Навіны

125 гадоў з дня нараджэння Францішка Чарняўскага

Пра беларускага каталіцкага святара, рэлігійна-асветнага публіцыста, выдаўца, дзеяча нашай эміграцыі Францішка Чарняўскага ведаюць нямногія нават у беларускіх колах. Часта так здараецца, што выдатная асоба застаецца ў цяні іншых, можа не менш вартых ушанавання, імёны якіх на слыху.

Нарадзіўся Францішак Чарняўскі 15 лістапада 1893 году ў вёсцы Чухны Ашмянскага павету (сёння гэтая мясцовасць у складзе Смаргонскага раёну) у сялянскай сям’і. Яго бацькі – Ян Чарняўскі і Ганна з дому Гецэвічаў. Скончыў гарадскую вучэльню ў Ашмяне, а з 1916-га году стаў клерыкам і навучаўся ў Віленскай духоўнай семінарыі. Пра гэты перыяд Чарняўскі пакінуў успаміны, згадваючы між іншым, што з 70 кандыдатаў у святары роўна палова – 35 – былі беларусамі. А нейкі Кароль Любянец, інспектар установы, з гэтай нагоды вельмі пераймаўся. Добра, што беларускасці спрыяў тады біскуп Юры Матулевіч.

На ксяндза Францішак Чарняўскі быў высвечаны 30 траўня 1920-га і быў накіраваны на душпастырскую працу ў Сухаволю на Беласточчыну. У гэты час там пробашчам нейкі Гайлевіч, які пісаў даносы на маладога вікарыя з-за яго беларускасці. Пэўны час Чарняўскі пэўніў святарскія абавязкі таксама ў Саколцы і Кузніцы. Прамаўляў казані па-беларуску, распаўсюджваў сярод прыхаджанаў беларускія кніжкі і перыядычныя выданні. У 1924-27 праходзіў тэалагічнае навучанне ў Ватыкане ў Грыгарыянскім універсітэце і Усходнім Папскім інстытуце. Там абараніў магістарскую дысертацыю. У 1927-ым вярнуўся ў Беларусь, паступіў у навіцыят у манастыры марыянаў у Друі, нейкі час там жыў, аднак неўзабаве пакінуў яго пасля таго, як Фабіян Абрантовіч быў накіраваны ў Харбін. Сябра беларускай дэлегацыі на Пятым Уніяцкім кангрэсе ў Велеградзе (Чэхаславаччына), які адбыўся ў 1927-ым годзе. З 1929-га – удзельнік каталіцкай місіі беларусаў і палякаў у Францыі, дзе вёў працу сярод вуглякопаў. З 1933-га – у Бельгіі. У 1953-55 гадах Францішак Чарняўскі жыў у бенедыктынскім кляштары. Рэдагаваў бюлетэнь “Божае слова”. У 1957-ым пераехаў у Амерыку, дзе служыў святаром і выдаваў беларускі рэлігійны часопіс “Siaŭbit”. Працаваў у шэрагу амерыканскіх каталіцкіх парафій на пасадзе вікарыя. Выступаў з малітвамі ў Кангрэсе ЗША. Апошнія гады душпастырства правёў у мясцовасці Форт-Эдвард.

Памёр Францішак Чарняўскі 31 траўня 1979-га году ў амерыканскім гарадку Амстэрдам (штат Ню-Ёрк).

Справу беларускага святара прадоўжыў яго пляменнік ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі, таксама выдатны чалавек, які нёс людзям Божае слова на роднай мове. Памяць пра Францішка Чарняўскага у сённяшняй Беларусі не ўшанаваная ніяк.

Падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч

15.11.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты