Навіны

Кожны мае права: Свабода сумлення і веравызнання

Кожны мае права: Свабода сумлення і веравызнання

“Міжнародныя стандарты не прадугледжваюць абавязковай рэгістрацыі рэлігійных арганізацый, але па беларускіх законах незарэгістраваная рэлігійная дзейнасць цягне за сабой крымінальную адказнасць”

Дзіна Шаўцова, юрыст, удзельніца экспертна-прававога таварыства “Ініцыятыва FORB”.

Па слядах дапаможніка і перасоўнай экспазіцыі “Кожны мае права ведаць свае правы”, у прававым лікбезе ад “Вясны” тлумачым, што такое свабода сумлення і як яна рэалізуецца.

Што такое свабода сумлення?

Свабоду думкі, сумлення і рэлігіі сёння разумеецца як права кожнага чалавека самастойна выбіраць і вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць аніякай. Іншымі словамі, ніхто не можа прымушаць нас падзяляць тыя ці іншыя погляды. Свой светапогляд мы фарміруем самі, і ніхто не мае права навязваць нам свае перакананні. На шчасце, проста не існуе сродкаў, якія прымушалі б чалавека мяняць свой светапогляд насуперак ягонай волі. Менавіта таму некаторыя тэарэтыкі права адносяць першы складнік гэтай свабоды – свабоду думкі – да абсалютных (неабмежаваных) правоў чалавека.

Што прадугледжвае свабода сумлення? 

Які гістарычны шлях прайшла гэтая свабода?

Свабода думкі, сумлення і рэлігіі, ці, як часта называюць яе, свабода веравызнання, было адным з першых правоў, адстойванне якога аб’яднала многіх людзей у еўрапейскіх краінах. Драматычная гісторыя станаўлення гэтай свабоды мае карані глыбока ў сярэднявеччы і цесна звязаная са станаўленнем усёй канцэпцыі правоў чалавека. У сярэднія вякі ў Еўропе ўлада каталіцкай царквы была амаль што бязмежнай, нават еўрапейскя манархі не маглі кіраваць без падтрымкі Папы Рымскага.

Каталіцкія дагматы адыгрывалі вялікую ролю ў паўсядзённым жыцці еўрапейцаў, любое іншадумства строга каралася інквізіцыяй. Але ўжо ў XIV стагоддзі з’явіліся першыя парасткі супраціву ўлады каталіцкай царкве: спачатку прафесар Оксфардскага ўніверсітэта Джон Уікліф абвясціў неабходнасць знішчэння сістэмы папскага кіравання і зрабіў Біблію даступнай для многіх англічанаў – на роднай для іх мове. Менавіта погляды Уікліфа і яго паслядоўніка – чэшскага пастара Яна Гуса заклалі аснову для будучай Рэфармацыі – абвешчанага нямецкім прафесарам багаслоўя Марцінам Лютэрам масавага рэлігійнага і грамадска-палітычнага руху, у выніку якога ўзніклі і зацвердзіліся шматлікія новыя хрысціянскія канфесіі, якія не прымалі аўтарытэт каталіцкай царквы.

У якіх пагадненнях свабода веравызнання была ўпершыню замацаваная?

Супрацьстаянне паслядоўнікаў розных пратэстанцкіх плыняў каталікам прыняло формы крывавых войнаў, працягвалася больш за сто гадоў, прывяло да ўзнікнення на тэрыторыі Еўропы шэрагу нацыянальных дзяржаваў і прыняцця важных міждзяржаўных пагадненняў, якімі людзям гарантавалася свабода веравызнання. Пазней англійскім Білем аб правах 1689 года за асобай было прызнана права мець сваё ўласнае меркаванне і перакананні. У Францыі прынцып свабоды сумлення быў абвешчына ў Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна 1789 года:

На працягу XVIII і XIX стагоддзяў паняцце свабоды сумлення эвалюцыянавала ад патрабавання прызнання права вызнаваць любую рэлігію да права адмаўляць яе, быць атэістам.

Што з’яўляецца неад’емным і важным складнікам гэтай свабоды?

Не заўсёды дастаткова проста верыць у нешта. Людзі, якія вызнаюць пэўную рэлігію, патрабуюць і пэўных умоваў для адпраўлення абрадаў. І гэта таксама з’яўляецца важным складнікам свабоды веравызнання: дзяржава не можа забараняць вернікам будаваць такія культавыя збудаванні, якія яны лічаць патрэбнымі, насіць такое адзенне і сімвалы, якія адпавядаюць іх дагматам, а таксама павінна даць ім магчымасць збірацца для калектыўнага здзяйснення рэлігійных цырымоній і абараніць ад магчымых праяваў агрэсіі. Свабода думкі, сумлення і рэлігіі патрабуе ад дзяржаваў нейтральнасці і забараняе ім умешвацца ва ўнутранныя справы рэлігійных абшчын. З-за невыканання гэтага прынцыпу Еўрапейскі суд па правах чалавека прызнаў парушэнні ў справе Хасана і Чаўша з боку ўлады Балгарыі, якая сваім рашэннем змяніла кіраўніцтва і статут мусульманскай абшчыны.

Ці дапушчальна прапаганда рэлігійных поглядаў?

Справядаючы тую ці іншую рэлігію, чалавек таксама мае права прапагандаваць свае погляды і спрабаваць пераканаць іншых людзей у іх ісціннасці. Забарона на распаўсюд сваіх рэлігійных поглядаў спосабамі, якія не перашкаджаюць іншым рэалізоўваць свае правы, хутчэй за ўсё, будзе прызнаная парушэннем свабоды веравызнання, як гэта канстатаваў Еўрапейскі суд па справе “Какінакіс супраць Грэцыі”: заяўнік з ліку сведак Іеговы быў арыштаваны за спробу пераканаць жанчыну прыняць яго веру.

Ці ва ўсіх вернікаў розных рэлігіі роўныя правы?

Таксама свабода думкі, сумлення і рэлігіі вызначае роўнасць усіх вернікаў і няверуючых перад законам і іх роўныя магчымасці ў рэалізацыі сваіх правоў. Гэта не значыць, што ўсе дзяржавы павінны быць свецкімі, але нават у краінах з тэакратычным ладам не можа быць такой рэлігіі, паслядоўнікам якой даваліся б перавагі за кошт памяншэння аб’ёму правоў прадстаўнікоў іншых веравызнанняў. Так, напрыклад, Еўрапейскі суд прызнаў парушэнне гэтага права ў справе “Манусакіс супраць Грэцыі”, дзе ўладай было заканадаўча замацавана несправядлівае патрабаванне  да ўсіх рэлігійных арганізацый узгадняць сваю дзейнасць з дамінуючай у краіне правасалаўнай царквой.

А як свабода сумлення абаронена ў нацыянальным заканадаўстве?

У заканадаўстве Беларусі прынцып рэлігійнага плюралізму адлюстраваны так:

Усе рэлігіі, веравызнанні і рэлігійныя арганізацыі роўныя перад законам. Наданне любых пераваг або абмежаванняў адной рэлігіі, веравызнанню або рэлігійнай арганізацыі адносна іншых не дапускаецца.

Ці захоўваецца свабода сумлення ў свеце?

На жаль, гэтыя прынцыпы падзяляюцца не ўсімі і не ўсюды – у свеце да гэтага часу ёсць краіны, дзе духавенства дамінуючай рэлігіі прэтэндуе на непадзельную ўладу над прыватным жыццём і думкамі людзей і дзе змена сваіх рэлігійных перакананняў караецца смерцю.

Свабода веравызнання не з’яўляецца абсалютным правам і можа быць абмежаваная законным і прапарцыйным спосабам дзеля абароны каштоўнасцяў, прынятых у дэмакратычным грамадстве. Не будзе прызнаная парушэннем свабоды веравызнання забарона дзейнасці рэлігійных арганізацый, якія заклікаюць да гвалту, падрываюць асновы дэмакратычнага грамадства ці іншым чынам ствараюць перашкоды для рэалізацыі правоў іншых людзей.

Чытайце таксама пра Паходжанне правоў чалавека, Чалавечую годнасцьПрынцыпы правоў чалавекаСалідарнасцьНедыскрымінацыю, Абмежаванні, Свабоду ад катаванняў, Права на жыццёСмяротнае пакаранне ў Беларусі, Вяршэнства права і Прыватнасць.


Беларускі варыянт выставы “Кожны мае права ведаць свае правы” быў адаптаваны Праваабарончым цэнтрам “Вяснам” у межах сумеснай дзейнасці Міжнароднай сеткі Дамоў правоў чалавека праграмы “Дом Дому”.

У распрацоўнцы стэндаў выкарыстаны фотаздымкі і ілюстрацыі з конкурсаў, якія праводзіліся Усеўкраінскай асветнай праграмай “Разумеем правы чалавека”, Украінскім Хельсінкскім саюзам правоў чалавека, грамадскай арганізацыі “М’АРТ”.

http://spring96.org/be/news/91204

Відэа

праваабарончыя сайты