Навіны

Журналіст Івашын: Пасля Украіны можа быць Беларусь

У сувязі з агрэсіяй Расеі паблізу Керчанскага праліва Вярхоўная Рада Украіны на сваім пазачарговым пасяджэнні абвясціла ў краіне 30-дзённае ваеннае становішча.

Беларускі журналіст Дзяніс Івашын упэўнены, што вайсковае становішча могуць увесці і ў Беларусі:

– Калі ўзяць Закон Рэспублікі Беларусь пра ваенны стан, там ёсць артыкул №4, у якім чорным па белым зазначана, што ў выніку збройнай ваеннай агрэсіі супраць любой з дзяржаў – удзельніц  Арганізацыі дамоў аб калектыўнай бяспецы, будзе азначаць таксама ўвядзенне ваеннага становішча ў Рэспубліцы Беларусь. 

На думку журналіста, усе жыхары Беларусі з’яўляюцца закладнікамі той палітыкі, якую ладзіць Аляксандр Лукашэнка: – Гэта можа быць эфект даміно. І, на жаль, гэта таксама сведчыць пра тое, што Лукашэнка, і не толькі ён, а ўсе грамадзяне Рэспублікі Беларусь,  з’яўляюцца закладнікамі  той палітыкі, якую ён праводзіць усе апошнія дзесяцігоддзі. На фоне атрымання ад Расеі танных энерганосьбітаў, ён фактычна ўцягнуў Беларусь ва ўсе мажлівыя вайсковыя хаўрусы з Расейскай Федэрацыяй. Гэта і сумнавядомы АДКБ, і створана адзіная рэгіянальная групоўка войскаў з Расейскай Федэрацыяй. 

Ваенны стан ва Украіне быў уведзены пасля таго, як раніцай 25 лістапада пагранічны расейскі карабель ажыццявіў таран украінскага рэйдавага буксіра. У выніку сутыкнення з расейскімі пагранічнымі сіламі ў Керчанскім праліве раненні атрымалі шэсць украінскіх маракоў.

Беларускае Радыё Рацыя,

Гародня

Чытай больш на: https://www.racyja.com/palityka/zhurnalist-ivashyn-paslya-ukrainy-mozha-b/

27.11.2018
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты