Навіны

Amnesty International: Смяротная кара — разменная манета паміж Беларуссю і ЕС

На пачатку лістапада ў Беларусь наведалі прадстаўнікі Amnesty International: дырэктар арганізацыі па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразэрс і каардынатар па Беларусі Айша Юнг. Праваабаронцы абмеркавалі пытанне смяротнага пакарання ў МЗС, выступілі перад грамадскасцю ў Гомелі, сустрэліся з беларускімі праваабаронцамі, паведамляе "Еўрарадыё".

Айша Юнг шмат гадоў сочыць за сітуацыяй са смяротным пакараннем у Беларусі. У інтэрв'ю "Еўрарадыё" яна распавяла, чым дрэнная спроба адмяніць смяротнае пакаранне праз рэферэндум, як пераканаць грамадства ў тым, што старазапаветная мараль "вока за вока" ужо не працуе, і чаму дзяржава становіцца злачынцам, калі выконвае смяротны прысуд.

Еўрарадыё: Айша, вы заўважаеце нейкія змены па пытанні смяротнага пакарання ў Беларусі?

Айша Юнг: У 2009 годзе я ўдзельнічала ў стварэнні справаздачы па смяротным пакаранні ў Беларусі, таксама я каардынатар кампаніі супраць смяротнага пакарання ў Беларусі. Хачу сказаць, што тады, амаль дзесяць гадоў таму, клімат у Беларусі быў іншым. У нас не было ніякага доступу да ўрада і чыноўнікаў, мы маглі працаваць толькі з грамадзянскай супольнасцю, была вельмі нізкая цікавасць з боку медыя.

Цяпер у нас ёсць супрацоўніцтва на дзяржаўным узроўні. Напрыклад, сёння я сустракалася з намеснікам міністра замежных спраў. Сустрэча была вельмі адкрытая. Мне здаецца, сённяшні ўзровень супрацоўніцтва беспрэцэдэнтны.

Але гэта не кажа пра тое, што мы не бачым існуючых праблем. Мы ўсё яшчэ занепакоеныя тым, што выносяцца смяротныя прысуды, што праходзяць пакаранні. Мы ведаем, што ў краіне ёсць парушэнні судовых працэсаў. Напрыклад, доказы, сабраныя на месцы злачынства, не выкарыстоўваюцца на слуханнях. Напрыклад, у выпадку з Генадзем Якавіцкім у ахвяры пад пазногцямі была кроў, аналіз ДНК не быў праведзены. Тое ж самае было з Канавалавым і Кавалёвым. У абароны не заўсёды ёсць магчымасць выкарыстоўваць такія доказы на слуханнях. Не выконваецца прэзумпцыя невінаватасці, прызнанні выбіваюцца без адвакатаў, пад ціскам. Абароне не дазваляюць запрашаць сведак. У выпадку з Канавалавым і Кавалёвым, Паўлам Селюном суд не ўлічваў іх заявы пра ціск падчас дачы паказанняў. Да некаторых людзей падчас допытаў не пускаюць адвакатаў, а бывае, што і на працягу ўсяго расследавання доступу да адвакатаў няма.

aisha_2711.jpg
Фота: Раман Пратасевіч / Еўрарадыё

 

Мы ведаем, што праблемы працягваюць існаваць, але радуе, што гэтая дыскусія ўжо ідзе. Але я згодная з вамі, што няма канкрэтных крокаў. Гэта дыпламатычная гульня. Мы назіралі тое ж самае ў МЗС. Пытанне смяротнага пакарання стала пешкай, разменнай манетай гандлю ў адносінах Беларусі і Еўрасаюза.

Еўрарадыё: Вы бралі ўдзел у інфармацыйнай паездцы ў Гомель, арганізаванай пасольствам Вялікабрытаніі сумесна з Палатай прадстаўнікоў. Як вы думаеце, гэтыя паездкі сапраўды могуць дапамагчы?

Айша Юнг: Паездкі ў рэгіёны Беларусі арыентаваныя на інфармаванне людзей, а не на агітацыю за адмену смяротнага пакарання. Не ўсе людзі ведаюць, што ў Беларусі існуе смяротнае пакаранне. А тыя, хто ведае, ці не ў курсе, што Беларусь ізаляваная ў рэгіёне як адзіная краіна, якая прымяняе вышэйшую меру пакарання. Яны думаюць, што Расія дагэтуль ужывае, што краіны Цэнтральнай Азіі ўжываюць. Многія людзі, з якімі я сустрэлася ў Гомелі, не ведаюць, што Пуцін супраць смяротнага пакарання. Тут няма інфармацыі.

adkazdin3.jpg
Адказ, які Еўрарадыё атрымала на просьбу аб інтэрв'ю са "смяротнікамі" Ігарам Гершанкавым і Сямёнам Беражным.

 

Парвез Джабар, які займаецца пытаннем смяротнага пакарання ва ўсім свеце і таксама ездзіў у Гомель з намі, ездзіць у краіны, дзе караюць смерцю людзей дзясяткамі і сотнямі. У параўнанні з гэтымі краінамі ў Беларусі наогул няма смяротнага пакарання.

Еўрарадыё: Многія людзі ў Беларусі выступаюць за смяротнае пакаранне за цяжкія злачынствы. Напрыклад, нядаўна здарылася трагедыя ў Лунінцы: 8-месячнай дзяўчынцы перарэзалі горла. У каментарыях у інтэрнэце людзі пісалі, што маці дзіцяці і яе прыяцеля, якіх абвінавачваюць у злачынстве, трэба пакараць смерцю. Як пераканаць людзей?

Айша Юнг: Гэта вельмі складана, пераканаць людзей у адваротным. У Вялікабрытаніі 50 гадоў сышло на тое, каб перайсці мяжу ў 50%. 49% насельніцтва Вялікабрытаніі да гэтага часу падтрымлівае смяротнае пакаранне.

З добрых навін: на сустрэчы з гомельскімі юрыстамі, юрыдычнымі асацыяцыямі я пачула, што ў Гомельскай вобласці даўно не выносіліся смяротныя прысуды [на самой справе, гэта не так, у снежні 2016 года Гомельскі абласны суд вынес смяротны прысуд Кірылу Казачаку, а ў лютым 2017-га да расстрэла быў прыгавораны Аляксей Міхаленя. — Еўрарадыё].

Прадстаўнік гомельскай асацыяцыі адвакатаў казала, што ўсе яе калегі прынцыпова супраць смяротнага пакарання. А пракурор казаў, напрыклад, што "мы ніколі не выносім смяротных прыгавораў, калі мы не ўпэўненыя на 100%". Гэта глупства!

У першую чаргу, трэба займацца адукацыяй людзей у гэтай галіне. Трэба інфармаваць людзей пра усе бакі працэсу. Парвез на сустрэчы ў Гомелі казаў, што Беларусі варта паступіць, як і большасці краін. Гэта значыць, урад павінен прыняць рашэнне, а потым расказаць людзям, чаму яны прынялі такое рашэнне. Наша пазіцыя такая ж.

aisha2.jpg
Фота: Раман Пратасевіч / Еўрарадыё

 

Трэба падымаць стандарты маралі і этыкі. Нашы эмоцыі не павінны ўплываць на юрыдычныя працэсы. Яшчэ адзін магутны момант я пачула ад намесніка міністра замежных спраў Краўчанкі. Францыя адмяніла смяротнае пакаранне ў 1981 годзе, то бок даволі позна. Міністрам юстыцыі ў той момант быў Рабэр Бадэнтэр. Міністр юстыцыі стаў выступаць супраць смяротнага пакарання пасля таго, як сам прыйшоў паглядзець на выкананне смяротнага прыгавору. Яго раптам азарыла, што яны памяняліся месцамі: цяпер злачынцам з'яўляецца дзяржава, якая карае смерцю гэтага чалавека. Саша Якавіцкая, дачка пакаранага Генадзя Якавіцкага, сказала мне такую ​​фразу: "Як дзяржава можа казаць, што забіваць нельга, і пры гэтым забівае сама?". Такім чынам дзяржава дазваляе гвалту здарыцца. Помста — гэта вельмі базавы чалавечы інстынкт. Гэта трэба нейкім чынам выхоўваць, дазваляць людзям развівацца далей.

Еўрарадыё: Як можна адмяніць смяротнае пакаранне, апроч рэферэндуму?

Айша Юнг: Сам факт наяўнасці смяротнага пакарання стаў палітычнай з'явай. Мы апынуліся ў такой сітуацыі, калі ЕС і Савет Еўропы кажуць, што мы не можам ісці далей, пакуль у Беларусі ёсць смяротнае пакаранне. А з другога боку — беларуская дзяржава, якая таксама не хоча ісці на саступкі. Гэта патавая сітуацыя. Хтосьці павінен саступіць. Але хто? Лукашэнка прыме гэтае рашэнне тады, калі ён будзе гатовы. І гэта прынцыповая пазіцыя. Але ў Еўрапейскага саюза таксама ёсць прынцыповая пазіцыя.

aisha27113.jpg
Фота: Раман Протасевіч / Еўрарадыё

 

За апошнія 24 гадзіны я даведалася, што адмена смяротнага пакарання, дзякуючы палітычнаму рашэнню у асобных выпадках стала магчымай з-за таго, што палітычныя лідары былі за адмену смяротнага пакарання. У выпадку з Беларуссю гэта складана, таму што палітычны лідар выступае за захаванне смяротнага пакарання. Важным фактарам тут з'яўляецца тое, што каталіцкая і праваслаўная цэрквы выказаліся за адмену смяротнага пакарання. Але я так зразумела, Лукашэнка не вельмі рэлігійны чалавек.

Цікавы аргумент ад улады: смяротнае пакаранне ў якасці стрымліваючага фактару пры здзяйсненні злачынстваў. Ужо даўно даказана, што гэта не стрымлівае, але гаворка не пра гэта. Беларускія ўлады кажуць людзям, што гэта стрымліваючы фактар, але пры гэтым хаваюць, што чарговы смяротны прыгавор прыведзены ў выкананне. Атрымліваецца, што яны супярэчаць самі сабе.

aisha27114.jpg
Фота: Раман Пратасевіч / Еўрарадыё

 

Еўрарадыё: Што, на вашу думку, Беларусі трэба рабіць далей?

Айша Юнг: Гэта даволі складаны момант. Мы супраць прыняцця рашэння па смяротным пакаранні праз рэферэндум. Мы лічым, што важна людзей інфармаваць, але не для таго, каб потым на гэтай аснове яны прымалі якое-небудзь рашэнне. Таму што, як паказвае гісторыя, большасць насельніцтва выступае за тое, каб захаваць смяротнае пакаранне. Цяпер час для палітычных лідараў, каб паказаць сваю лідарскую пазіцыю. Шчыра кажучы, мы ўсе ведаем, што ў Беларусі няма праблем з дэманстрацыяй лідарскай пазіцыі. Калі яны [беларускія ўлады] хочуць прыняць гэтае рашэнне, яны яго прымаюць. Мы выдатна разумеем, што гэта толькі тактыка адкладвання на потым.

Мне здаецца, у інфармаванні людзей вельмі важна падкрэсліваць, наколькі ізаляваная Беларусь у гэтым пытанні; казаць, што гэта з'яўляецца сусветным трэндам: ⅔ краін ва ўсім свеце адмянілі смяротнае пакаранне; рабіць упор на тым, што ўсё звязанае са смяротным пакараннем праходзіць у абстаноўцы абсалютнай сакрэтнасці; заклікаць палітычных лідараў прымаць рашэнні на прыкладзе Вялікабрытаніі.

Фота

 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

0153045
 
https://dp.spring96.org/be/news/91454

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты