Навіны

Аляксандра Горбача засудзілі да 30 базавых штрафу

20 лістапада суд Кастрычніцкага раёну Гародні засудзіў жыхара гораду Аляксандра Горбача паводле двух артыкулаў Адміністрацыйнага кодэксу агулам да 30 базавых велічынь штрафу.

Адміністрацыйную справу разглядаў і абвесціў карную пастанову суддзя Валерый Шпак. Напомнім, што раней па аналагічнай справе ён жа засудзіў вядомага гарадзенскага музыку і журналіста-фрылансера Алеся Дзянісава да 25 базавых штрафу.

Разгляд справы доўжыўся каля гадзіны, пасля чаго быў абвешчаны перапынак на паўгадзіны. У выніку суддзя Валерый Шпак не прыняў усе аргументы Аляксандра Горбача ў сваю абарону, не задаволіў адно яго хадайніцтва і абвесціў пастанову: паводле арт. 17.10 - штраф 5 базавых велічынь, паводле арт. 17.11, частка 2 - 25 базавых.

Паводле першага эпізоду адміністрацыйнай справы Горбач прызнаны вінаватым у размяшчэнні малюнка з фашыстоўскай сімволікай. Аднак, насамрэч Аляксандр ведамы ў горадзе як перакананы антыфашыст - свастыка на тым малюнку выкідваецца якраз у сметніцу і гэта яскрава пацвярджае антыфашыстоўскія погляды Горбача.

Іншыя эпізоды размяшчэння на ўласнай старонцы Горбача ў сацсетцы ВКонтакте датычаць абрэвіятур, якія таксама ніяк не могуць лічыцца экстрэмісцкімі. Так што ўся адміністрацыйная справа Аляксандра Горбача мае абсурдны з юрыдычнага гледзішча характар.

Аляксандр Горбач не згодзен з пастановай суду і мае намер абскарджваць яе ў судзе касацыйнай інстанцыі. 

21.11.2018

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты