Навіны

Уладзіслаў Серада засуджаны да 15 базавых штрафу

16 лістапада у судзе Кастрычніцкага раёну Гародні абвесцілі карную пастанову па адміністрацыйнай справе Уладзіслава Серады. Суддзя Алена Тоўсцік-Самойла не ўзяла пад увагу ніякія юрыдычныя аргуманты абароны і аштрафавала Сераду на 15 базавых велічынь.

Гарадзенскія праваабаронцы, якія вялі маніторынг судовага працэсу, перакананы, што такія адміністрацыйныя справы маюць абсурдны характар, юрыдычна абсалютна нематываваныя і ёсць палітычным пераследам грамадзян за іншадумства. Суддзі ў такіх сітуацыях не бяруць пад увагу прававую базу, а проста з'яўляюцца выканаўцамі карных пастановаў.

Уладзіслаў Серада разам з сваім адвакатам мае намер абскардзіць гэтае рашэнне ў судзе касацыйнай інстанцыі.

***

У судзе Кастрычніцкага раёна Гародні 15 лістапада прадоўжыўся разгляд адміністрацыйнай справы ў дачынені Уладзіслава Серады, маладзёна, які з Івацэвічаў, а адбывае зараз тэрмін "на хіміі" у Гародні па іншай справе. Да вызвалення яму засталося паўтары месяцы.

Вядзе адміністрацыйны працэс суддзя Алена Тоўсцік-Самойла. 15 лістапада паседжанне доўжылася 40 хвілін, у працэсе быў задзейнічаны адвакат.

Уладзіслава Сераду вінавацяць у перапосце - а іншымі словамі размяшчэнні на яго асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы Вконтакте трох матэрыялаў са спасылкамі на інфармацыйныя матэрыялы іншых рэсурсаў. Паводле адміністрацыйнага кодэксу па артыкуле 17.11, частка 2 яму можа пагражаць штраф ад 10 да 50 базавых велічынь.

Уладзіслаў Серада пацвердзіў той факт, што ён зрабіў рэпост матэрыялаў, якія фігуруюць у матэрыялах адміністрацыйнай справы. Але ён патлумачыў, што не бачыў нічога кепскага ў звычайных інфармацыйных матэрыялах і нават не мог падазраваць, што яны могуць трактавацца як экстрэмісцкія. У адным з матэрыялаў расказвалася пра акцыю маскоўскіх анархістаў у падтрымку беларускіх анархістаў, у іншых двух - пра акцыі супраць так званага ўказу аб дармаедстве, якія прайшлі ў Беларусі ў 2017 годзе. Пра гэтыя акцыі адкрыта інфармавалі многія, у тым ліку і дзяржаўныя інтэрнэт-рэсурсы.

Сваёй віны ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння Уладзіслаў Серада не прызнаў. 

Размяшчаў Серада гэтыя матэрыялы ў сваім акаўнце ВКонтакте 28.03.2017, 08.05.2017 і 14.06.2017. 

Пры разглядзе справы выявілася, што два з трох рэсурсаў, з якіх посціў матэрыялы Серада на той момант не былі ўнесены ў спіс экстрэмісцкіх. Гэта здарылася толькі 29.09.2017 і 23.02.2018 (!!!). Адвакат Серады даводзіў, што прыцягваць у такой сітуацыі Уладзіслава Сераду да адказнасці - юрыдычна абсурдна. Што датычыць трэцяга рэсурсу, які ўжо быў унесены ў спіс экстрэмісцкіх, то ён павінен быў быць на момант перапосту заблакаваны адпаведнымі дзяржаўнымі органамі. Рашэнне суда па тым рэсурсе было абвешчана 22.11.2016, а 22.02.2017 адпаведна ўступіла ў сілу. Аднак, міністэрства інфармацыі нічога не зрабіла для таго каб заблакаваць "экстрэмісцкі" рэсурс.

Відавочна, што Уладзіслаў Серада, размяшчаючы па-сутнасці звычайныя інфармацыйныя матэрыялы, не меў на мэце нічога экстрэмісцкага і прыцягваць яго да адміністрацыйнай адказнасці за гэтыя перапосты ў сацсетцы нельга. Віна Серады не даказваецца ніякімі матэрыяламі адміністрацыйнай справы.

Суддзя Алена Тоўсцік-Самойла абвесціла перапынак у працэсе да 16 лістапада. Абвешчанне пастановы адбудзецца ў гэты дзень а 11.20

16.11.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты