Навіны

Афарызмы палітычныя і не толькі…

Як казаў некалі майстар бытавога афарызму Віктар Чарнамырдзін: “Ніколі такога не было і вось зноў здарылася”. Ну ў былога палітычнага дзеяча і высокапастаўленага чыноўніка Савецкага Саюзу а пасля і Расійскай Федэрацыі Віктара Сцяпанавіча падобны жанр размовы быў натуральным, і многія лічаць, што абсалютна незразумелы для самога аўтара. Праўда, для чыноўнікаў постсавецкай прасторы гэта не навіна. Гаварылі яны ўсе незразумела і для сябе і для іншых. Але Віктар Чарнамырдзін і з гэтай шматколькаснай кагорты выдзяляўся нечаканасцю і трапнасцю сваёй спантаннай творчасці.

   Ну гаварыў ён і гаварыў, бо чыноўніку нешта гаварыць трэба. А што так удала атрымлівалася, дык гэта не яго віна. Не трэба зайздросціць. Ну а іншыя карыстальнікі яго творчасці разбіралі тыя выказванні на цытаты. Бо атрымлівалася ў Віктара Сцяпанавіча смяшыць людзей у сферах сур’ёзных, сур’ёзней якіх не бывае. Ну чаго вартыя толькі такія яго выказванні: “Нард пажыў і хопіць”, ці “Лепш за водку, горш няма”, або “Сэкс – гэта таксама форма руху”. Не смяяўся толькі ён сам, бо пра сэнс выказанага не асабліва грузіўся. А атрымалася класіка жанру. Мала які гумарыст можа пахваліцца той колькасцю цытат, якімі заваленая сённяшняя інтэрнетпрастора ад былога Старшыні міністраў РФ.

   Толькі аднойчы заўзятары палітычнага гумару знайшлі ў другога расійскага палітыка фразу, якая можа рэальна прэтэндаваць на лідарства. Гэта фраза прэм’ера Расійскай Федэрацыі Дзмітрыя Мядзведзева, калі той сказаў на сустрэчы з прадстаўнікамі свайго народа, што грошаў то няма, але вы, маўляў, трымайцеся. Як канкрэтна пратрымацца прэм’ер не стаў губляць часу на тлумачэнні, затое яго фраза натхніла многіх творцаў і ўвайшла ў разнастайныя формы народнай і прафесійнай творчасці, у вершы, песні, прозу, і хіба што некалі будзе намалёваная.

   Ну але тое, што свет пачуў ад цяперашняга кіраўніка Расіі, па праву зацьміла ўсе іншыя крылатыя фразы яго палітычных папярэднікаў розных рангаў. Яна бясспрэчна пераўзышла ўсе ранейшыя палітычныя цытаты, выказаныя хоць кім на палітычным алімпе да Улалзіміра Уладзіміравіча Пуціна. А ён то сказаў усяго некалькі слоў. 18 кастрычніка прэзідэнт РФ заявіў, што Расія можа прымяніць ядзерную зброю толькі ў адказ на атаку з боку іншай краіны. І тут дадаў: “Агрэсар мусіць ведаць: адплата непазбежная, усё роўна ён будзе знішчаны. А мы, як ахвяра агрэсіі, мы як пакутнікі, патрапім у рай, а яны проста здохнуць. Таму што яны нават раскаяцца не паспеюць”.

   Пасля гэтых слоў у залі прагучаў смех, але хіба што тыя, хто смяяўся, успомнілі яшчэ адну трапную фразу, што смяецца той, хто смяецца апошнім. Праўда, гэтае выказванне было зробленае не палітыкам і канкураваць з вышэйпрыведзенымі цытатамі не мае права.

   Затое мы нарэшце даведаліся, хто дакладна ведае якім чынам можна патрапіць у рай, а якім у пекла. Прадстаўнікі РПЦ не сталі гэтым разам аспрэчваць сваё першаснае права на падобныя тлумачэнні і раздаванне рэкамендацый вернікам, як знайсці дарогу ў неба. Яны зараз больш увагі надаюць пытанням звязаным з аўтакефаліяй Украінскай праваслаўнай царквы. І вось там таксама выказаліся даволі знакава. За тое, што ўкраінцам дазваляюць тую аўтакефалію, з колаў РПЦ прагучалі галасы, якія заклікалі прыхаджан пазбягаць паломніцтваў нават на знакамітую гару Афон, якую, дарэчы, неаднаразова наведваў усё той жа Уладзімір Пуцін. Я яшчэ заклікалі не фінансаваць там нікога, і нават не прычашчацца на тэрыторыі Канстанцінопальскага Патрыярхата.

   Я, як праваслаўны, заўсёды думаў, што на зямлі няма такога месца, дзе нельга маліцца, а пры наяўнасці адпаведнай структуры і прычасціцца. Але ж хто я такі каб мець свае меркаванні. Проста праваслаўны хлопец, як і мноства такіх як я праваслаўных і ў РПЦ, і на тэрыторыі Канстанцінопальскага Патрыярхата, і зараз ужо ў Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царкве. Таму наўрат ці нам простым пад сілу спасцігнуць тыя звышвысновы. Лепш перайсці да выказванняў больш мірскіх. І тут я першынство аддаў бы начальніку Расійскай Федэрацыі. Хоць можа мы, звычайныя выбарцы, і там не зусім дасведчаныя.

   Віктар Сазонаў.

25.10.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты