Навіны

40 гадоў з дня смерці Уладзіміра Клішэвіча

Уладзімір Клішэвіч, беларускі паэт і публіцыст нарадзіўся 12 сакавіка 1914 году ў вёсцы  Краснадворцы на Случчыне (цяперашні Салігорскі раён). Скончыў Старобінскую сямігодку, пасля вучыўся на Слуцкіх настаўніцкіх курсах, рабфаку БДУ на літаратурным факультэце Мінскага вышэйшага педінстытуту (цяпер Беларускі педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка), дзе ў 1933-36 гг. вучыліся многія, пазней вядомыя паэты. Большасць з іх сталі ахвярамі бязлітасных сталінскіх рэпрэсій. Быў арыштаваны і Клішэвіч, яго засудзілі да 10 гадоў сталінскага канцлагеру. Амаль пяць гадоў малады паэт адпакутаваў на калымскіх капальнях. У 1940 г. ён, Масей Сяднёў і Тодар Лебяда былі прывезены ў Мінск на перагляд справы. Шэрагу літаратараў тады пашчасціла цудам ацалець.

Першыя юнацкія творы Клішэвіча друкаваліся з 1931 г. у слуцкіх газетах. Вершы падтрымлівалі яго ў Мінскай турме, на перасыльных этапах, калі маладому паэту згадваліся дарагія сімвалы далёкай Радзімы Вярнуўшыся ў родную вёску, Уладзімір доўгі час адыходзіў ад перажытага. Аднак душа паэта зноў пачала ажываць.

Вяртанне з ГУЛАГу было бязрадасным, бо наўкола была вайна, зноў на Радзіме гаспадарылі чужынцы. Клішэвіч працаваў у “Слуцкай газэце”, што паводле савецкіх законаў лічылася здрадай. Трагедыя ГУЛАГу i трагедыя вайны зліваюцца ў творах Клішэвіча першапачатковага перыяду творчасці ў адно. Цяжкія песімістычныя настроі абумоўлівалі i мастацкую палітру яго вершаў. У час вайны разам з Лявонам Случаніным і Янкам Золкам Клішэвічу ўдалося выдаць зборнік “Песьняры Случчыны”. Ён таксама друкаваўся на старонках “Беларускай газэты”, “Голасу вёскі”, “Раніцы”, у часопісе “Новы шлях” і ў мясцовай “Газэце Случчыны”.

З 1944-га ў жыцці паэта настаў эмігранцкі перыяд. Трапіўшы спачатку ў Германію, потым пераехаў у ЗША (1948), працягваў пісаць. Давялося нанова пачынаць жыццё ў чужой краіне, дбаць пра матэрыяльны дабрабыт сям’і, у якой было трое сыноў. Жылі напачатку ў Нью-Ёрку (Бруклін). Пазней Клішэвіч уладкаваўся на фабрыку, цяжка працаваў, амаль не заставалася часу на кнігі і творчасць.

Клішэвіч імкнуўся актыўна ўдзельнічаць у беларускім эмігранцкім жыцці. Ён рэдагаваў часопіс “Беларус у Амэрыцы”, быў сябрам згуртавання “Шыпшына”, лічыў, што беларусам трэба гуртавацца. Пасля ўтварэння радыё “Вызваленьне” (цяпер “Свабода”) пісаў для яго артыкулы. На пачатку 50-ых Клішэвічы пераехалі ў Каліфорнію (Лос-Анжэлес), затым удалося ўладкавацца ў адным з каледжаў г. Блумінгтон, дзе ва ўніверсітэце працаваў і Масей Сяднёў.

Вершы Клішэвіча розных гадоў друкаваліся на старонках эмігранцкіх часопісаў. Газета У часопісе "Шыпшына" Клішэвіч апублікаваў верш Тодара Кляшторнага “Сад”, вынесены ім з Мінскай турмы пасля расстрэлу гэтага таленавітага паэта. Многія вершы Клішэвіча ўвайшлі ў анталогію беларускай паэзіі, выдадзеную ў Мюнхене (1955) пад назваю “Ля чужых берагоў”.

На пачатку 70-ых Клішэвіч прыязджаў у БССР як турыст. Ён імкнуўся знайсці паразуменне з савецкай уладай, за што многія з беларускай эміграцыі страцілі да яго павагу. Непрызнаны Бацькаўшчынай, зняважаны эміграцыйным друкам, паэт памёр у чужым Лос-Анжэлесе ад сардэчнага прыступу 14 лістапада 1978 году. Апошнія вершы яго былі звернутыя да Маці-Беларусі.

Падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч

  

14.11.2018

Архіў

Лістапад 2019
123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930

Відэа

праваабарончыя сайты