Навіны

Вочы, рукі і языкі

Пачну з цытаты: “Міністэрства замежных спраў Беларусі не валодае інфармацыяй пра здзяйсненне ўладамі рэпрэсіўных дзеянняў у дачыненні да прадстаўнікоў апазіцыі” – так, не міргнуўшы вокам, заявіў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз 23 лістапада на міжнароднай канферэнцыі “Мінскі форум”. Маўляў, гэтыя пытанні да праваахоўных органаў, а я не ведаю, ці ёсць нейкія рэпрэсіі ўвогуле. Гэтыя Глазы ўжо навучыліся ілгаць прафесійна і не адводзіць вочы. Людзі на пасадах менш значных, асабліва ў рэгіёнах, яшчэ сарамліва апускаюць вочы, калі ўдзельнічаюць у незаконным пераследзе актыўных суграмадзян. Аднак, вочы адводзяць, а рукі і языкі ганебную справу паслухмяна выконваюць. Сочаць за грамадскімі актывістамі, робяць правакацыі, беспадстаўна затрымліваюць на роўным месцы, складаюць фальшывыя пратаколы, ілжэсведчаць у судзе, абвяшчаюць карныя пастановы. Тысячы чыноўнікаў, тысячы сілавікоў, соткі судовых і пракурорскіх работнікаў уцягнутыя ў сістэмны пераслед іншадумцаў, тых, хто хоць на крок пасмеў адхіліцца ад генеральнай, “адзіна правільнай” лініі дзяржаўнай ідэалогіі. Гэтая ідэалогія спрэс замешана на хлусні, падмане і фальсіфікацыях. І адзіныя спосабы яе ўкаранення – гэта прымус, гвалт і рэпрэсіі. Формула простая – міліцыя і іншыя сілавікі затрымліваюць ці фіксуюць людзей, пасля складаюць пратаколы пра нібыта адміністрацыйныя правапарушэнні. Ну а далей абавязкова карныя суды.

Давялося апошнімі тыднямі пабываць у такіх судах Беларусі на розных адміністрацыйных працэсах. Тым, хто не быў на гэтых “разглядах” напэўна цяжка паверыць у той фарс, абсурд, які адбываецца на ганебных для сістэмы юстыцыі судзілішчах, дзе тым, што выносяць прысуды больш да твару была б не судзейская мантыя, а нейкая маска. Хоць яны ўжо навучыліся не чырванець, часам толькі вочы апускаюць. У якую толькі незгаральную шафу хаваюць яны сваё сумленне?!

Вось у Гародні ўжо трох чалавек засудзілі да вялізных штрафаў за перапост інфармацыйных матэрыялаў у адной з сацыяльных сетак. Адзін – вядомы антыфашыст, якога аштрафавалі нібыта за прапаганду свастыкі. Тое, што на той карыкатуры свастыка ляціць у кошык, а сама карыкатура мае выразна антыфашыстоўскі характар пад увагу не бярэцца. Некаторыя пасты ў сацсетках былі размешчаны задоўга да таго, як рэсурс быў прызнаны экстрэмісцкім, але ж якая розніца – маўляў, павінны былі прадбачыць, што нельга гэтай інфармацыі размяшчаць.

А вось у Свіслачы судзяць нашага сябра Віктара Сазонава. Фактычна за тое, што меў нахабства прыехаць у гэты горад і фатаграфаваць удзельнікаў Дня памяці нацыянальных герояў. У рапартах яго прозвішча няма, усе сведчанні міліцыянтаў на яго карысць, прагляд доўгага відэа пацвярджае, што Віктар Сазонаў нічога не парушаў. А пастанова суддзі Аляксандра Шыліна ўсё роўна карная – 15 базавых штрафу – 175 даляраў.

Шчыра прызнаюся, што да такога нельга прызвычаіцца, але гэта можна вытрываць і нават асэнсаваць па-філасофску. Куды цяжэй вытрываць, калі не так рэдка чуеш ад суседзяў з Літвы, Украіны ці Падляшша захапляльныя воклічы наконт таго, які ў сённяшняй Беларусі парадак, лад і законнасць. Звычайна, гэтыя людзі альбо зусім не былі ў Беларусі, альбо былі дзень-два у цэнтры гарадоў як турысты. Але ляпаюць языкамі пра тое, чаго і блізка не ведаюць. Заўсёды гатовы запрасіць такіх людзей хоць на адзін судовы працэс, каб на свае вочы пабачылі і на свае вушы паслухалі. Але ж не прыедуць…

Адным з узораў для кіраўніцтва сённяшняй Беларусі ёсць Кітай з яго антыдэмакратычнай, зневажальнай па ўсіх кірунках людзей сістэмай. Там ужо заканадаўча ўводзяць адказнасць за “сацыяльныя паводзіны”, афіцыйна зараз ствараюцца спісы “заслужаных” людзей і “чорныя спісы” іншадумцаў, тых, хто не згодзен з існым рэжымам. Уводзіцца нават адмысловая сістэма налічэння балаў, паводле якой будуць караць ці ўзнагароджваць (цікава, ці ёсць шанц не патрапіць нікуды?). У Беларусі дэ-факта такія спісы даўно складзены і практычна выкарыстоўваюцца. Патрыётаў Беларусі цэлы час караюць, а стукачоў і прапагандыстаў рэжыму ўзнагароджваюць.

Але колькі б воўк ні валок, павалакуць і ваўка.

Уладзімір Хільмановіч   


27.11.2018

Архіў

Сьнежань 2018
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Відэа

праваабарончыя сайты