікавы людзям, сведчыць узрослая ў некалькі разоў колькасць запытаў у пошукавіках, звязаных з унікальным гідратэхнічным збудаваннем. Дарэчы, цяпер знайсці адказы на свае пытанні карыстальнікам інтэрнэту будзе прасцей”, – распавёў Алег Андрэйчык.

Павялічылася ў гэтым годзе і колькасць людзей, якія скарысталіся магчымасцямі адзінага ў сваім родзе рачнога пункта пропуску „Лясная-Рудаўка”, размешчанага на канале. Тут беларуска-польскую мяжу можна перасекчы як на водным транспарце, так і на ровары і ў пешым парадку. Пасажырапаток тут у сезоне 2018 года ўзрос на 18%. Большасць з тых, хто перасякае тут мяжу, – бязвізавыя турысты. Аўгустоўскі канал, як і ўвесь Гарадзенскі раён – тэрыторыі, якія на тэрмін да 10 дзён замежнікі могуць наведваць без візы, што таксама спрыяе развіццю турызму. З пачатку года ў рэгіёне пабывалі звыш 70 тыс. бязвізавых турыстаў больш чым з 60 краін свету.

zviazda.by

Чытай больш на: https://www.racyja.com/vandrouki/augustouski-kanal-atrymau-ulasny-saj/

24.10.2018
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты