Навіны

120 гадоў з дня нараджэння Язэпа Вількоўшчыка

Беларускі паэт і публіцыст Язэп Вількоўшчык (сапраўднае прозвішча Вількоўскі) нарадзіўся 19 лістапада 1898 года ў вёсцы Гавенавічы (Слонімскі павет, цяпер Падгорная, Баранавіцкі раён). У сям’і Вількоўскіх было яшчэ чатыры сястры і брат, але брат загінуў у Першую сусветную вайну. Маці нідзе не працавала, а даглядала дзяцей, а таксама дапамагала мужу, які трымаў сваю прыватную невялікую краму. Усім адукацыю Вількоўскія даць не маглі, таму найбольш хваляваліся за сына Язэпа, які хацеў вучыцца.

Калі пачалася Першая сусветная вайна, рускія казакі выгналі сям’ю Вількоўскіх, як і тысячы іншых беларусаў, углыб Расіі ў бежанства. Вількоўскія трапілі ў Казанскую губерню. Там Язэп скончыў школу і паступіў у Казанскі медыцынскі інстытут. Сродкаў на вучобу і пражыванне не ставала, таму беларускі юнак падпрацоўваў у розных канторах. То грузчыкам, то па-мастацку распісваў сувеніры, то пісаў плакаты і афармляў стэнды. На пачатку 1920-ых гадоў сям’я Вількоўскіх пастанавіла вярнуцца на Бацькаўшчыну. Язэп пакінуў медінстытут і разам з бацькамі вярнуўся на Слонімшчыну.

Атрымаўшы пэўную адукацыю ў бежанстве, ён шмат чытаў, спрабаваў сам пісаць вершы і байкі на рускай мове. У 1927 годзе адзін з вершаў па-руску ён адаслаў у “Беларускую крыніцу”, але верш не надрукавалі, а маладзёну параілі пісаць па-беларуску. Далей Язэп паехаў у Вільню, дзе скончыў бухгалтарскія курсы. У час вучобы пазнаёміўся з беларускімі выданнямі, з творчай беларускай інтэлігенцыяй. Магчыма, пасля курсаў ён пэўны час працаваў бухгалтарам у Вільні. Зноў спрабаваў пісаць, але ўжо на роднай мове.

У пачатку 1930 гадоў Язэп Вількоўскі вярнуўся на Слонімшчыну. Там ён зышоўся з творчымі людзьмі – літаратарамі, мастакамі, музыкантамі, але палітыкай не займаўся. У 1937 годзе ў Дзятлаве была створана літаратурная суполка “Маладая Ускалось”. На першым з’ездзе прысутнічалі Аляксандр Бяленка, Алена Лябецкая, Алесь Крыга, Язэп Вількоўшчык і іншыя. У кнізе “Рабінавы хмель”, выдадзенай у Мінску ў 2009 г., Сяргей Хмара паведамляе, што пасля вайны Язэп Вількоўшчык быў знішчаны супрацоўнікамі КДБ. Але насамрэч – не. Язэпа Вількоўшчыка сталінскія рэпрэсіі абмінулі. Як яму ўдалося пазбегнуць арышту – застаецца загадкай.

Свае паэтычныя творы Язэп Вількоўшчык пачаў друкаваць у заходнебеларускіх выданнях у пачатку 1930-ых. Асабліва плённымі для яго былі 1932–1934 гады. Пісаў лірычныя вершы і байкі.

Перад Другой сусветнай вайной сям’я Вількоўскіх пераехала ў Слонім. Дзе працаваў Язэп Вількоўскі і кім перад вайной, у час вайны – невядома. Але ў кастрычніку 1944 года ён уладкаваўся на 9-ю дыстанцыю службовага пуці станцыі Слонім-Брэст-Літоўскі на пасаду бухгалтара канторы. На чыгуначнай станцыі Слонім Язэп Вількоўскі адпрацаваў 7 гадоў і даслужыўся да намесніка начальніка па кадрах. Потым працаваў бухгалтарам на Слонімскім лесазаводзе, у Слонімскай арцелі “Вторпром”, потым зноў на чыгунцы, адкуль і пайшоў на пенсію.

Па ўспамінах сына – Андрэя Вількоўскага, на пенсіі бацька займаўся гаспадаркай. У вольны час вельмі любіў гуляць у шахматы са сваім старэйшым сябрам Ігнатовічам. Выпісваў шмат газет і часопісаў, адгадваў розныя шахматныя камбінацыі і дасылаў у рэдакцыі газет.

Пражыў Язэп Вількоўшчык 86 гадоў, яго не стала 18 сакавіка 1984 года. Пахавалі паэта на слонімскіх гарадскіх могілках.

19.11.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты