Навіны

Чэргаў – няма. Новы пункт па абслугоўванні іншаземцаў у Беластоку

“Абслугоўванне кліентаў-іншаземцаў цяпер праходзіць у нармальным рэжыме”, – запэўніваюць ва Управе Падляшскага ваяводства ў Беластоку.

Як мы раней паведамлялі, амаль штодня ў аддзел па справах грамадзянства ды іншаземцаў утвараліся вялізныя чэргі, пераважна з украінцаў і беларусаў. Часта даходзіла да выкліку паліцыі ў сувязі са спрэчкамі паміж людзьмі, таксама выяўляліся факты продажу месцаў у чарзе.

Вырашыць праблему вырашылі з дапамогай сучаснага пункта па абслугоўванні іншаземцаў. Кажа дырэктар аддзела па справах грамадзянства ды іншаземцаў Анджэй Гаўкоўскі:

– Зніклі чэргі перад ваяводскай управай. Зніклі спробы выстройвання гэтых чэргаў асобамі, якія выяўлялі лепшую “фізічную форму”. Такія факты мы фіксавалі. Выклікі паліцыі для нас былі нармальнай практыкай. На сённяшні дзень такіх праблем няма. Усе асобы, якія зарэгіструюцца праз інтэрнэт, могуць вырашыць без праблем свае пытанні. Адбываецца гэта даволі спраўна.

Як дадае дырэктар Гаўкоўскі, цяпер праз інтэрнэт можна зарэгістравацца на атрымацца дазволу на часовае і пастаяннае пражыванне ў Польшчы. Хоць і тыя, якія звернуцца ў аддзел у звычайным рэжыме, без папярэдняй рэгістрацыі, таксама будуць прынятыя але такі зварот можа заняць больш часу.

“Рэгістрацыя праз інтэрнэт спраўджваецца на практыцы” – кажуць наведвальнікі. Дзяўчына з Гародні, якая навучаецца ў адной з беластоцкіх вучэльняў:

– Навучаюся на філалогіі. Сюды звярнулася дзеля атрымання “побыту”. Пашчасціла, што з’явілася гэтая рэгістрацыя праз інтэрнэт, бо раней былі вялізныя чэргі. Мне было нават страшна. Але акурат на той момант, як мне трэба было падаваць дакументы, з’явілася інтэрнэт-рэгістрацыя, і мяне гэта выратавала.

Старэйшы мужчына з Расеі:

– Раней гэта шмат часу займала. Спісы тут складалі, на руцэ нумары запісвалі, проста як у Савецкім Саюзе.

РР: А цяпер колькі часу вам заняла рэгістрацыя праз інтэрнэт?

– Можа некалькі секундаў. Я папярэдне атрымаў смс-паведамленне пра змену парадку рэгістрацыі ды вельмі гэтаму ўзрадаваўся.

У новым пункце абслугоўвання – інфармацыйныя табло, білетамат і шэсць акенцаў для прыняцця наведвальнікаў.

Цяпер абслугоўванне кліентаў вядзецца на чатырох мовах: польскай, украінскай, англійскай і расейскай.

У перспектыве, запэўніваюць ваяводскія чыноўнікі, мае з’явіцца і беларуская, паколькі грамадзяне Беларусі складаюць каля 70% ад колькасці тых асобаў, якія звяртаюцца па атрыманне “сталага побыту” у Польшчы. Калі казаць пра “часовы побыт”, то тут пераважаюць грамадзяне Украіны.

Кошт праекту па стварэнні пункта па абслугоўванні іншаземцаў складае 1 млн 400 тыс. злотых, з якіх 1 млн паходзіць са сродкаў праграмы Krajowego Funduszu Azylu, Migracji i Integracji, а 400 тысяч – з дзяржаўнага бюджэту.

Праект ахоплівае тры пункты: стварэнне залы для абслугоўвання іншаземцаў, навучанне супрацоўнікаў ваяводскай управы, якія працуюць з іншаземцамі, ды стварэнне шматмоўнага інтэрнэт-партала для замежных грамадзян (гэты пункт плануецца рэалізаваць да канца года).

Украінцы і беларусы “штурмуюць” ваяводскую Управу ў Беластоку

Яна Запольская. Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара

Чытай больш на: https://www.racyja.com/sumezhzha/chergau-nyama-novy-punkt-pa-abslugouv/

28.11.2018
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты