Навіны

Фэст памяці паўстанцаў 1863 года ў Свіслачы

У Свіслачы і Якушоўцы прайшоў традыцыйны фэст памяці паўстанцаў Каліноўскага 1863-1864.

У гэтых мясцінах было радавое гняздо Каліноўскіх, таму грамадскія актывісты Гарадзеншчыны традыцыйна праводзяць агульнабеларускі фестываль “Дзень памяці паўстанцаў 1863 года”.

Як паведаміў удзельнік мерапрыемства Віктар Сазонаў, прыехала некалькі дзясяткаў удзельнікаў, акцыю фатаграфавалі і здымалі на відэа шматлікія асобы ў цывільным:

– У дванаццаць гадзін усе сабраліся, людзей прыехала не шмат – некалькі дзясяткаў. Было вельмі шмат cцягоў, кожны трэці трымаў сцяг. А дванаццатай гадзіне людзі пайшлі ад касцёла на могілкі да магілы Віктара Каліноўскага, дзе Уладзімір Хільмановіч і Юрась Глебік расказалі гісторыю. Пасля гэтага праз усю Свіслач людзі са сцягамі пайшлі да помніка Кастусю Каліноўскаму, Рамуальду Траўгуту ды будынка Свіслацкай гімназіі.

Удзельнікі фэста наведалі магілу Віктара Каліноўскага, усклалі кветкі і паставілі знічы да помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту:

– Была вельмі цікавая рэакцыя мясцовых людзей, якія з усіх бакоў здымалі гэта ўсё на мабільныя тэлефоны. Гэтая калона машын, гэтыя людзі суправаджаліся супрацоўнікамі ў цывільным, якія здымалі на відэакамеры. Адбыўся невялічкі слоўны канфлікт удзельнікаў урачыстасцяў з адным з такіх “кінарэжысёраў”, калі людзі пачалі гаварыць, што хай не перашкаджае хаця б хадзіць, не лезе ў вочы, адыдзецца і робіць сваю справу з боку.

Затым удзельнікі фэста памяці паўстанцаў Каліноўскага накіраваліся ў Якушоўку, дзе знаходзілася сядзіба сям’і Каліноўскіх, зараз стаіць памятны крыж. Сёлета адзначаецца 155-ая гадавіна з часу пачатку паўстання, лідарам якога на нашых землях быў Кастусь Каліноўскі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/kultura/fest-pamyatsi-paustantsau-1863-goda-u-svisla/

27.10.2018
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Відэа

праваабарончыя сайты