Навіны

У Свіслачы незаконнна аштрафавалі праваабаронцу Віктара Сазонава

23 лістапада ў Свіслачы прайшоў разгляд адміністрацыйнай справы гарадзенскага праваабаронца Віктара Сазонава. На яго прадстаўнікамі свіслацкай міліцыі быў складзены пратакол пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне, якое выявілася ў тым, што Сазонаў браў удзел у "несанкцыянаванай акцыі".

Разглядаў справу старшыня Свіслацкага раённага суда Аляксандр Шылін, нядобра ведамы сваімі карнымі пастановамі ў дачыненні да грамадскіх актывістаў як у ранейшыя гады, так і сёлета.

Насамрэч 27 кастрычніка Віктар Сазонаў прыехаў у Свіслач і Якушоўку на Дзень памяці паўстанцаў 1863 года выключна як праваабаронца весці маніторынг гэтага фэсту. Ён прысутнічаў у Свіслачы, назіраў за мерапрыемствам і рабіў фотаздымкі. Характэрна, што ў аніводным рапарце міліцыянтаў не адлюстравана, што Віктар Сазонаў нешта рабіў на гэтай акцыі. Аднак старэйшы лейтэнант міліцыі Кацярына Радзівонік склала пратакол пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне. На судовым працэсе Радзівонік не магла сказаць нічога ўцямнага на падставе чаго і кіруючыся чым яна склала гэты, фактычна высмактаны з пальца, пратакол. Ніякіх юрыдычных падставаў у старшага лейтэнанта Кацярыны Радзівонік не было, асабіста Віктара Сазонава яна не ведала і фактычна выканала нечы незаконны загад.

Акрамя гэтага яшчэ адзін з сведкаў - супрацоўнік міліцыі маёр Аляксандр Мацкевіч сведчыў пра тое, што Сазонаў ішоў у калоне прыехаўшых з могілак у цэнтр Свіслачы да помніка Кастусю Каліноўскаму. Насамрэч гэтага не было, што і пацвердзіў прагляд відэаматэрыялаў. Пасля гэтага Віктар Сазонаў заявіў хадайніцтва пра прыцягненне сведкі да адміністрацыйнай адказнасці за даванне ілжэсведчанняў. Аднак суддзя Шылін праігнараваў гэтае хадайніцтва.

Сведкам на працэсе паводле хадайгіцтва Сазонава выступіў грамадскі актывіст Уладзімір Хільмановіч, які быў у гэты дзень у Свіслачы і засведчыў, што Сазонаў выключна вёў назіранне за працэсам ушанавання нацыянальных герояў. Акрамя гэтага Хільмановіч засведчыў, што 27 кастрычніка супрацоўнікі міліцыі ўсе былі ў цывільным, ніяк не прадстаўляліся, нікога не папярджвалі пра нейкія правапарушэнні і адміністрацыйную адказнасць. А адзін з міліцыянтаў - лейтэнант Павел Кедзік у Якушоўцы паводзіў сябе правакацыйна да прыехаўшых, нахабна лез з відэакамерай у твары прысутным.

Нягледзячы на ўсю юрыдычную абсурднасць гэтай адміністрацыйнай справы Аляксандр Шылін пасля невялікага перапынку абвесціў карную пастанову і аштрафаваў паводле часткі 1 артыкулу 23.34 КаАП Віктара Сазонава на 15 базавых велічынь, што складае 367 рублёў 50 капеек.  

23.11.2018

Відэа

праваабарончыя сайты