Навіны

20 лістапада суд над Аляксандрам Горбачам

20 лістапада ў судзе Кастрычніцкага раёну Гародні адбудзецца разгляд адміністрацыйнай справы жыхара гораду Аляксандра Горбача. Пачатак працэсу ў аўторак а 10.00. Разглядаць справу будзе суддзя Валерый Шпак, які раней, 2 лістапада ўжо засудзіў Алеся Дзянісава да вялікага штрафу па аналагічнай справе.

Адміністрацыйная справа Аляксандра Горбача датычыць перапостаў у сацыяльнай сетцы ВКонтакте. Ён размясціў на сваёй старонцы матэрыялы з інтэрнэт-рэсурсаў, якія прызнаныя экстрэмісцкімі.

Мяркуючы па папярэдніх аналагічных адміністрацыйных справах (усе яны ініцыяваны Кастрычніцкім РАУС Гародні) Алеся Дзянісава і Уладзіслава Серады, Аляксандра Горбача чакае карная пастанова.

Гарадзенскія праваабаронцы звяртаюць увагу на абсурднасць гэтых адміністрацыйных справаў. У сітуацыі з Уладзіславам Серадом праваахоўчыя органы ўвогуле прымянілі заканадаўства "задняй датай" - паводле ўсіх юрыдычных нормаў пакаранне не можа быць уведзена за "правапарушэнне", якое здзейснена да ўвядзення адпаведных зменаў у заканадаўства. Аднак суддзя Алена Тоўсцік-Самойла не ўзяла гэта пад увагу. Па-другое, пасля ўнясення пэўных інтэрнэт-рэсурсаў у рэестр экстрэмісцкіх, адказныя за блакаванне гэтых рэсурсаў дзяржаўныя органы, бяздзейнічалі і нічога не зрабілі ў адведзены заканадаўствам час, каб абмежаваць доступ грамадзян да забароненых інтэрнэт-старонак. Калі каго і прыцягваць да адказнасці - то менавіта гэтыя дзяржаўныя органы, якія не выканалі свае службовыя абавязкі ў час.

Так што ўсе працэсы за перапосты маюць выразна палітычны заказны характар пераследу грамадзян за іншадумства і парушаюць канстытуцыйныя нормы і іншае заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

17.11.2018

Архіў

Верасень 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30

Відэа

праваабарончыя сайты