Навіны

135 гадоў з дня нараджэння Вацлава Ластоўскага

Нарадзіўся Вацлаў Ластоўскі 8 лістапада 1883 году ў засценку Калеснікаў Дзісенскага павету (Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці) у сям’і беззямельнага шляхціца. Выдатны чалавек многіх талентаў выявіў сябе як гісторык, філолаг, этнограф, публіцыст, пісьменнік, літаратуразнавец. Шматгранная асоба Ластоўскага развівалася б і далей, каб не гвалтоўна абарванае жыццё ў савецкіх катавальнях.

Вацлаў юнаком скончыў на радзіме Пагосцкую пачатковую школу. Пасля непрацяглы час вывучаў лацінскую мову ў свайго дзядзькі Франціша Ластоўскага. У 1896 годзе, прайшоўшы пехатой 70 вёрстаў да чыгункі, Ластоўскі з’ехаў у Вільню. Працаваў хлопчыкам на паслугах у віннай крамцы, канцылярыстам у Шаўлях, бібліятэкарам у студэнцкай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу, дзе наведваў лекцыі ва ўніверсітэце. Уступіў у Польскую сацыялістычную партыю. Працаваў канторшчыкам на таварнай станцыі ў Рызе. Далучыўся да беларускага нацыянальнага грамадскага і культурніцкага руху. У 1906-08 гадах уваходзіў у Беларускую сацыялістычную грамаду. У 1906 годзе быў арыштаваны за сацыялістычную прапаганду і сядзеў некалькі месяцаў у турме.

 З 1909-га быў сакратаром рэдакцыі “Наша Ніва” і загадчыкам першай беларускай кнігарні, у 1916-17 – рэдактар газеты “Гоман”, у 1918 выдаваў газету “Krywičanin”. Адзін з аўтараў “Мемарандума прадстаўнікоў Беларусі”, у якім баранілася права беларускага народа на нацыянальна-дзяржаўнае развіццё і які быў прадстаўлены на міжнароднай канферэнцыі ў Лазане ў 1916 годзе. У 1918-19 – сябра Віленскай беларускай рады, у сакавіку 1918-га кааптаваны ад яе ў склад Рады БНР. Удзельнічаў у абвяшчэнні незалежнасці. У канцы 1918 году ўзначаліў прадстаўніцтва ўраду БНР пры літоўскай Тарыбе, быў беларускім аташэ пры літоўскім пасольстве ў Берліне. З 1919–га –  у партыі беларускіх эсэраў, са снежня 1919-га да красавіка 1923-га узначальваў Раду міністраў БНР, быў яе прэм’ерам.

Удзельнічаў у арганізацыі вызвольнага партызанскага руху ў Заходняй Беларусі, быў старшынём Сувязі нацыянальна-дзяржаўнага вызвалення Беларусі. Быў арыштаваны і зняволены польскімі ўладамі, у 1920 яму дазволена выехаць ў Летуву. У красавіку 1923 году выйшаў з ураду БНР і адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасці. Выдаваў у Коўне літаратурна-навуковы часопіс “Крывіч” (1923-27).

У красавіку 1926 пераехаў у БССР, спадзеючыся на стваральную працу на карысць радзімы. У 1927 урад БССР дазволіў яму вярнуцца ў Менск. Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музею. З 1928 году Вацлаў Ластоўскі быў акадэмікам і сакратаром Інбелкульта і Акадэміі навук БССР.

У 1930 годзе, у час экспедыцыі ў Сібір, Ластоўскага арыштавалі па справе “Саюзу вызваленьня Беларусі”, пазбавілі звання акадэміка і выслалі на 5 гадоў у Саратаў. Там ён працаваў загадчыкам аддзелу рэдкай кнігі ва ўніверсітэцкай бібліятэцы. Паўторна арыштаваны ў 1937-ым, прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Па першым прыгаворы быў рэабілітаваны 10 чэрвеня 1988 года, па другім у 1958-ым.

Ластоўскі пакінуў унікальную спадчыну, адзін яго Расійска-крыўскі (Беларускі) слоўнік варты працы цэлага навуковага інстытуту. Напісана ж пра выдатнага дзеяча і навукоўца мала. У 2012 годзе ў Глыбокім  усталяваны бюст Ластоўскага. Вуліц з яго імем у Беларусі дагэтуль няма.

08.11.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты