Навіны

Расея захапіла тры караблі ВМС Украіны, ёсць параненыя

00.46. Прадстаўнік прэзідэнта Украіны ў АР Крым Барыс Бабін заявіў, што расейцы захапілі больш 20 украінскіх вайскоўцаў.

У адпаведнасці з заканадаўствам Украіны ваеннае становішча ўводзіцца ў тры этапы. Спярша Рада нацыянальнай бяспекі і абароны ўносіць на разгляд прэзідэнта прадстаўленне пра ўвядзенне Ваеннага Становішча. Пасля гэтае рашэнне прэзідэнт уводзіць у дзеянне сваім указам. Цягам двух дзён Вярхоўная Рада павінна зацвердзіць указ кіраўніка дзяржавы. Пасля зацверджання парламентам указ прэзідэнта адразу распаўсюджваецца ў СМІ.

00.24. ФСБ Расеі афіцыйна паведаміла пра прымяненне зброі і захоп украінскіх караблёў. 

00.17. Ваенны кабінет Украіны лічыць збройны інцыдэнт у Азоўскім моры актам агрэсіі з боку Расеі. Неўзабаве пачнецца паседжанне РНБА Украіны, на якім будзе разглядацца пытанне пра увядзенне ваеннага становішча.

00.15. Расейскія праўладныя інфармацыйныя рэсурсы паведамляюць, што Украіна „пасля правакацыі Кіева ў Азоўскім моры” пачала масаваны артылерыйскі абстрэл тэрыторыі ДНР.

00.08. Паседжанне ваеннага кабінета пад кіраўніцтвам прэзідэнта Пятра Парашэнкі яшчэ працягваецца.

23.57. НАТО зрабіла заяву ў звязку з агрэсіяй Расеі ў Азоўскім моры і заклікала да стрыманасці і дээскалацыі.

23.52. Былы генеральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусен заклікаў сусветную супольнасць адказаць на расейскую агрэсію ў Азоўскім моры.

23.47. Па факце захопу караблёў ВМС Украіны Генпракуратура пачала крымінальную вытворчасць па артыкуле 437 Крымінальнага кодэксу Украіны (планаванне, рыхтоўля, развязванне і вядзенне агрэсіўнай вайны), паведаміла спікер генпракурора Ларыса Сарган. Расея ўпершыню за 5 гадоў канфлікту пад сваімі сцягамі здзейсніла адкрыты ўзброены напад на Украіну. Гэта было зроблена ва ўкраінскіх водах. Украінскія караблі ішлі ў сваіх водах, на іх напалі і захапілі.

23.44. Да амбасады Расеі ў Кіеве грамадскія актывісты прынеслі аўтамабільныя пакрышкі. 

23.37. Еўрапейская служба знешніх сувязяў чакае ад Расеі аднаўлення вольнага праходу ў Керчанскім праліве і „заклікае бакі дзейнічаць з максімальнай стрыманасцю”.

23.27.  Крыніца выдання Inforesist у Мінабароны Украіны заявіла, што параненыя 6 украінскіх маракоў, двое з іх – у цяжкім стане.

23.20. У ФСБ Расеі заявілі, што ўкраінскія караблі, якія нібыта вышлі з Бярдзянску ў кірунку Керчанскага праліва на дапамогу тром караблям Украіны, „ляглі на зваротны курс” у Бярдзянск. Пра гэта паведаміла ТАСС.

23.09. Украінскі генеральны пракурор Юрый Луцэнка заявіў, што здарэнне падпадае пад вызначэнне акта агрэсіі.

***

23.06. Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка 25 лістапада склікаў паседжанне ваеннага кабінету ў звязку з падзеямі ў Керчанскім праліве. Пра гэта паведаміў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Турчынаў у Twitter.

Паводле апошняй інфармацыі ўсе тры ўкраінскія караблі захоплены спецназам Расеі. Двое ўкраінцаў паранены. Два артылерыйскія кацеры ў выніку абстрэлу страцілі ход. Рэйдавы буксір таксама захоплены. 

*** 

Расея 25 лістапада захапіла тры караблі ВМС Украіны. Пра гэта піша InfoResist са спасылкай на крыніцу ў Мінабароны Украіны. 

„Два бронекацеры і рэйдавы буксір захоплены. Расейцы ўзялі іх на буксір і пачалі буксіроўку”, – расказаў суразмоўца выдання.

Украінскія ваенныя зачыніліся ў караблях. Ці стралялі яны ў адказ, невядома. 

Сёння прадстаўнікі ВМС Украіны паведамілі, што расейскі памежны вартавы карабель „Дон” пратараніў украінскі рэйдавы буксір „Яны Капу”. У памежнай службе ФСБ РФ заявілі, што тры ўкраінскія караблі на шляху да Керчанскага праліва „небяспечна манеўруюць” і не падпарадкоўваюцца „законным патрабаванням” расейскіх уладаў

Дзеянні Расеі ў дачыненні да караблёў ВМС Украіны Міністэрства замежных спраў Украіны ацаніла як правакацыйныя і агрэсіўныя. Пры тым Расея зачыніла праход праз Керчанскі праліў для грамадзянскіх суднаў.

Паводле даных ВМС Украіны, расейскія верталёты заходзілі на баявы курс з прыцэльваннем на ўкраінскія караблі, якія чакаюць праходу праз Керчанскі праліў. Камандуючы ВМС Украіны Ігар Варончанка паведаміў, што экіпажы ўкраінскіх караблёў, якія ішлі ў Марыупаль, гатовыя да магчымай высадкі расейскага дэсанту. Украінскія караблі пачалі рух на выхад з Керчанскага праліва. Расейцы пачалі ў адказ іх пераслед.  Пасля выхаду з 12-мільнай зоны кацеры памежнай службы ФСБ РФ пачалі па ўкраінскіх ваенных агонь на паражэнне. У ВМС Украіны паведамілі, што пашкоджаны малы браняваны кацер „Бярдзянск”. Быў паранены адзін украінскі марак.

Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/palityka/raseya-zakhapila-try-karabli-vms-ukrain/

26.11.2018
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Верасень 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30

Відэа

праваабарончыя сайты