Навіны

Палата Прадстаўнікоў не бачыць відавочнага парушэння права на абарону ў адміністрацыйным працэсе

Праваабаронца са Смаргоні Алесь Дзергачоў 28 кастрычніка 2018 г. звярнуўся ў Палату прадстаўнікоў з прапановай удасканаліць Працэсуальна выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях у частцы парадку абскарджання не ўступіўшых у законную сілу рашэнняў судоў па адміністрацыйных справах.
У прапанове ён адзначыў, што вельмі часта ў такіх справах зацікаўленымі бакамі з’яўляюцца мясцовыя  органы унутраных спраў, якія складаюць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях, і грамадзяне, якія прыцягваюцца да адказнасці па пратаколах. Дзеючым жа заканадаўствам прадугледжваецца, што у выпадку нязгоды з пастановай суда скаргу на яе ў вышэйстаячы суд зацікаўлены бок падае толькі ў адным асобніку. У выніку другі бок не ведае сутнасці скаргі, а таму пазбаўлены магчымасці рэалізаваць сваё права на абарону.
Літаральна праз 3 дні, то бок 1 лістапада, Алесь Дзергачоў атрымаў адказ за подпісам намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Валянціны Ражанец. У ім выкладзена меркаванне, што парадак абскарджання і апратэставання судовых пастаноў адпаведным заканадаўствам урэгуляваны дастаткова поўна, а таму няма падстаў для ўдасканалення.

Каментуючы дадзены адказ, Алесь Дзергачоў выказаў шкадаванне, што да разгляду прапановы не прыцягнуты спецыялісты, якія займаюцца правапрымяняльнай практыкай, а таму ведаюць дадзеную праблему. З сутнасці адказу таксама вынікае, што прапанова нават не была вынесена на разгляд пастаяннай камісіі. Таму такі адказ можна лічыць звычайнай адпіскай. А каб заканадаўчы працэс крыху ажывіць, Палаце прадстаўнікоў трэба змяніць свой рэгламент, каб прапановы простых грамадзян аб удасканаленні заканадаўства ўсебакова разглядаліся.

09.11.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты